Крэс́ла1 ’прадмет мэблі’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Бяльк.). Укр. крісло, рус. кресло, ст.-рус. кресло ’тс’, ст.-польск. krzesło, чэш. křeslo, славац. kreslo ’тс’. Практычная адсутнасць паўднёваславянскіх паралелей вельмі ўскладняе рэканструкцыю. Першапачатковым значэннем трэба лічыць ’рамачная ці плеценая канструкцыя’. Параўн. крэсла2, крэсла3, крэсла4 (гл.) і кросна (гл.). Паралелізм гэтых форм і значэнняў у балтыйскіх і славянскіх мовах супярэчыць гіпотэзе аб запазычанні са славянскіх у балтыйскія ці наадварот (параўн. Трубачоў, 12, 128 і Тапароў, L–K, 180–182). У лік балтыйскіх лексем, якія параўноўваюцца са славянскімі, уваходзяць ст.-прус. creslan (марфалагічны адэкватнае прасл. kreslo), літ. krė́slas, лат. kresls ’тс’. Улічваючы ‑slo‑суфіксацыю, можна сцвярджаць аб існаванні прасл. *kresiti, kresati ў значэнні ’ткаць’. Параўн. ст.-грэч. κρόκη ’уток’ κρέχω ’тку’. Але ўсё гэта вельмі праблематычна, паколькі цяжка зразумець знікненне ўсіх слядоў дзеяслова ў балтаў і славян.

Крэ́сла2 ’верхняя задняя частка штаноў’ (Янк. II), ’рамбавідная ўстаўка паміж калашынамі штаноў’ (Малч., Жыв. сл., Ян., Маш.). Укр. кресло ’тс’. Да крэсла1 (гл.).

Крэ́сла3 ’прарэх, шырынка’ (Нар. словатв., Нар. сл., Шатал., Сцяшк.). Гл. крэсла2.

Крэ́сла4 ’прамежнасць паміж заднімі нагамі жывёліны’ (Жыв. сл.). Гл. крэсла2.

Крэ́сла5 ’дошка ў прасніцы, на якой сядзіць пралля’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла1.

Крэ́сла6 ’частка калёс, якая накладваецца на пярэднюю вось’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапа́та, лопа́та ’драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝ ’лапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)