участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
1) у старажытнасці сталае рассяленне плямён (народаў) на новых тэрыторыях, часта ўжо занятых інш. плямёнамі; заснаванне паселішчаў у чужых землях (актыўна праводзілася асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі). Была выклікана недахопам с.-г. зямель, гандл. экспансіяй і інш. 2) Засяленне і гасп. асваенне ўскраінных зямель краіны, якія пустуюць (унутраная К.), або заснаванне паселішчаў паза яе межамі (знешняя К.). Мела добраахвотны, прымусовы (высылкі і інш.) ці добраахвотна-прымусовы (служба) характар. З часоў Вял.геагр. адкрыццяў 15—17 ст. К. інш. раёнаў еўрапейцамі суправаджалася прымусовым падпарадкаваннем мясц. насельніцтва ў Новым Свеце (гл.Каланіялізм). Вял. памеры К. былі ў Расіі (з канца 16 ст. асваенне Сібіры і Д. Усходу, у 16—17 ст. засяленне паўд. раёнаў Еўрап. Расіі, у 18 ст.Паўн. Прычарнамор’я, у 18—1-й пал. 19 ст.гасп. асваенне Заволжа). У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ўрад арганізавана перасяляў сялян з зах. і цэнтр. раёнаў імперыі ў Сібір, Сярэднюю Азію, Казахстан, на Д. Усход і інш. Толькі з Беларусі з 1885 да 1914 выехала ў Сібір больш за 500 тыс.чал. У БССР у 1920-я г. добраахвотнае перасяленне малазямельных сялян у Сібір набыло вялікія памеры (толькі ў 1924 заявы аб перасяленні ў Сібір падалі 8860 сем’яў). У час калектывізацыі сельскай гаспадаркі з Беларусі ў Казахстан і Сібір прымусова выслана 300—400 тыс.чал., т.зв. «кулакоў». У СССР апошнія хвалі масавай унутранай К. былі звязаны з асваеннем цалінных зямель (з 1954) і буд-вам Байкала-Амурскай магістралі (з 1974), куды таксама выехала нямала беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ РАСЛІ́Н, фітагеаграфія,
раздзел батанічнай і фіз. геаграфіі (біягеаграфіі), які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым асобных відаў раслін і іх сістэматычных груп па паверхні Зямлі і заканамернасці іх пашырэння. Цесна звязана з геабатанікай, палеабатанікай, геалогіяй і інш. Даследуе сучасныя арэалы відаў, родаў, сямействаў раслін (фітахаралогія) і іх гістарычна складзеныя комплексы — геагр. элементы флоры (фларыстычная геаграфія раслін), высвятляе залежнасць пашырэння раслін ад умоў навакольнага асяроддзя (экалагічная геаграфія раслін), гісторыю развіцця флоры зямнога шара і асобных фларыстычных комплексаў, рассяленне і ўзнікненне відаў і інш. таксонаў раслін (флорагенетыка). Практычнае значэнне геаграфіі раслін звязана з пошукам магчымасцей расшырэння асартыменту неабходных для чалавека раслін, з рашэннем пытанняў іх інтрадукцыі і акліматызацыі.
Развіццё геаграфіі раслін як навукі пачалося з даследаванняў ням. вучонага А.Гумбальта і швейц. батаніка К.Дэкандоля. Вял. значэнне для развіцця гіст. эвалюцыйнага прынцыпу ў геаграфіі раслін мелі вучэнне Ч.Дарвіна, работы рус. Вучоных М.Бякетава, А.М.Краснова, М.І.Кузняцова, У.Л.Камарова і інш., а таксама вучэнне В.В.Дакучаева пра зоны прыроды.
На тэр. Беларусі даследаванні па геаграфіі раслін вядуцца з канца 18 — пач. 19 ст. (В.Бесэр, Э.Ліндэман, Р.Пабо, К.Чалоўскі, Р.Траўтфетэр і інш.). Шырокую вядомасць мелі фларыстычныя і фітагеагр. працы І.К.Пачоскага і В.С.Палянскай. Н.-д. работа вядзецца ў НДІАН Беларусі (Ін-тэксперым. батанікі, Ін-тгеал. навук), Цэнтр.бат. садзе, БДУ і інш. Вывучаюцца гіст. і фітагеагр. Сувязі флоры Беларусі з флорамі інш. рэгіёнаў, праводзіцца аналіз уздзеяння чалавека і тэхнагенных фактараў на працэсы флорагенезу, распрацоўваюцца тэарэт. пытанні фітахаралогіі (Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, І.Д.Юркевіч, В.С.Гельтман, Г.У.Вынаеў і інш.).
Літ.:
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;
Парфенов В.И., Ким Г.А., Рыковский Г.Ф. Антропогенныя изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),
метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз.крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз.анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз.протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш.атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,
сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг.склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс.г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн.чал., да канца неаліту (2 тыс.г. да н.э.) — 50 млн.чал., на пач. нашай эры — 230 млн.чал., у 1650—550 млн.чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн.чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.
Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн.чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс.народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.
Літ.:
Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;
Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;
Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.
помнік усх.-слав. летапісання, першы агульнарус. летапісны звод. Складзены на пач. 12 ст., відаць, манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам на аснове больш ранніх крыніц. Збераглася ў розных летапісных зводах (Лаўрэнцьеўскі летапіс, Іпацьеўскі летапіс, Радзівілаўскі летапіс і інш.), у скарочанай рэдакцыі — у шматлікіх гіст. зборніках і хранаграфічных кампіляцыях. Асн. змест твора — паліт. гісторыя ўсх. славян, Кіеўскай дзяржавы, пададзеная на шырокім міжнар. фоне ў сувязі з гісторыяй суседніх краін і народаў. Ва ўступнай, недатаванай частцы, напісанай у форме гіст. аповесці пра далёкае мінулае. Расіі, гаворыцца пра паходжанне славян, рассяленнеўсх.-слав. плямёнаў, іх норавы і звычаі, пра ўзнікненне Кіева, першых кіеўскіх князёў. На аснове фальклорнай традыцыі апісваюцца падзеі 9—10 ст. (у т. л. паданне пра запрашэнне варагаў на Русь, якое лягло ў аснову т.зв.нарманскай тэорыі), намаляваны вобразы стараж.-рус. князёў Алега, Ігара, Святаслава, княгіні Вольгі. У датаванай частцы летапісу храналагічна ў пагадовай форме выкладзена гісторыя Русі ад першай звесткі, пазначанай 852, і да 1110 уключна, адлюстравана эпоха барацьбы ўсх. славян за сваю свабоду і незалежнасць. Значнае месца займаюць звесткі па гісторыі рус. царквы, пра хрышчэнне Русі. Крыніцамі для зводу паслужылі папярэднія кіеўскія і візант. летапісы, хронікі, жыціі і дакумент. матэрыялы, Біблія. Складальнік летапісу быў аўтарам шырокага кругагляду і вял. пісьменніцкага таленту. Багатая па змесце і арыгінальная па форме «Аповесць мінулых гадоў» — каштоўная крыніца пазнання жыцця продкаў рус., бел. і ўкр. народаў. Летапіс змяшчае унікальныя звесткі з гісторыі бел. зямель, асабліва Полацкага княства. Толькі ў «Аповесці...» расказваецца пра полацкага кн. 10 ст. Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Выкладзена падрабязная гісторыя жыцця і дзейнасці кн. Усяслава Брачыславіча. У летапісе прыведзены самыя раннія звесткі пра Полацк, Віцебск, Мінск, Тураў, Пінск, Бярэсце, Друцк і інш.бел. гарады. У скарочаным выглядзе (запісы пра падзеі 854—1074) «Аповесць мінулых гадоў» увайшла ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 1—2. М., 1962.
Літ.:
Шахматов А.А. Разыскания о древнейших русских летописных сводах. Спб., 1908;
Яго ж. Повесть временных лет. Т. 1. Пг., 1916;
Лихачев Д.С. Русские летописи и их культурно-историческое значение. М.; Л., 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пнрассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс.км². Нас. 763 тыс.чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г.Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.
Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.
Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст.н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленнерус. сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.Балотнікава (1606—07), С.Разіна (1670—71), Е.Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт.вобл. (нас. 338,5 тыс.чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял.Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).
Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сцьметалаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс.шт.гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс.шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс.т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш). З-д па вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс.га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс.т, малака 314,8 тыс.т, яец 210,3 млн.шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс.га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс.га, кармавыя — 226,7 тыс.га, бульбу — 40,4 тыс.га. Збор (тыс.т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс.т), агародніцтва (83,4 тыс.т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн.дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн.дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.
Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.Мікай, М.Мухін, У.Саві, О.Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.Нікалаеў, М.Шкетан, А.Канакоў, О.Тыныш, прозы — Н.Лекайн, Н.Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.Олык, К.Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.Казакова, В.Рожкіна, В.Чалая, прозай Дз.Арая, М.Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял.Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.Бік, С.Вішнеўскі, Б.Данілаў, Казакоў, М.Майн, Г.Мацюкоўскі, І.Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.Брылякова, Вішнеўскага, М.Гаяза, Данілава, В.Дзмітрыева, Д.Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.Рэчкіна) пераклалі Э.Валасевіч, Х.Жычка, І.Калеснік, У.Рыгорава, У.Скарынкін, К.Цвірка.
Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес.выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.Цімафееў, П.Радзімаў, А.Грыгор’еў, К.Ягораў, Л.Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.Гарбунцоў, У.Казьмін, Б.Осіпаў, І.Пландзін, А.Пушкоў, П.Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.Бутаў, Ю.Бялкоў, З.Лаўрэнцьеў, С.Падмароў, Б.Пушкоў, М.Тактаулаў, І.Яфімаў; графікі А.Арлоў, А.Бакулеўскі, І.Міхайлін, А.Фамін; скульптары А.Дзедаў, У.Карпееў, А.Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.
Найб. стараж. пласт нар.муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк.муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.Аляксееў, К.Гейст, В.Данілаў, Ю.Еўдакімаў, В.Захараў, А.Іскандараў, В.Кульшэтаў, У.Купрыянаў, А.Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.Макаў, І.Молатаў, А.Нязнакін, Э.Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.Сахараў, Н.Сідушкін, К.Смірноў, Я.Эшпай, А.Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз.т-р (з 1971), Хар.т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.
Літ.:
Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;
Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;
Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,
абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.
Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.
Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш.л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт.Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел.стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб.«Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).
Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш.бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл.«Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ.«Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).
З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд.навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт.Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт.Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел.навук.т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв.бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял.Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.
За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл.«Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.
Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,
мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.
Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт.Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.
Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел.арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл.Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус.грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.
Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленнеслав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст.найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.
Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш.слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж.бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.
Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл.Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.
З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел.літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).
Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл.брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.
Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел.літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг.л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл.Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.
Новая бел.літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав.адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел.літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел.літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.
Бел.літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел.літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац.літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел.літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНКБССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт.Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел.літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.
Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт.Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел.мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.КоласаАН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт.Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш.слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;
Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;
Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;
Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;
Беларуская мова: Энцыкл.Мн., 1994.
А.І.Жураўскі.
Да арт.Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча. 1918.Да арт.Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.Да арт.Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.