СВАБО́ДА МАНІФЕСТА́ЦЫЙ,

магчымасць праводзіць дэманстрацыі, мітынгі, сходы, вулічныя шэсці і пікетаванне; адна з асноўных канстытуцыйных паліт. свабод грамадзян. С.м., якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян, гарантуецца дзяржавай. У дэмакр. краінах аб маніфестацыях, апрача простых пікетаў, звычайна загадзя паведамляюць. Улады могуць забараніць маніфестацыі ў месцах, якія маюць важнае значэнне для нармальнага функцыянавання гар. транспарту. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб С.м. — Канстытуцыя (арт. 35) і Закон «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні» ад 30.12.1997. Забараняецца правядзенне маніфестацый, калі іх мэтай з’яўляецца гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу ці прапаганда вайны, сац., нац., рэліг. або расавай варожасці. Мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы могуць дадаткова рэгламентаваць парадак правядзення маніфестацый з улікам мясц. умоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ВО́ЛІ,

філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.​Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.​Вала, К.​Салютаці, Дж.​Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.​Будны, Л.​Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.​Будны, А.​Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.​К.​Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.​Гобс, Б.​Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.​Фіхтэ). І.​Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.​Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.​Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.​К’еркегор, Г.​Маркузе, К.​Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.​Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.

Літ.:

Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;

Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;

Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;

Валла Л. Об истинном и ложном благе;

О свободе воли: Пер. с лат. М., 1989;

Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;

Виндельбанд В. О свободе воли: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Левин Г.Д. Свобода воли: Современ. взгляд // Вопр. философии. 2000. № 6.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,

неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл. Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Справядлівасць і свабода»

т. 15, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА І НЕАБХО́ДНАСЦЬ,

філасофскія катэгорыі, якія вызначаюць узаемадзеянне паміж дзейнасцю людзей і аб’ектыўнымі законамі прыроды і грамадства. Характарызуюць здольнасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі ведамі, інтарэсамі і мэтамі з улікам унутр. і ўстойлівых узаемасувязей і адносін аб’ектыўнай рэальнасці. Прадстаўнікі ідэалістычнай філасофіі разглядаюць С. і н. як узаемавыключальныя паняцці, разумеюць свабоду як свабоду волі, самавызначэнне духу, недэтэрмінаваныя знешнімі ўмовамі, аснову чалавечай адказнасці. Прадстаўнікі механіст. дэтэрмінізму адмаўляюць свабоду волі і сцвярджаюць, што дзеянні чалавека вызначаюцца знешнімі, незалежнымі ад яго абставінамі. Б.​Спіноза разумеў свабоду як усвядомленую неабходнасць. Г.​Гегель распрацаваў канцэпцыю дыялект. адзінства С. і н. Дыялектычна-матэрыяліст. асэнсаванне праблемы С. і н. зыходзіць з прызнання першаснасці аб’ектыўнай неабходнасці і другаснасці свабоды і свядомасці чалавека як вытворных ад неабходнасці. У паўсядзённай практыцы людзі сутыкаюцца з выяўленнем неабходнасці ў форме ўмоў жыцця, сац.-эканам. адносін, наяўных матэрыяльна-тэхн. сродкаў. Непазнаныя законы развіцця прыроды і грамадства з’яўляюцца неўсвядомленай неабходнасцю. У працэсе развіцця соцыуму межы неўсвядомленай неабходнасці звужаюцца, а свабода асобы як усвядомленая неабходнасць узрастае ў межах дзеяння аб’ектыўных законаў развіцця прыроды і грамадства.

І.​В.​Катляроў.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разгарне́нне, -я, н.

1. гл. разгарнуцца.

2. Свабода дзеянняў, размах.

Ніякага разгарнення чалавеку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

карт-бла́нш, нескл., м. (кніжн.).

Неабмежаваныя паўнамоцтвы, дадзеныя якой-н. асобе, поўная свабода ў дзеяннях.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

веравызна́нне, -я, н.

Разнавіднасць якога-н. веравучэння ў спалучэнні з уласцівай яму абраднасцю.

Свабода веравызнання.

|| прым. веравызна́льны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прасто́р, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Свабоднае, вялікае месца, абшар.

Стэпавы п.

2. Свабода, раздолле.

Дзецям тут п.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыво́лле, -я, н.

1. Шырокае адкрытае месца, прастора.

Лугавое п.

2. Поўная свабода, вольнае жыццё.

Тут п. для дзіцячых гульняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)