про́сты, -ая, -ае.

1. Аднародны па саставе, не састаўны.

Простае рэчыва.

2. Не складаны, не цяжкі, лёгка даступны для разумення.

Простае рашэнне.

3. Без асаблівых хітрасцей, не мудрагелісты.

Простая абстаноўка ў кватэры.

4. Не першасортны, грубы па якасці.

Мука простага памолу.

5. Які не вызначаецца сярод іншых, самы звычайны.

П. смертны.

Простыя людзі жадаюць міру.

6. Звычайны, не заказны (пра пісьмо, бандэроль і пад.).

7. Прастадушны, няхітры, не ганарлівы.

Не саромцеся яго, ён чалавек п.

8. Які належыць да непрывілеяваных класаў, не дваранскі (уст.).

П. народ.

9. Прамы, без выгібаў.

Дарога простая, як страла.

10. Пра каня: не спутаны (разм.).

Простая мова — у граматыцы: чужая мова, перададзеная без змен, ад імя гаворачага.

Простым вокам — без дапамогі аптычных прыбораў.

|| памянш. про́сценькі, -ая, -ае (да 2, 3 і 7 знач.).

|| наз. прастата́, -ы́, ДМ -таце́, ж. (да 2, 3 і 7 знач.).

Святая прастата — пра вельмі наіўнага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ускладні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Кніжн.

1. Зрабіць больш складаным ці вельмі складаным. Ускладніць канструкцыю машыны. Ускладніць задачу. Ускладніць заданне.

2. Зрабіць больш цяжкім. Ускладніць справу.

3. Зрабіць больш напружаным, супярэчлівым. Ускладніць адносіны. □ Як бязлітасна ўскладніла вайна такое простае, такое яснае жыццё! Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КО́ШЫК у батаніцы,

простае батрычнае суквецце з пашыранай галоўнай воссю ў выглядзе канічнай ці сподкападобнай пляцоўкі, на якой шчыльна размешчаны дробныя кветкі. Абкружана шматлістай абгорткай. Характэрна для раслін пераважна сям. складана-кветных, некат. парасонавых і званочкавых.

Такая будова суквецця спрыяе апыленню кветак. Для прадухілення самаапылення выпрацаваліся розныя біял. прыстасаванні (напр., паступовае раскрыццё кветак, розны тэрмін развіцця тычынак ці песцікаў і інш.).

т. 8, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гіга́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Незвычайна вялікі; велізарны. Гіганцкі завод. Гіганцкае дрэва. // перан. Надзвычайны, выключны па сіле або важнасці. Гіганцкі размах будаўніцтва. □ Працаваць і жыць, як Горкі — вось да чаго хочацца заклікаць. Простае, вялікае жыццё, гіганцкая праца! Купала. Жывёлагадоўля ў калгасе «Рассвет» пабыла сапраўды гіганцкі размах. Кухараў.

•••

Гіганцкія крокі гл. крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невыкана́нне, ‑я, н.

1. Нездзяйсненне таго, што было даручана, намечана, меркавалася зрабіць. Думка аб невыкананні заводаў задання па рамонту вагонаў зноў запаланіла дырэктара, і ён .. забегаў па кабінеце. Пятніцкі.

2. Ухіленне ад выканання правіл, законаў. Невыкананне правіл тэхнікі бяспекі. □ Невыкананне загаду праўлення — ёсць простае парушэнне ўнутрыарцельнай дысцыпліны. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыміты́ў

(лац. primitivus = першапачатковы, першабытны)

1) нешта простае, неразвітае ў параўнанні з пазнейшым, больш дасканалым;

2) твор мастацтва з параўнальна невысокай тэхнікай выканання, які належыць да ранніх стадый развіцця культуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Мета́л, мята́л, міта́лпростае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, праводнасць цеплыні і электрычнасці’ (ТСБМ; бабр., Воўк-Лев.; драг., Жыв. сл.). Ст.-рус. металъ, метала (металя) ’тс’ (XVI ст.). Праз ням. Metall ці франц. métal з лац. metallum ’метал’, ’мінерал, выкапень’, ’руднік’, якое са ст.-грэч. μέταλλον ’руднік’ (Фасмер, 2, 609). Крукоўскі (Уплыў, 83) бел. лексему выводзіць з рус. мовы. Не выключана і пасрэдніцтва польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прост1 ’рад роўна пакладзенага на іржышчы зжатага, не звязанага ў снапы збожжа’, ’поле з такім разасланым збожжам’ (ТСБМ, Выг.), пакладка на прост (нараўл., ДАБМ, камент., 872). Польск. na prost ’накладка на прост’. Да про́сты.

Прост2, про́стік, про́шчыня ’тэхніка ткання, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Рус. пск. про́сткапростае палатно ў дзве ніці’. Да про́сты ’прамы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«ДРЭ́ВА ПАДАРО́ЖНІКАЎ»,

неафіцыйная назва равеналы мадагаскарскай (Ravenala madagascariensis) сям. бананавых. Эндэмік а-воў Мадагаскар і Рэюньён.

Дрэвападобная травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 10 м. Лісце буйное, простае, ад ветру разрываецца на долі да сярэдняй жылкі, размешчана веерападобна. У доўгіх пазухах лістоў назапашваецца вада, якая часам выкарыстоўваецца падарожнікамі для піцця (адсюль назва). Кветкі сабраны ў коласападобныя суквецці. Плод — ягадападобны, накшталт банана, формаю нагадвае агурок.

Г.​У.​Вынаеў.

«Дрэва падарожнікаў.

т. 6, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́ТКІ, календула (Calendula),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Цэнтр. Еўропе. На Беларусі культывуюць Н. лекавыя (C. officinalis) і палявыя (C. arvensis).

Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя. Лісце простае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі жоўтыя або аранжавыя ў кошыках на доўгіх адзіночных кветаносах. З Н. лекавых атрымліваюць няшкодны харч. фарбавальнік жоўтага колеру для сыроў і тлушчу. Лек., дэкар. расліны.

Наготкі лекавыя.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)