БІЛЬБА́САЎ (Васіль Аляксеевіч) (19.6.1837, Палтава, Украіна — 6.8.1904),

рускі гісторык і публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). У 1869—71 праф. Кіеўскага ун-та, у 1871—83 рэд. газ. «Голос» у Пецярбургу. Памяркоўны ліберал, прыхільнік бурж. рэформаў. Займаўся гісторыяй сярэдневяковай Германіі і Францыі і рус. гісторыяй 18 ст. Вызначыўся ў жанры гіст. біяграфіі. Няскончанае даследаванне «Гісторыя Кацярыны II» (т. 1—2, 1890—96) і інш. працы насычаны багатым фактычным матэрыялам.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Іпаліт Фёдаравіч) (3.1.1744, мяст. Перавалочная Палтаўскай вобл., Украіна — 18.1.1803),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1761). Рэд. газ. «Санкт-Петербургские ведомости» (1775—82) і інш. Аўтар зб. вершаў «Ліра» (1773), паэмы «Асаблівае шчасце» (1765), зб. «Рускія прыказкі» (1785), лірычнай камедыі «Радасць Душачкі» (1786), драмы «Славяне» (1788) і інш. Лепшы твор — паэма «Душачка» (1773, поўнае выд. 1783) — вольны пераклад рамана Ж.​Лафантэна «Каханне Псіхеі і Купідона». Перакладаў Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Дзідро і інш.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.4.1948, в. Клешаў Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у выд-ве «Мастацкая літаратура», час. «Маладосць», у апараце ЦК КПБ, гал. рэд. газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». З 1997 гал. рэд. час. «Нёман». Друкуецца з 1965. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1982), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «На дазорнай сцяжыне» (1990), «Помста матылькоў» (1991), «Праклятая любоў» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1992). Раскрывае праблемы сучаснасці ва ўсёй іх вастрыні і складанасці. Творы Ж. адметныя апісаннем багатага спектра чалавечых характараў і ўзаемаадносін, роздумам над пытаннямі жыцця і лёсу, неспакоем за стан навакольнага асяроддзя, лірычна-спавядальнай манерай перадачы некаторых аўтабіяграф. фактаў, выкарыстаннем міфічна-казачнай сімволікі. На бел. мову пераклаў аповесці і апавяданні М.​Кацюбінскага, А.​Упіта, Г.​Траяпольскага, В.​Астаф’ева і інш., раманы Ж.​Жубера, Н.​Сафарава, Т.​Джумагельдыева, раман М.​Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1994).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

А.​А.​Пашкевіч.

А.Жук.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НІПЕГ, Уініпег (Winnipeg),

горад на Пд Канады, на р. Асінібайн пры яе ўпадзенні ў р. Рэд-Рывер. Адм. ц. правінцыі Манітоба. Першае паселішча еўрапейцаў на месцы Вініпега засн. ў 1738; назву атрымаў у 1873. 652,4 тыс. ж. (1993). Важны вузел трансканадскіх чыгунак і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандлёва-размеркавальны цэнтр стэпавых тэрыторый Канады. Рынак збожжа (пераважна пшаніцы) сусв. значэння. Харч. (мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная), швейная, мэблевая, паліграф., хім., электратэхн., нафтаперапр., металаапр., маш.-буд. прам-сць. 2 ун-ты.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫЛО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фаміч; н. 10.7.1937, в. Астражанка Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, на Бел. радыё, у рэд. газ. «Звязда», у выд-вах «Беларусь» (1964—71, 1981—83), «Мастацкая літаратура» (1973—81). Друкуецца з 1960. Асн. тэматыка творчасці — сучаснае жыццё вёскі, маральна-этычныя праблемы, падзеі мінулай вайны, чарнобыльская катастрофа. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Скрозь жывуць людзі» (1968), «Засада» (1979), «Дні ціхай восені» (1981), «Чужы сваяк» (1987). Піша для дзяцей.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТАТЭ́ЛІ (сапр. Кутатэладзе) Аляксандр Мікалаевіч

(6.9.1897, г. Кутаісі, Грузія — 15.5.1982),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1920—25). Друкаваўся з 1924. Аўтар п’есы «Гадзюка Хірсэ» (1924), зб-каў «Вершы» (1937 і 1941), кн. навел «Байцы» (1942). Найб. буйны твор — раман-тэтралогія «Тварам у твар» (кн. 1—4, 1933—52, новая рэд. на рус. мове 1957—58) пра станаўленне сав. улады ў Грузіі. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Броўка.

Тв.:

Бел. пер. — Тварам у твар: Раман. Мн., 1936.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАВЫ́РАЎ (Пётр Пятровіч) (16.10.1910, г. Чэлябінск, Расія — 25.10.1977),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова), з 1948 выкладаў у ёй (з 1969 дацэнт). Яго творчая індывідуальнасць найб. выявілася ў інстр. музыцы, якой ўласцівы перавага лірыка-драм. вобразнасці, інтанацыйная характарнасць, маляўнічасць муз. мовы. Лепшыя творы вылучаюцца светлым, аптыміст. гучаннем, глыбокім драматызмам, меладызмам, пабудаваным пераважна на інтанацыях бел. нар. песні. У музыцы для дзяцей (кантата, песня, фп. п’есы) паказаў тонкае разуменне асаблівасцей дзіцячага светаўспрымання. Сярод твораў: опера «Павел Карчагін» (1941, 2-я рэд. 1958, паст. Опернай студыяй Бел. кансерваторыі ў 1967), кантаты «Ваявода» (1937, на вершы А.​Пушкіна), «Балада аб чатырох заложніках» (1954, на вершы А.​Куляшова); 5 сімфоній (1940—77), канцэрты для фп. (1965), скрыпкі (1941, 1955, 1975), віяланчэлі (1966) з арк.; сімфаньета для фп. з арк. «Родныя напевы» (1969, 2-я рэд. 1972), «Беларуская рапсодыя» (1948) для арк. бел. нар. інструментаў, 5 стр. квартэтаў (1941—75), квінтэты фп. (1946) і для духавых інстр. (1960), фп. цыклы «24 прэлюдыі», «Ў піянерскім лагеры»; фантазіі, уверцюры, маршы, песні, вак. цыклы для голасу з фп., музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.​Залётнеў, В.​Іваноў, В.​Карэтнікаў, В.​Помазаў і інш.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Пётр Падкавыраў. Мн., 1971.

Дз.​М.​Жураўлёў.

П.П.Падкавыраў.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Іван Аляксеевіч) (9.12.1863, Масква — 7.1.1930),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1882. Аўтар вершаў і апавяданняў для дзяцей. У творах апяваў родную прыроду, працу простых людзей. Першая кн. перакладаў «З «Кабзара» Т.​Шаўчэнкі» (1887). На рус. мову пераклаў вершы Р.​Бёрнса, А.​Негры, М.​Канапніцкай, А.​Ісаакяна. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы ў сав. час, складальнік і рэд. 1-га зб. вершаў паэта на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919).

Літ.:

Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981 С. 35—56.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬГАЎЗ ((Dahlhaus) Карл) (10.6.1928, г. Гановер, Германія — 1989),

нямецкі музыказнавец. Праф. (1967). Прэзідэнт Т-ва муз. даследаванняў у Каселі (з 1977). Кіраваў выданнем поўнага збору твораў Р.​Вагнера, супрацоўнік і кансультант 3-га (1967) і рэдактар 2 дадатковых (1972—73) тамоў муз. слоўніка Г.​Рымана, аўтар-складальнік (з Г.​Г.​Эгебрэхтам) 2-томнага муз. слоўніка Бракгаўза-Рымана (1978—79), рэд. серыі «Новы даведнік музычнай навукі» (1980), аўтар кн. «Збор нарысаў па новай музыцы» (1978), «Музычны рэалізм» (1982), «Музычная тэорыя ў 18 і 19 ст» (1984), «Што такое музыка?» (1985, з Эгебрэхтам).

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)