ртуць ж. хім. Quécksilber n -s;

грыму́чая ртуць Knállquecksilber n, Quécksilberknallsäure f -;

падо́бны да рту́ці quécksilberartig

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ФРА́НКА—ГЕ́РЦА ДО́СЛЕД,

дослед па рассейванні электронаў на ртутнай пары, які даказаў існаванне дыскрэтных узроўняў энергіі ў атамах. Праведзены Дж.Франкам і Г.Л.Герцам (1913—16). Вынікі Ф.—Г.д. эксперыментальна пацвердзілі асн. палажэнні Бора тэорыі аб квантаванні энергіі атама.

Балон лямпы электроннай запоўнены ртутнай парай пад невял. ціскам (-100 Па). Паміж катодам і сеткай прыкладзена паскаральная рознасць патэнцыялаў U. Пакуль кінетычная энергія электронаў W = eU, не перавышае рознасці энергій паміж 1-м узбуджаным і асн. станамі атама ртуці, рассейванне электронаў пругкае і анодны ток прапарцыянальны U. Пры дасягненні U крытычнага значэння электроны страчваюць энергію на ўзбуджэнне атамаў ртуці (няпругкае рассейванне) і затрымліваюцца адмоўнай рознасцю патэнцыялаў паміж тармазной сеткай і анодам, пры гэтым анодны ток змяншаецца. Пры далейшым павелічэнні U анодны ток напачатку павялічваецца, а пасля змяншаецца з-за страт энергіі пры дасягненні 2-га ўзбуджанага ўзроўню энергіі і г.д.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІМЕ́ТР РТУ́ТНАГА СЛУПА́,

устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа ртуці вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм рт. сл. 1 мм рт. сл. = 133,322 Па = 13,5951 мм вадз. сл. Выкарыстоўвалася для вымярэння атм. ціску.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДНАЯ ЛЯ́МПА,

газаразрадная крыніца згубнага для бактэрый ультрафіялетавага выпрамянення. Асн. элемент — трубка са спец. шкла, напоўненая пад ціскам інертным газам з невял. колькасцю ртуці. Магутнасць бактэрыцыднай лямпы да 90 Вт. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стэрылізацыі вады, харч. прадуктаў, паветра ў бальнічных установах і інш. памяшканнях і гэтак далей.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУЦЬАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь ртуць—вуглярод (Hg—C).

Большасць Р.з. — злучэнні тыпу RR′Hg (R, R′ — аднолькавыя або розныя арган. радыкалы) і RHgX (X — галаген, кіслотны астатак, OH, OR′, SH і інш.); вядомы Р.з. аднавалентнай ртуці.

Р.з. тыпу R2Hg (R — ніжэйшы алкіл) — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам [напр., (CH3)2Hg дыметылртуць, tкіп 92 °C], астатнія — нізкаплаўкія цвёрдыя рэчывы [напр., (C6H5)2Hg дыфенілртуць, tпл 125 °C]. Нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Злучэнні тыпу RHgX звычайна крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе. Р.з. хімічна даволі ўстойлівыя: не ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, карбанільнымі злучэннямі; у паветры не акісляюцца. Лёгка раскладаюцца мінер. к-тамі, уступаюць у рэакцыі абмену вуглевадароднымі радыкаламі з інш. металаарганічнымі злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання высакачыстых металаарган. злучэнняў, некаторыя (напр., этылртуцьхларыд C2H5HgCl — граназан) як фунгіцыды. Усе Р.з. вельмі таксічныя (асабліва лятучыя); адсарбіруюцца скурай, раздражняюць вочы, верхнія дыхальныя шляхі. ГДК 0,01 мг/м³ (па ртуці), для граназану 0,005 мг/м³, у вадзе — 0,0001 мг/л.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,

ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮТА́НТЫ,

рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМАРГІРЫ́Т,

мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв. эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЧЭ́ННЕ,

пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.

Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш. Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

суле́ма сулема́

(ад лац. sublimatum = здабытае перагонкай)

ядавіты белы парашок хлорнай ртуці; выкарыстоўваецца як сродак для дэзінфекцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)