МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,

цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯСІНКРАЗІ́Я (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + synkrasis змешванне),

празмерная індывідуальная рэакцыя на раздражняльнікі, якія ў большасці людзей не выклікаюць падобных з’яў. У аснове І. прыроджаная павышаная адчувальнасць вегетатыўнай нерв. сістэмы да пэўных раздражняльнікаў ці рэакцыя арганізма на паўторныя слабыя ўздзеянні рэчываў, што не здольныя выпрацоўваць у ім антыцелы. У адрозненне ад алергіі І. можа развівацца і ад першага кантакту з раздражняльнікамі. Прыкметы І.: галаўны боль, павышэнне т-ры цела, часам псіхічнае ўзбуджэнне, расстройствы функцыі органаў стрававання, ацёк слізістых абалонак і скуры, крапіўніца.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ (ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),

раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел. пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.​А.​Працко), моўнай дзейнасці (К.​Г.​Ярмілава, Л.​Г.​Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.​А.​Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.​С.​Сляповіч).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пірафо́бія

(ад піра- + -фобія)

псіхічнае захворванне, якое праяўляецца ў паталагічнай боязі агню.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхапа́тыя

(ад псіха- + -патыя)

душэўнае расстройства, псіхічнае захворванне, паталагічны склад псіхічнай дзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

меланхо́лія, ‑і, ж.

1. Сумны настрой, нуда, туга. На сэрца наплыла крыўда, якая ўсё часцей і часцей псавала [Шалюту] настрой, наводзіла на яго цяжкую непазбыўную меланхолію. Дуброўскі.

2. Псіхічнае расстройства, якому характэрны прыгнечаны стан, беспрычынныя страхі, недарэчныя ідэі.

•••

Чорная меланхолія — вельмі дрэнны настрой, туга, якая гняце бесперастанку.

[Ад грэч. mélas — чорны і cholē — жоўць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыклаты́мія цыклатымі́я

(ад цыкла- + гр. thymos = душа)

псіхічнае захворванне (псіхоз), лёгкая форма цыклафрэніі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія,

парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

псіхо́з

(фр. psychose, ад гр. psyche = душа)

1) псіхічнае захворванне, а таксама наогул ненармальнасць, дзівацтва ў псіхіцы чалавека;

2) перан. моцнае псіхічнае ўздзеянне якіх-н. з’яў, падзей, што нервуюць, выклікаюць страх (напр. ваенны п.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

псіхо́з, ‑у, м.

Хваравіты стан, звязаны з пашкоджаннем галаўнога мозга. // Разм. Ненармальнасць, дзівацтва ў псіхіцы таго або іншага чалавека. Гэтыя .. [Тамарыны] заляцанні, званкі на дом, запрашэнні давялі Галіну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагічны характар, стала псіхозам. Шамякін. // Моцнае псіхічнае ўздзеянне якіх‑н. з’яў, падзей і пад., якія выклікаюць страх, нервуюць. Ваенны псіхоз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)