стыль у еўрап. пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й пал. 18 ст.
Узнік у Францыі ў перыяд крызісу абсалютызму, адлюстраваў уласцівыя для арыстакратыі геданістычны настрой. імкненне ўцячы ад рэчаіснасці ў свет тэатралізаванай гульні. Сярэдневяковай рэліг. дагматыцы і строгай маралі проціпастаўляў вольны нораў, пераборлівы густ, патрабавальнасць у забавах. У краінах Зах. Еўропы і Расіі Р. — пераважна своеасаблівы мясц. варыянт позняга барока. Характарызаваўся надзвычайнай вытанчанасцю сродкаў маст. выразнасці, імкненнем да стварэння ўражання лёгкасці і прывабнасці. Стылявая сістэма Р. будавалася на поўным. адмаўленні архітэктонікі, на свабоднай і абстрактнай пластычнай мадэліроўцы прасторавых і арнаментальна-дэкар. кампазіцый. У пластычных мастацтвах Р. паўплывала на характар дэкору, які набыў падкрэслена мудрагелісты і ўскладнены характар. На раннім этапе развіцця Р. (1700—25, т.зв. стыль рэгенцтва) формы барока страцілі сваю манументальнасць. у афармленне памяшканняў уводзіўся дробны арнамент, прадметам інтэр’ера надаваліся вычварныя паверхні. Развіты этап Р. (1725—50, т.зв. стыль Людовіка XV) характарызаваўся выкарыстаннем складаных разных і ляпных узораў, завіткоў, ракайля і інш.; у аддзелцы памяшканняў важную ролю сталі адыгрываць рэльефы і жывапісныя пано ў вытанчаных абрамленнях, шматлікія люстэркі і інш. Архітэктуры Р. ўласціва візуальнае разбурэнне буд. канструкцый, наданне ім расл. форм, ілюзорнае пашырэнне рэальнай прасторы з дапамогай вял. колькасці люстэркаў, залачэння, хрусталю. Быў пераважна сістэмай дэкору інтэр’ераў, афармленне якіх спалучалася з адносна строгім вонкавым абліччам збудаванняў. Сярод архітэктараў, якія працавалі ў такім стылі Ж.М.Апенар, Ж.Бафран, Ж.А.Мейсанье (Францыя), Г.Кнобельсдорф, Б.Нойман, Д.Пёпельман (Германія), В.Растрэлі, С.Чавакінскі (Расія) і інш.
На Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Важную ролю ў стварэнні арх. аблічча палаца, узбагачэння яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі адыгрывалі пластычныя формы мансардавага даху з заломам (Гродзенскі Новы замак) вуглавыя алькежы з фігурнымі шлемамі ў завяршэнні (Дзятлаўская сядзіба). Гал. акцэнтам быў цэнтр. рызаліт (сядзібны дом у р.п. Татарка Асіповіцкага р-на), часам завершаны крывалінейным франтонам або шчытом перарывістага плаўнага малюнка (Лявонпальская сядзіба). У маляўнічых прыгарадах магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба, Аўгустоўскі палац у б. прыгарадзе Гродна і інш.). У інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы арнамент. матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. Для памяшканняў характэрна анфіладная планіроўка, канфігурацыя планаў набыла складаную форму (авал, многавугольнік). Пластычныя арх. формы інтэр’ера арганічна спалучаны з дынамічным арнаментальным дэкорам. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў арх. формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, якія завяршаліся фігурнымі шчытамі (у касцёле бернардзінцаў у г. Слонім), амбонаў (у касцёлах езуітаў у Гродне, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.) і інш. абсталявання храмаў (бра ў касцёле бернардзінцаў у Гродне). Майстры садова-паркавага мастацтва ўносілі арнаментальнае багацце палацавага інтэр’ера ў формаўтварэнне зялёных насаджэнняў, якія набывалі шарападобныя, пірамідальныя, кубападобныя формы. Дамінуючым элементам кампазіцыі паркаў былі курціны з перспектывамі; месцы адпачынку абсталёўвалі ажурнымі альтанкамі. Кветнікі і газоны набывалі ракайльны і арабескавы малюнак (парк у г.п. Свіслач).
Літ.:
Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ракако. Амбон Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. 1745.Да арт.Ракако. Ф.Бушэ. Трыумф Венеры. 1740.Да арт.Ракако. Падсвечнік. Беларусь. 18 ст.Да арт.Ракако. І.М.Гопенгаўпт. Пакой для музыкі ў палацы Сан-Сусі. Патсдам. Германія. 1746—47.Да арт.Ракако. І.М.Камблі. Камода з антрапаморфным і раслінным дэкорам. Германія. Каля 1765.Да арт.Ракако: Інтэр’ер касцёла ў г. Дысен. Германія. 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г.Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.