ПО́ЛАЦКАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ЖАНО́ЧАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў г. Віцебск. Пабудаваны ў 1902 (арх. А.​Паўлоўскі, П.​Вінаградаў). Мураваны 3-павярховы Е-падобны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам з балконам. Сцены аздоблены рустам, ліштвамі і завершаны прафіляваным карнізам. Планіроўка галерэйная. Цяпер у будынку размешчаны Віцебскі аблвыканком.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

В.​М.​Чарнатаў.

Полацкага епархіяльнага жаночага вучылішча будынак.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1844, разбураны ў Вял. Айч. вайну, рэканструяваны ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. (часткова перабудаваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка). Складаецца з 2 выцягнутых у плане аб’ёмаў. На вуліцу выходзіць невял. 2-павярховым гал. фасадам сіметрычнай кампазіцыі. У дэкоры выкарыстаны руст, шырокі пояс з ляпнымі элементамі, трохвугольны франтон і высокі атык. Гал. ўваход вылучаны 2 пілонамі і трохчвэртнымі калонамі.

А.​А.​Міцянін.

Гомельскай жаночай гімназіі будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.

Навагрудскія гандлёвыя рады. Фота 1930-х г.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ» гасцініца ў Мінску. Размешчана на вул. Старажоўскай, на ўзгорку левага берага р. Свіслач. Пабудавана ў 1987 (арх. Л.​Пагарэлаў). Вышынны 22-павярховы 3-пялёсткавы ў сячэнні будынак, разлічаны на 1000 гасцінічных месцаў.

Планіроўка тыповага паверха радыяльная: ад цэнтр. ліфтавай групы разыходзяцца 3 калідоры з 2-баковым размяшчэннем нумароў. Каля ліфтавай групы і ў тарцах 2 крылаў міжпаверхавыя лесвіцы. Ад гал. корпуса ў бок праспекта Машэрава выступае самаст. 2-павярховае крыло з круглым у плане блокам рэстарана. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

А.​М.​Кулагін.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).

У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.

Куток Бабаўнянскага парку.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІТНІ́ЦКАЯ (Алена Дзмітрыеўна) (8.10.1919, Масква — 5.7.1981),

расійскі гісторык архітэктуры. Канд. тэхн. н. (1947). Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1941). З 1941 працавала ў НДІ прамысл. збудаванняў, тэорыі і гісторыі архітэктуры ў Маскве. Адзін з першых даследчыкаў помнікаў жылой, грамадз. і культавай архітэктуры Беларусі: «Старыя гарадскія драўляныя дамы паўднёва-заходняй Беларусі» (1961), «Планіроўка Гродна ў XVI—XVIII стст.» (1964), «Малавядомыя зальныя збудаванні Беларусі канца XV—пачатку XVI ст.» (1967), «Калегіумы Беларусі XVII ст.» (1969), «Адміністрацыйныя будынкі Беларусі канца XVIII ст.» (1972) і інш.

Тв.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 6. М., 1968 (у сааўт.).

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЧЭНС ((Lutyens) Эдвін Лэндсір) (29.3.1869, Лондан — 1.1.1944),

англійскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтва ў Лондане (1885—87). Прэзідэнт Лонданскай АМ (з 1938). У творчасці звяртаўся да нац. арх. традыцый, адрадзіў традыц. тып англ. сядзібнага дома, прыўнёс у яго элементы сучаснага камфорту (дом Дынеры-гардэнс у Сонінгу, 1901). Стварыў імпазантны афіц. стыль адм. і дзелавых будынкаў (палац віцэ-караля, цяпер Раштрапаці Бхаван, г. Нью-Дэлі, Індыя, 1913—30). Працаваў у галіне горадабудаўніцтва (планіроўка г. Нью-Дэлі, з 1912, цяпер у межах Дэлі). Аўтар манументаў на ўшанаванне памяці ахвяр 1-й сусв. вайны («Кенатаф» у Лондане, 1919—20).

т. 9, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА КРЭДЫ́ТНАГА ТАВАРЫ́СТВА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў стылі мадэрн. Мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы будынак са зрэзаным вуглом, дзе размешчаны гал. ўваход. Фасады рытмічна расчлянёны неглыбокімі рызалітамі, завершанымі атыкамі з сандрыкамі, люнетамі, арачнымі аконнымі праёмамі, пілястрамі і лапаткамі. У дэкар. аздабленні вылучаюцца паўкруглы балкон над гал. уваходам, аформлены балюстрадай, з кансолямі ў выглядзе паўфігур атлантаў, разныя дзверы ўваходаў, гермы на пілястрах, эмблемы ў выглядзе жазла, іанічныя фрызы, нішы і інш., выкарыстаны элементы стылю ампір. Пачатковая планіроўка зменена.

Ю.​А.​Якімовіч.

Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЯЧЭНЦІ́НІ ((Piacentini) Марчэла) (8.12.1881, Рым — 19.5.1960),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў АМ і ун-це ў Рыме. З 1929 праф. Рым. ун-та. У творчасці выкарыстоўваў лапідарныя формы, схематызаваў прыёмы класічнай архітэктуры, уводзіў у кампазіцыю жорсткія рытмы аркад, шмат’ярусных вежаў. Асн. работы: ансамбль П’яцца Віторыо Венета і П’яцца Дантэ (1919—29) у Бергама, комплексы спартыўны Фора Італіка (1928—34) і Сусв. выстаўкі (р-н ЭУР; з 1937, абодва ў сааўт.), універсітэцкі гарадок (1930—35, планіроўка і будынак рэктарата) у Рыме, Палацца ды Джустыцыя ў Месіне (1928) і Мілане (1932—40), рэканструкцыя П’яцца дэла Віторыя (1932) у Брэшы.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВІНА (Эла Пятроўна) (н. 7.11.1927, Кіеў),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла Кіеўскі інж.буд. ін-т (1950). З 1953 працавала ў ін-це «Белдзяржпраект», з 1961 у ін-це «Мінскпраект» (гал. архітэктар праектаў). Асн. работы ў Мінску: серыі цагляных і буйнаблочных жылых дамоў; шматпавярховыя жылыя дамы на пр. Машэрава (1962—67), Лагойскім тракце (ад вул. Валгаградскай да вул. Гамарніка), па вул. Казінца, Рэспубліканскай, М.​Багдановіча; гандл.-грамадскія цэнтры «Вільнюс» (1975), «Зялёны Луг 5» (1978), «Зялёны Луг 7» (1983); планіроўка, праектаванне і забудова мікрараёнаў Зялёны Луг 1, 2, 3, 5, 7 (1962—80-я г.), шляхаправоды на праспектах Ф.​Скарыны і Машэрава (усе ў сааўт.).

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)