зале́жнасць, -і, ж.

1. Адносіны адной з’явы да другой як выніку да прычыны.

З. рыначных цэн ад попыту.

У залежнасці ад абставін.

2. Падпарадкаванасць іншым, чужой уладзе, волі.

Прыгонная з.

Быць у залежнасці.

3. У граматыцы: фармальная падпарадкаванасць аднаго слова ці сказа другому.

З. даданага сказа ад галоўнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дый, злуч. (разм.).

1. спалучальны. Злучае члены сказа, што абазначаюць паслядоўныя з’явы, па знач. набліжаецца да злучнікаў «і», «ды».

Узяў сякеру дый падаўся ў лес.

2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць або абагульняюць папярэднія думкі.

Стаю адзін дый думаю.

А я вазьму дый раскажу аб усім.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,

вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.​Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.​Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.​Брыль).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

безасабо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць безасабовага дзеяслова, сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,

графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».

Літ.:

Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

азначэ́нне², -я, н.

У граматыцы: даданы член сказа, які абазначае прымету, уласцівасць, якасць або іншую адзнаку прадмета.

Дапасаванае а.

|| прым. азнача́льны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ко́ска³, -і, ДМ -сцы, мн. -і, -сак, ж.

Знак прыпынку (,), які раздзяляе словы, групы слоў і сказы.

Раздзяліць коскай аднародныя члены сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

злу́чнік, -а, мн. -і, -аў, м.

У граматыцы: службовае слова, якое ўжыв. для злучэння сказаў і слоў унутры сказа.

|| прым. злу́чнікавы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ДАПАЎНЕ́ННЕ,

даданы член сказа, які абазначае аб’ект і паясняе выказнік ці іншы член сказа. Падзяляюцца на прамыя [форма выражэння — вінавальны і родны (пры адмоўі і частковым ахопе прадмета дзеяння) склоны без прыназоўніка] і ўскосныя (інш. формы з прыназоўнікам і без яго). Напр.: «Паабедалі з бядою, спаражнілі місы. Абцёр бацька вус рукою, твар і лоб свой лысы» (Я.​Колас) і «Пасварыліся за мех, а ў мяху смех».

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)