ЖА́ВАРАНКІ,

птушкі сям. жаваранкавых атр. вераб’інападобных. 15 родаў, 78 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Жывуць на адкрытых прасторах: палях, стэпах, горных лугах, радзей лясных палянах і інш. Ж. разуанскі (Calandrella razae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 4 віды: Ж. лясны (Lullula arborea), Ж. палявы (Alauda arvensis) — звычайныя пералётныя птушкі: Ж. чубаты (Galerida cristata), нар. назвы смяцюх, сметнік — аселы, найб. шматлікі на Пд; Ж. рагаты (Eremophila alpestris) — пралётны.

Даўж. цела 11—25 см, маса 15—70 г. Целасклад моцны. Ногі кароткія, на заднім пальцы шпорападобны кіпцюр. Крылы доўгія. Афарбоўка апярэння зямлістая, валляка і грудзей — часта плямістая. Гнёзды на зямлі, нясуць 2—6 яец (некат. двойчы на год). Самцы многіх відаў у трапяткім палёце пяюць над гнездавой тэрыторыяй. Ж. чубаты можа імітаваць галасы інш. птушак. Кормяцца насякомымі, насеннем раслін.

Жаваранкі: 1 — лясны; 2 — палявы; 3 — чубаты; 4 — рагаты.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЗЮ́ЛЯ звычайная

(Cuculus canorus),

птушка сям. зязюлевых атр. зязюлепадобных. Пашырана ўсюды, акрамя п-авоў Аравійскага і Індастан, паўд. ч. Індакітая, Арктыкі і Антарктыды. Жыве ў лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, у парках і садах, у гарах, па ўскраінах пустынь. Трымаецца па адной, радзей парамі. На Беларусі звычайны гнездавальны і пралётны від.

Даўж. да 40 см, маса да 370 г. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валляк і грудзі светла-шэрыя, ніз белы з цёмнымі папярочнымі палосамі. Самкі бураватыя зверху, з вохрыстым налётам на валляку або спіна і верх галавы ржаўчата-рыжыя з чорнымі і белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі шараватыя або рыжаватыя, з больш цёмнай папярочнай паласатасцю. Кукуе самец. Самка нясе да 25 яец, якія па адным падкладвае ў гнёзды (гнездавы паразітызм) пераважна вераб’інападобных птушак. Птушаняты З. праз 10—16 гадз пасля нараджэння выкідваюць з гнёздаў яйцы і птушанят прыёмных бацькоў. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Азіі.

Зязюля звычайная (самец).

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,

помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.​Сялявам. Першая ігумення К.​Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).

У.​М.​Дзянісаў, Л.​У.​Іванова.

Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)