ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
алапа́трыяалапатры́я
(ад ала- + гр. patris = бацькаўшчына)
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць з папуляцый, арэалы якіх не перакрываюцца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,
рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн. Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАБІЯЦЭНО́З (ад мега... + біяцэноз),
сукупнасць папуляцыйбіял. відаў і біягенных рэчываў, якія ствараюць пэўную экасістэму. Уключае прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у межах біягеацэнозу, сучаснае жывое рэчыва і рэчыва папярэдніх эпох, якія разам з біягенамі пастаянна або перыядычна (выпадкова) прымалі ўдзел у стварэнні, развіцці і функцыянаванні пэўнай экасістэмы (біяцэнозу); цяпер не існуюць, але ў пераўтвораным стане працягваюць уплываць на яе існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКРЫЖАВА́НАЕ АПЫЛЕ́ННЕ, алагамія,
апыленне кветак пылком інш. раслін таго ж віду. Уласціва голанасенным і большасці пакрытанасенных. Спалучаецца з самаапыленнем, якое бывае асн. або рэзервовым. Строга перакрыжавана-апыляльных раслін мала (напр., жыта). Адбываецца з дапамогай насякомых, ветру, часам пры ўдзеле вады, птушак, жывёл. Садзейнічае спадчыннай зменлівасці, якая забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змен навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Апыленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хемара́са
(ад хема- + раса)
унутрывідавая таксанамічная катэгорыя на ўзроўні папуляцый або іх груп, якая істотна адрозніваецца па якой-н. характарыстыцы абмену рэчываў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад дэ... + генерацыя),
выраджэнне, пагаршэнне з пакалення ў пакаленне біял. прыстасавальных або гасп. прыкмет арганізмаў, папуляцый ці экасістэм пад уплывам неспрыяльных умоў існавання, роднасных скрыжаванняў, хвароб і інш. фактараў. Тэрмінам Д. вызначаюць таксама памежныя з біялагічнымі працэсы і з’явы (напр., распад асобы пад уплывам пэўных сац.-эканам. умоў існавання, у выніку алкагалізму, наркаманіі, псіхатропных фактараў). У сельскай гаспадарцы Д. — выраджэнне сартоў культ. раслін, парод свойскай жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЫ́ПАС, празмерны выпас,
перагрузка кармавых угоддзяў выпасам жывёлы; адзін з фактараў негатыўнага ўздзеяння на раслінныя комплексы лугоў і пашы. Вядзе да дэградацыі і эрозіі глебы, зніжае прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, разбурае біягеацэнозы. У выніку П. каштоўны травастой замяшчаецца пустазеллем, пагаршаюцца ўмовы ўзнаўлення папуляцый лугавой і балотнай дзічыны, са складу травяністых раслінных фармацый знікаюць каштоўныя харч., лек., дэкар., рэдкія і інш. расліны, значныя тэрыторыі выключаюцца з гасп. абароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (Рыгор Рыгоравіч) (н. 30.11.1950, г. Талас, Кіргізія),
бел. вучоны-генетык. Чл-кар. АН Беларусі (1996), д-рбіял.н. (1991), праф. (1993). Чл. Амерыканскай АН і мастацтваў (Нью-Йорк; 1995). Скончыў Новасібірскі ун-т (1979). З 1982 у Гомельскім ун-це, з 1986 у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі (Гомель). Навук. працы па генетыцы прыродных папуляцый жывёл і раслін, генасістэматыцы, малекулярнай эвалюцыі, радыяцыйнай генетыцы і мутагенезе, кіраванні генет. рэсурсамі прыродных папуляцый у лясных экасістэмах, будове генет. картаў, энтамалогіі. Прэмія АН Беларусі 1995.
Тв.:
Руководство по исследованию хвойных видов методом электрофоретического анализа изоферментов. 2 изд., Гомель, 1989 (разам з У.Я.Падутавым, У.У.Паценка);
Intra-and interspecific genetic differentiation in closely related Pines from Pinus subsections Sylvestres and Cembrae in the former Soviet Union (разам з А.Я.Сіліным, У.Я.Падутавым) // Plant systematics and evolution. Vienna, 1992—95;
Allozyme variation in natural populations of Eurasian Pines (з імі ж) // Silvae Genetica. Frankfurt a M., 1993—96. Vol. 42—43, 45.