ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў.
т. 9, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЭНСКІ ЗАЛІ́Ў,
у Аравійскім м., паміж п-вамі Аравійскім і Самалі. Баб-эль-Мандэбскім пралівам злучаецца з Чырвоным м. Даўж. каля 900 км, шыр. да 300 км, глыб. да 4525 м. Рэльеф дна рэзка расчлянёны. Характэрна інтэнсіўнае свячэнне вады на паверхні заліва. Прылівы паўсутачныя, выш. да 2,9 м. Гал. порт — г. Адэн.
т. 1, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,
слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял. вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.
т. 13, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жухаце́ць ’гарэць, свяціць’ (клец., любан., Жыв. сл.). Значэнне ’гарэць’ прадстаўлена ў шэрагу слоў на жу‑: жураць, жуляць, жураць (гл.). ‑х‑ тлумачыцца, відаць, экспрэсіўным пашырэннем кораня; ‑ац‑ адлюстроўвае суфікс ‑ot‑ са знач. ’аддзеяслоўная якасць’, ’гарэнне, свячэнне’; ‑ě‑ti > ець. Не выключана і прамое далучэнне суфікса ‑ацець (параўн. грукацець, тупацець, шапацець, бразгацець, ляскацець з гукавымі значэннямі). Гл. зіхацець.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ззя́нне, ‑я, н.
1. Роўнае, звычайна яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н.; бляск, свячэнне. Сонечнае ззянне. Ззянне месяца. □ Абліта ззяннем зорак росная паляна. Бядуля. Здавалася, ад залатога ззяння лістоў кладзецца святло на парканы, зямлю, будынкі. Даніленка. // Арэол, светлы круг вакол чаго‑н. Ад плавільнай печы плыў самавіты, увянчаны ззяннем, разлівачны коўш. Карпаў. // перан.; чаго. Веліч, слава, сіла. У ззянні перамогі нашай Ён [Каліны] уваходзіць з намі ў ранне камунізма. Зарыцкі.
2. перан. Радасна-ўзбуджаны, шчаслівы выраз (вачэй, твару). Веры н[я]цяжка заўважыць на Ігнатавым твары ўрачыстае ззянне. Мікуліч.
•••
Паўночнае (палярнае) ззянне — свячэнне верхніх слаёў атмасферы, якое назіраецца за палярным кругам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НАЧАСВЕ́ТКІ (Noctiluca),
род прасцейшых атр. панцырных жгуціканосцаў кл. жгуцікавых. Пашыраны пераважна ў цёплых (трапічных) марскіх водах, трапляюцца ў Чорным і далёкаўсходніх морах. Утвараюць вял. скопішчы ў паверхневых слаях вады. Адны з асн. арганізмаў, што выклікаюць свячэнне мора.
Цела шарападобнае, дыяметрам 2—3 мм, з рухомым скарачальным жгуцікам-шчупальцам. Цытаплазма мае тлушчавыя ўключэнні, якія пры мех. або хім. раздражненнях (у доследах таксама пры ўздзеянні эл. току) акісляюцца і свецяцца (гл. Біялюмінесцэнцыя). Кормяцца дробнымі водарасцямі, інш. прасцейшымі. Размнажаюцца дзяленнем і пачкаваннем.
т. 11, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
біялюмінесцэ́нцыя
(ад бія- + люмінесцэнцыя)
свячэнне многіх мікраарганізмаў, грыбоў і беспазваночных жывёл, звязанае з працэсамі іх жыццядзейнасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЕФАСФО́РЫ (ад крышталі + фосфар),
неарганічныя крышт. люмінафоры. Люмінесцыруюць пад уздзеяннем святла, патоку электронаў, пранікальнай радыяцыі, эл. току. Люмінесцэнцыя К. абумоўлена наяўнасцю актыватараў ці дэфектаў у крышталях.
Найб. пашыраныя К. — сульфіды, селеніды, тэлурыды цынку і кадмію, аксіды кальцыю і магнію, галагеніды шчолачных металаў, оксісульфіды індыю і лантану (In2O2S, La2O2S). Актыватарамі з’яўляюцца іоны металаў (медзь, кобальт, марганец і інш.). К. даюць яркае свячэнне (працягласць паслясвячэння ад 10−9 с да некалькіх гадзін). Выкарыстоўваюць у люмінесцэнтных лямпах, экранах тэлевізараў і асцылографаў, сцынтыляцыйных лічыльніках, паўправадніковых лазерах.
т. 8, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фасфарасцэ́нцыя
(ад гр. phosphoros = светланосны + лац. escentia = суфікс, які абазначае слабае дзеянне)
1) свячэнне некаторых рэчываў (напр. сярністых злучэнняў цынку, барыю, стронцыю) пасля спынення іх абпраменьвання; адна з разнавіднасцей люмінесцэнцыі;
2) свячэнне, якое выконваецца пэўнымі бактэрыямі (напр. ф. мора).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)