збро́я, -і, ж.

Усякі сродак, прыстасаванне, тэхнічна прыгоднае для нападу ці абароны, а таксама сукупнасць такіх сродкаў. Агнястрэльная з. Халодная з. (шабля, кінжал, нож і пад.). Стралковая з. (ружжо, рэвальвер і пад.). Артылерыйская з. (гармата, гаўбіца і пад.). Ядзерная з. Абараняцца са зброяй у руках. Ідэйная з. (перан.). Скласці зброю (перан.: здацца; высок.). Узняць зброю (пачаць вайну або паўстаць са зброяй у руках; высок.). Бразгаць зброяй (пагражаць вайной; кніжн.).

|| прым. збро́евы, -ая, -ае і збро́йны, -ая, -ае. Зброевая (збройная) майстэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс, часткова)

асячы́ся і (радзей) асе́кчыся, асякуся, асячэшся, асячэцца; асячомся, асечацеся, асякуцца; пр. асекся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не зрабіць выстралу (пра ружжо, рэвальвер і інш.).

2. Нечакана спыніць гаворку, запнуцца на слове. Надзя неяк адразу асеклася, пачырванела. Кулакоўскі. // Пацярпець няўдачу ў чым‑н. [Аксіння:] — Асеклася раз, дык цяпер разумнейшай буду. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыфрава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыфраваць.

2. у знач. прым. Напісаны ці перададзены шыфрам (у 1 знач.). На дне .. [Валінага] кошыка, у патайных сховах, ляжала шыфраваная запіска або нават рэвальвер ці тол. Якімовіч. Адначасова Рая прыняла шыфраваную радыёграму з Вялікай зямлі аб пачатку наступлення знятых з фронту буйных армейскіх часцей на партызанскі край. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зброя, , ж.

Усякі сродак, прыстасаванне, тэхнічна прыгоднае для нападу ці абароны, а таксама сукупнасць такіх сродкаў.

  • Агнястрэльная з.
  • Халодная з. (шабля, кінжал, нож і пад.).
  • Стралковая з. (ружжо, рэвальвер і пад.).
  • Артылерыйская з. (гармата, гаўбіца і пад.).
  • Ядзерная з.
  • Абараняцца са зброяй у руках.
  • Вучэнне класікаў аб грамадстве — вялікая ідэйная зброя (перан.).

  • Скласці зброю (перан. здацца; высок.).
  • Узняць зброю (пачаць вайну або паўстаць са зброяй у руках; высок.).
  • Бразгаць зброяй (пагражаць вайной; кніжн.).

|| прым. зброевы, і збройны, .

  • Зброевая (збройная) майстэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. З грукатам упасці, паваліцца. І раптам — гром скалануў паветра: збіты «месер» грымнуўся побач. Якімовіч. Патапчык спыніўся, выхапіў з кішэні рэвальвер і, не цэлячыся, стрэліў. Конь з ходу грымнуўся на зямлю. Чарнышэвіч.

2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. Алік за штосьці зачапіўся і грымнуўся спіною аб зямлю. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плюхацца з аднаго боку ў другі, вагацца (пра вадкасць у пасудзіне). Чутно было, як боўталася з бляшаным адзвонам вадкасць у бітонах. Дуброўскі. // Матляцца, целяпацца. Да зброі Антось меў нястрыманую цягу, ён ухітраўся разабраць і пачысціць вялізны рэвальвер, які звычайна боўтаўся ў драўлянай кабуры пры баку ў дзядзькі Міхала. Хадкевіч. На рамяні [у камандзіра] кольт боўтаецца. Лынькоў.

2. Рухацца ў вадзе ў розных напрамках; плюхацца. Мы ўсю ноч напралёт боўталіся ў рэчцы. Гурскі.

3. Шукаць што‑н. у якой‑н. вадкасці, страве лыжкай ці чым‑н. іншым. Джвучка боўтаецца лыжкай у халадніку — ловіць агуркі, сёрбае праз зубы жыжку. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. чым. Заняць якую‑н. плошчу пад пасадку раслін. Засадзіць клумбы кветкамі. Засадзіць участак бульбай.

2. Заснаваць што‑н., зрабіўшы пасадку. Засадзіць малады сад. □ Грышаў бацька не толькі вартаваў стары бор, а засадзіў новы лес. Кірэенка.

3. Разм. Пасадзіць куды‑н. прымусова; зняволіць. Думаў Макар — каюк: засадзіць праклятая баба ў турму. Асіпенка.

4. за што і з інф. Разм. Прымусіць займацца чым‑н. Засадзіць за работу. □ На канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, Голад засадзіў Кастуся пісаць справаздачу. Прокша.

5. Разм. Засунуць куды‑н. [Вэня] засадзіў руку за бравэрку і абмацаў там рэвальвер. Чорны.

6. Разм. Усадзіць, увагнаць глыбока што‑н. вострае. Засадзіць тапор у калодку. □ — Учора .. знянацку я такі, мусіць, засадзіў стрэмку, і нага мая цяпер аж торгае. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць I сов.

1. в разн. знач. наста́вить;

н. мэ́блі — наста́вить ме́бели;

н. рэвальве́р — наста́вить револьве́р;

н. сіняко́ўразг. наста́вить синяко́в;

2. (выдвинуть вперёд) вы́ставить;

н. ру́кі — вы́ставить ру́ки;

3. (взгляд и т.п.) уста́вить; устреми́ть;

н. во́чы — уста́вить (устреми́ть) глаза́;

4. охот. (капкан, западню) насторожи́ть;

5. (уши) насторожи́ть, навостри́ть;

6. (воротник) подня́ть;

7. разг. (самовар) поста́вить;

н. ро́гі — наста́вить рога́;

н. (наве́сці) на ро́зум — наста́вить на ум;

н. акуля́ры — втере́ть очки́

наста́віць II сов. (дать наставление) наста́вить

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (актуальны правапіс)

ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.

2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.

3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.

•••

Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абярну́цца, абярнуся, абернешся, абернецца; зак.

1. Паваліцца на бок, перавярнуцца, перакуліцца. Санкі толькі скрыпелі ды пагрозліва перавальваліся з боку на бок на выбоінах, але абярнуцца, мусіць, не паспявалі. Дамашэвіч. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Лужанін. // Разліцца, выліцца, высыпацца з перавернутай пасудзіны. Малако абярнулася.

2. Павярнуць галаву, тулава назад, убок; аглянуцца. Антось абярнуўся: перад ім стаялі начальнік міліцыі, дэпутат сельсавета і старшыня калгаса. Скрыпка. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.

3. Звярнуцца з чым‑н. да каго‑н. — Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Гартны.

4. Разм. Прайсці шлях у якім‑н. напрамку і вярнуцца назад за які-небудзь адрэзак часу; звярнуцца. Мо паспрабаваць заўтра два разы абярнуцца, ночы ж доўгія... Б. Стральцоў.

5. перан. Змяніцца, ператварыцца ў новую якасць. Ён пазбыў свой цяжкі клопат і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям. Колас. // Нечакана набыць іншы напрамак, іншы сэнс. Больш таго, гэты падвох абярнуўся супроць саміх паліцаяў. Васілевіч. І чым бліжэй да прахадной, тым больш запаволены і карацейшы становіцца крок.. Апошняя сустрэча... А зрэшты, хіба хто ведае наперад, як усё абернецца... Мыслівец. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Абярнуцца ў камень. □ У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. В. Вольскі.

6. Спец. Зрабіць абарот (у 3 знач.) (пра капітал, грошы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)