Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
АРЛО́Ў Уладзімір Аляксеевіч
(н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,
старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІЯ,
княжацкі род у Стараж. Русі, ВКЛ, Маскоўскім вял. княстве, Рас. імперыі. Родапачынальнік Андрэй Уладзіміравіч Доўгая Рука (каля 1190—1224), вёў радавод ад Рурыка, ад удзельнага горада Вязьма стаў звацца князем Вяземскім. Вяземскае княства існавала ў Смаленскай зямлі, верагодна, з сярэдзіны 13 ст., у 1403 занята войскам ВКЛ. Князі Вяземскія Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч трапілі ў палон, а Сямён і Уладзімір Мсціславічы разам са смаленскім кн. Юрыем Святаславічам з’ехалі ў Ноўгарад, потым у Маскву. У далейшым Вяземскія валодалі Вяземскім княствам як васалы вял. князёў ВКЛ. Род Вяземскіх моцна разгалінаваўся. У 1487—94 большасць Вяземскіх вымушаны прызнаць сваю васальную залежнасць ад вял.кн. маскоўскага Івана III, але некаторыя захавалі вернасць ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў ВКЛ застаўся адзін Вяземскі — кн. Іван Львовіч, уладальнік с. Пірошыцы і часткі Лукомскага замка. У далейшым прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгрывалі значную ролю ў паліт. і культ. жыцці Маск. дзяржавы і Рас. імперыі. З іх найб. вядомы: Аляксандр Аляксеевіч Вяземскі (1727—93), давераная асоба Кацярыны II, з 1764 ген.пракурор Сената, кіраваў фінансамі, юстыцыяй, унутр. справамі; паэт Пётр Андрэевіч Вяземскі.