раз... (а таксама раза... і рас...), прыстаўка.

А. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх імён абазначае:

I. Адасабленне, раз’яднанне.

1. Перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго: а) рух у розныя бакі з аднаго пункта, напрыклад: разбрыдацца, разбягацца, разлятацца, раз’язджацца; б) размеркаванне, накіраванне ў розныя бакі, напрыклад: разводзіць, развозіць, разліваць, раскватароўваць, раскласці, рассылаць, рассяляць; в) рассейванне ў розных напрамках, напрыклад: распыляць, распырскваць, рассейвацца.

2. Парушэнне цэласнасці: а) адасабленне аднаго ад другога, напрыклад: разлучацца, разнімаць, раз’ядноўваць; б) раздзяленне на часткі або раздрабненне, напрыклад: раздрабняцца, разжоўваць, разменьваць (грошы), размолваць, разразаць, раскроіць; в) разбурэнне, напрыклад: разбіваць, разбурацца, развальвацца, размалаціць, рассыхацца; г) разбаўленне, напрыклад: разводзіць (фарбу).

II. Пашырэнне: а) пашырэнне па паверхні, напрыклад: раскінуцца, распасціраць, распластацца, рассцілаць, расцягвацца (на многія кіламетры); б) выхад за свае межы, пашырэнне на сумежную прастору, напрыклад: разлівацца, расплывацца, рассесціся; в) павелічэнне ў аб’ёме, расшырэнне, напрыклад: разбухаць, раздавацца, разношваць, распухнуць, расшыраць.

III. Паўнату праяўлення дзеяслоўнай прыкметы: а) інтэнсіўнасць дзеяння, працэс дзеяння, напрыклад: разадзецца, разбалецца, разбурчацца, раскарміць, раскачацца; б) стараннасць дзеяння, напрыклад: разведваць, разглядваць, распытваць, расшукваць; в) ахоп дзеяннем усяго аб’екта або суб’екта дзеяння, напрыклад: разаткаць, размалёўваць, расфарбавацца.

IV. Давядзенне дзеяння да атрымання выніку, напрыклад: разаграваць, разахвоціцца, разбудзіць, разверадзіць, развесяліцца, разжаліцца, раззлаваць, размочваць, распальваць, распесціць.

V. Знішчэнне таго, што ўзнікла ў выніку раней утворанага процілеглага дзеяння: а) адасабленне таго, што было злучана ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: развязаць, развярстаць, размацоўваць, распаяцца, расшываць; б) ажыццяўленне дзеяння ў адваротным напрамку, напрыклад: разгінаць, размотваць, раскручваць, расплятацца, распростваць, расціскацца; в) вызваленне ад чаго‑н., напрыклад: разгрузіць, раздзявацца, разуючыць, раскаваць, распакоўваць, распрагаць, распячатваць, рассядлаць, расшпільваць; г) знішчэнне стану, узнікшага ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: разбраніраваць, размагніціцца, размініраваць, раскансерваваць, рассакрэціць; д) спыненне дзеяння, напрыклад: разлюбіць, расчаравацца.

Б. Разм. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні прыметнікаў абазначае: а) вышэйшую ступень якасці, напрыклад: развясёлы, разудалы, распракляты; б) наяўнасць чаго-небудзь, што распасціраецца ў розных напрамках, напрыклад: развілісты, разгалісты, разлапісты, раскідзісты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)