ДО́РТМУНД (Dortmund),
горад на З Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Рэзідэнцыя Карла Вялікага, гар. прав. з 13 ст. 602 тыс. ж. (1994). Буйны трансп. вузел — усходнія «вароты» Рура. Порт на р. Эмшэр (прыток р. Рэйн); звязаны з Паўночным м. каналам Д.-Эмс. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна. Гал. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне (пераважна металургічнае, пад’ёмна-трансп. абсталяванне, станка- і лакаматывабудаванне, эл.-тэхн.), тэкст., хім. (вытв-сць угнаенняў і пластмас), харчасмакавая (найбуйнейшы ў Еўропе цэнтр вытв-сці піва). Ун-т. Музеі, у т. л. сярэдневяковага мастацтва ў замку Капенберг. Арх. помнікі 12—15 ст.
т. 6, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),
рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́СЕЛЬДОРФ (Düsseldorf),
горад на З Германіі, на ніжнім Рэйне. Адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. 574,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна, адзін з буйнейшых фінансава-эканам. цэнтраў краіны. Прам-сць: чорная металургія (вытв-сць сталі, пракату, труб, стальных канструкцый), машынабудаванне (рознае прамысл. абсталяванне, с.-г. машыны, станкі, вагона-, аўтабудаванне, эл.-тэхн.), хім., алюмініевая, нафтаперапр., электронная. швейная, шкляная, папяровая, паліграф., харчовая. Цэнтр ням. моды. Міжнар. кірмашы. Ун-т. Маст. музей (жывапіс, графіка, скульптура), музей Кунстгале (мастацтва 20 ст.) і інш. Радзіма Г.Гейне (музей). Замак, цэрквы, ратуша і інш. арх. помнікі 13—18 ст.
Упершыню згадваецца каля сярэдзіны 12 ст. як паселішча. З 1190 уладанне графаў Берга (з канца 15 ст. іх пастаянная рэзідэнцыя). З 1288 горад. З 1609, канчаткова з 1614, уладанне князёў Пфальца, іх рэзідэнцыя ў 1614—1716. У час напалеонаўскіх войнаў пад баварскім (1801—06), потым франц. кіраваннем. З 1815 у складзе Прусіі. З сярэдзіны 19 ст. горад значна вырас у сувязі з прамысл. развіццём Рэйнскай вобл. У 2-ю сусв. вайну стары горад моцна разбураны, пасля вайны часткова адноўлены. З 1949 адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія.
т. 6, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́МШАЙД (Remscheid),
горад у Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, каля р. Вупер. Каля 130 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Прам-сць: маш.-буд. (значнае станкабудаванне), металург. (вытв-сць спецсталяў), тэкстыльная. Масты цераз р. Вупер звязваюць Р. з г. Золінген.
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЯРЭ́ЙНСКІ БУРАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
Размешчаны на З Германіі, не левым беразе р. Рэйн; адзін з найбуйнейшых у Зах. Еўропе. Пл. каля 2500 км². Распрацоўваецца з пач. 18 ст. Вугляносныя адклады палеацэну, міяцэну, пліяцэну. Агульныя запасы 55 млрд. т. Здабыча вядзецца адкрытым спосабам. Цэнтр — г. Кёльн.
т. 11, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁНХЕНГЛА́ДБАХ (Mönchengladbach),
горад на З Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Гар. правы з 1356. 265,3 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. прам-сці. Развіты машынабудаванне (тэкст., цяжкае. эл.-тэхн., станкабудаванне), вытв-сць металаканструкцый, швейная, дрэваапр. прам-сць. Оперны тэатр. Музеі, у т. л. арніталагічны. Штаб-кватэра ВПС НАТО.
т. 10, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫ,
племя ўсходніх германцаў. У першыя ст. н.э. прыйшлі з Балт. мора на Рэйн. У 406 засн. каралеўства з цэнтрам у Вормсе (у 436 знішчана гунамі). У 457 занялі басейн р. Рона, дзе заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Ліёне. У 6 ст. прынялі каталіцтва. У 534 падпарадкаваны франкамі. Пазней увайшлі ў склад паўд.-франц. народнасці.
т. 3, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЬГАЙМ (Mülheim),
горад на З Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, на р. Рур. Гар. правы з 1846. 177 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Адзін з цэнтраў цяжкай прам-сці. Прам-сць: чорная металургія (з-ды канцэрнаў «Цісен», «Рэйншталь»), прыладабудаванне, эл.-тэхн., атамнае энергамашынабудаванне, дакладнай механікі і оптыкі, цэм., хім., лёгкая, харчовая.
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭР (Münster),
горад у паўн.-зах. ч. Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. 264 тыс. ж. (1992). Прыстань на канале Дортмунд—Эмс. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: с.-г. і горнае машынабудаванне, цэм., фарфоравая, тэкст., харчасмакавая. Ун-т (з 1780). Музей мастацтва і гісторыі культуры зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Арх. помнікі 12—18 ст.
Горад сфарміраваўся вакол епіскапскай рэзідэнцыі (з 794). У 12 ст. атрымаў гар. права, з 14 ст. член Ганзы. У 1534—35 горадам кіравалі пратэстанты-анабаптысты (гл. Мюнстэрская камуна). У Трыццацігадовую вайну 1618—48 М. — месца пасяджэнняў (з 1643) мірнага кангрэса, у яго гар. ратушы падпісаны Вестфальскі мір 1648. У 1661 гар. самакіраванне скасаваў епіскап. У 1803 епіскапства секулярызавана (у 1821 адноўлена), яго землі і М. адышлі да Прусіі, у 1807 да Вял. герцагства Берг, у 1810 да Францыі. У 1816—1945 М. — цэнтр прускай прав. Вестфалія. У гады 2-й сусв. вайны разбураны на 90%, пасля вайны стары горад адноўлены.
У.Я.Калаткоў (гісторыя).
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУР (Ruhr),
Рурская вобласць, галоўная вугальна-металург. база Германіі, на тэр. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, па абодвух берагах р. Рэйн (асн. ч. на правабярэжжы, у бас. рэк Рур, Эмшэр, Ліпе). Тэрытарыяльна супадае з Рурскім вугальным басейнам. Пл. 3,3 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (2000); сярэдняя шчыльн. каля 1800 чал. на 1 км² (макс. больш за 5000 чал.). Гарады Р. (Эсэн, Дортмунд, Дуйсбург, Вуперталь, Дзюсельдорф, Мюльгайм, Гельзенкірхен, Бохум і інш.) з’яўляюцца вял. прамысл. цэнтрамі і зліліся ў адзіную канурбацыю. У Р. сканцэнтраваны гал. чынам галіны цяжкай прам-сці, асабліва кам.-вуг. (здабываецца каля 85% кам. вугалю ў краіне, у т. л. ўвесь каксавальны), чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім. і коксахім. прам-сць. У сувязі з хранічным крызісам гэтых галін многія шахты і прадпрыемствы закрываюцца. Традыц. галіны прам-сці часткова замяняюцца новымі для Р. галінамі — аўтабудаваннем, эл.-тэхн., нафтаперапр., швейнай. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Густая сетка чыгунак, аўтадарог, унутр. водных шляхоў; нафтаправоды з Ротэрдама і Вільгельмсгафена.
т. 13, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)