пласты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пластыкі, уласцівы ёй. Пасля пластычнай гімнастыкі .. [актрыса] прымала халодны душ і садзілася за масаж твару. Рамановіч. «Кантакт» з мастацтвам у паэзіі Максіма Танка выяўляецца і... праз шматлікія асацыятыўныя масткі да краіны тэм і вобразаў пластычных мастацтваў. Рагойша.

2. Здольны пад высокім ціскам мяняць форму; не ломкі. Пластычныя матэрыялы.

3. Спец. Звязаны з перасадкай скуры. Пластычная хірургія. Пластычная аперацыя.

•••

Пластычная маса гл. маса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЗЯМ’Я́НАЎ (Анатоль Дзямідавіч) (25.11.1925, в. Усцінаўка Смаленскай вобл., Расія — 6.11.1972),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1963—72). Працаваў у станковай скульптуры. Сярод твораў: «Маладая калгасніца» (1962), «Маці» (1963), «Кубінец» (1964), «Паўночніца» (1965), партрэты Ф.​Кастра Рус, Я.​Коласа, У.​І.​Леніна і інш. Работам уласцівы абагульненасць пластыкі, манументальнасць вобразнага ладу.

А.Дзям’янаў. Маладая калгасніца. 1962.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пантамі́м

(гр. pantomimos = які ўсё пераймае)

1) танцавальная сцэна ў старажытнарымскім тэатры, якая перадавала змест дзеяння і эмоцыі персанажаў пры дапамозе мімікі, жэстаў, пластыкі;

2) акцёр, які выконваў такую сцэну.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Ірына Валер’еўна) (н. 5.4.1966, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел. АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.

І.Грыгарышына. Рэтра. 1996.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДНА»,

гасцініца ў Гродне. Пабудавана ў 1985 (арх. Ю.​Патапаў, У.​Папоў, У.​Еўдакімаў, Ю.​Раманаў). Разлічана на 500 месцаў. Сілуэт ступеньчатага 16-павярховага будынка актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў горада. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатра «Кастрычнік» утвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога засн. на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага 2-павярховага аб’ёму і будынка кінатэатра. Жылыя нумары размешчаны вакол цэнтр. восі будынка — лесвічна-ліфтавага ядра.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВІ́НСКІ (Міхаіл Аўрамавіч) (22.1.1913, г. Гомель — люты 1980),

бел. самадзейны разьбяр па дрэве. З 1954 жыў у Жлобіне. Працаваў у станковай скульптуры. Творы адметныя выразнасцю пластыкі і вобразнай характарыстыкай персанажаў («Разведка», 1936; «У дазоры», 1937; «У абарону міру», 1939; «Марскі дэсант», 1947; «Партызан», 1948; «Рэйкавая вайна», 1955; «Праца», 1959; «Нарачанскі рыбак», 1960; «Салігорцы», 1965; «Хірург», 1967; «Ля партызанскага кастра», 1970). Вырабляў разны хатні посуд (дэкар. ваза «Багацце», 1965, і інш.).

М.Івінскі. Ля партызанскага кастра. 1970.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХЕ́ЕНКА (Анатоль Міхайлавіч) (н. 4.2. 1930, б.в. Сітнікі, Полацкі р-н Віцебскай вобл.),

бел. самадзейны разьбяр па дрэве. Працуе пераважна ў галіне дробнай пластыкі. Аўтар кампазіцый на фальклорныя, літ., гіст. тэмы. Творы вызначаюцца смелымі выразнымі ракурсамі, абагульненай плоскаснай манерай разьбы: «Хадакі да У.​І.​Леніна», «Гусляр», «Пойдзем у партызаны» (усе 1970), сувенірныя шахматы (1975), «Несцерка» (1976), «Дзед Талаш» (1977), «Партызаны» (1978), «Першае каханне» (1979), «Лявоніха» (1980) і інш.

А.​Міхеенка. Партызаны. 1978.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЛА́СТЫ,

пластмасы на аснове амінаальдэгідных смол. Вырабляюцца ў выглядзе прэс-парашкоў, слаістых пластыкаў ці сітаватых матэрыялаў. Прэс-парашкі маюць у якасці напаўняльнікаў драўнінную і кварцавую муку, каалін; слаістыя пластыкі — ніткі, жгуты, тканыя і нятканыя палотны, азбест, паперу. Не маюць паху, стойкія да дзеяння слабых кіслот і шчолачаў, ацэтону, спірту, цепла-, святло- і водаўстойлівыя, дыэлектрыкі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці электратэхн. вырабаў (карпусы прылад, ізаляцыйныя матэрыялы), пластыкаў для мэблі і інтэр’ераў, драўнінна-стружкавых пліт, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Фёдар Фёдаравіч) (2.9.1836, с. Лясное каля С.-Пецярбурга — 26.8.1913),

рускі скульптар, майстар станковай жанравай скульптуры і партрэта. Скончыў Пецярбургскую АМ (1860), вучыўся ў І.П.Віталі і М.С.Піменава. Пенсіянер АМ у Італіі (1863—69). У 1870—72 жыў у Фларэнцыі, з 1873 у ЗША. Творчасці ўласцівы бытавізм трактоўкі сюжэтаў, часам сентыментальнасць, імкненне да пераадолення адасобленасці акад. пластыкі («Хлопчык-скульптар», «Удава з дзіцем», абодва 1866; «Першы крок», 1872; партрэты Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Бруні, абодва 1862).

Ф.Каменскі. Удава з дзіцем. 1866.

т. 7, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА-ВЕ́НТА (La Venta),

буйнейшы цырыманіяльны цэнтр альмекаў на востраве ў вусці р. Танала (цяпер у штаце Табаска, Мексіка). Асн. збудаванні — піраміды з гліны (выш. да 35 м) і дапаможныя пабудовы, платформа і палацы, славутыя базальтавай скульптурай (5 велізарных чалавечых галоў па 10—13 т кожная), рытуальнымі вымасткамі з серпенцінавых блокаў, ахвярамі з разнога гагату. Выяўлена шмат дробнай пластыкі з нефрыту, жадэіту і гліны. Асн. пабудовы ўзведзены за 1000 г. да н.э. і разбураны праз 500—600 гадоў.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)