ГРАНА́Т ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

руская універсальная энцыклапедыя. Выдаваўся з 1891 у Маскве братамі А. і І.​Гранат. Да 1917 (т. 1—33; падрыхтаваны т. 37—39, 42) выдаваўся т-вам «Бр. А. і І.​Гранат і К°», потым (з т. 34) — Рус. бібліягр. ін-там Гранат, 54-ы і 58-ы тамы — Дзярж. навук. ін-там «Савецкая энцыклапедыя». У 1891—1903 выйшлі першыя 6 выданняў у 8—9 тамах, у 1910—48 — 7-е перапрацаванае выданне ў 58 т., (за выключэннем 56-га т.); у 1910—17 выйшлі 1—33 т., у 1917—48 — т. 34—58. Пазней былі выдадзены стэрэатыпныя выданні (з 8 па 13 т.).

Слоўнік насычаны даведачным і фактычным матэрыялам, мае вял. навукова-пазнавальнае значэнне. Асобныя артыкулы з-за цэнзурных меркаванняў не былі надрукаваны. Адметная асаблівасць Гранат энцыклапедычнага слоўніка — шматлікія дадатковыя тэксты да агульных артыкулаў: манаграфіі (т. 13), бібліягр. слоўнікі (т. 40), бібліягр. паказальнікі найноўшай рус. белетрыстыкі (т. 11) і інш.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,

апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.​Кмітам і канюшым трокскім М.​Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэнне гар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.​Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.​І.​Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апара́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.

1. ‑а. Спецыяльны прыбор для выканання якой‑н. работы. Тэлефонны апарат. Даільны апарат. Фатаграфічны апарат. Тарпедны апарат.

2. ‑у. Сукупнасць органаў, якія выконваюць пэўную функцыю ў арганізме. Зрокавы апарат. Слыхавы апарат. Апарат кровазвароту.

3. ‑у. Сукупнасць дзяржаўных устаноў, якія абслугоўваюць пэўную галіну кіраўніцтва ці гаспадаркі. // Работнікі гэтых устаноў.

•••

Вестыбулярны апарат — орган у хрыбетных жывёлін і чалавека, які з’яўляецца часткай ўнутранага вуха і служыць для каардынацыі рухаў і захавання раўнавагі.

Дыфузійны апарат — апарат для атрымання шляхам дыфузіі каштоўных рэчываў з раздробненай сыравіны.

Касмічны апарат — спецыяльны апарат, прызначаны для палёту ў касмічнай прасторы.

Крытычны апарат — варыянты і заўвагі ў навуковым выданні літаратурнага ці гістарычнага тэксту.

Навуковы апаратпаказальнікі, каментарыі, бібліяграфія і пад. ў навуковым выданні.

[Ад лац. apparatus — абсталяванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАРЭ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

фанетычнае літарна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на карэйскай мове. З першых стагоддзяў н.э. да канца 19 ст. асн. афіц. пісьмом было кітайскае пісьмо. Стварэнне К.п. датуецца 1444 і прыпісваецца правіцелю Седжону і групе прыдворных вучоных. Эдыктам Седжона «Хунмін чаным» («Настаўленне народу аб правільным вымаўленні», 1446) быў уведзены кар. алфавіт з 28 літар для уніфікацыі чытання кіт. іерогліфаў і запісу кар. мовы. З 2-й пал. 15 ст. ўзнікла змешанае (кіт.-кар.) пісьмо (знамянальныя словы пісаліся іерогліфамі, службовыя словы і грамат. паказальнікікар. літарамі). З 1949 у КНДР ужываецца толькі К.п., у Паўд. Карэі — змешанае. У сучасным кар. алфавіце 40 графем (24 простыя і 16 складаных). Літары камбінуюцца ў графічныя склады (лігатуры) у выглядзе квадратаў. Мінім. склад — «нямая» літара ў выглядзе кружка і літара для галоснай. Кірунак радка зверху ўніз і справа налева (кіт. тып), пашыраны і запіс тэксту злева направа і зверху ўніз (еўрап. тып). Асн. прынцып арфаграфіі (пасля рэформы 1933) — этымолага-марфал., у Паўд. Карэі з 1989 тэндэнцыя да фанет. напісання.

Літ.:

Хунмин чоным («Наставление народу о правильном произношении»). М., 1979.

Да арт. Карэйскае пісьмо. Карэйскі алфавіт.

т. 8, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА (Biblioteka Narodowa) у Варшаве, адна з буйнейшых бібліятэк Польшчы; навук. цэнтр па гісторыі кнігі і б-к, кнігазнаўстве. Засн. 24.2.1928. Стварэнне б-кі пачалося ў 1919. Асновай фондаў сталі б-кі, вернутыя з Сав. Расіі пасля падпісання Рыжскага дагавора 1921 (б-ка Залускіх, інш. варшаўскія б-кі), кнігазборы, створаныя палякамі ў эміграцыі (Францыя, Швейцарыя). З 1927 б-ка атрымлівае абавязковы экзэмпляр. З 1954 мае статус НДІ. У 2-ю сусв. вайну каля 300 тыс. адзінак захавання знішчана. Асн. фонд 7 млн. экз. (2001), сярод якіх рукапісы (23 тыс.), старадрукі (153,6 тыс.), іканаграфія (370,7 тыс.), выданні 19—20 ст., карты, ноты, графічныя лісты, гуказапісы і інш. Мае вял. калекцыю бел. рукапісаў і выданняў. У складзе б-кі: Бібліягр. ін-т (з 1928), які вядзе статыстыку друку, дзярж. бібліягр. бягучую і рэтраспектыўную рэгістрацыю друк. выданняў, у т. л. штотыднёвік «Pszewodnik bibliograficzny» («Даведнік бібліяграфічны»), штомесячнік «Bibliografia zawartości czasopism» («Бібліяграфія зместу часопісаў»); Ін-т кнігі і чытання (з 1955; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, сацыялогіі кнігі і чытання). Выдае часопісы, зб-кі навук. прац, манаграфіі, бібліягр. паказальнікі, каталогі выставак і інш.

Т.​І.​Рошчына.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),

персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.

Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.​М.​Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.​Д.​Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.​А.​Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш. Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).

На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.​Кіркору (1911), Я.​Купалу (1953), К.​Чорнаму (1954), П.​Глебку (1957), Я.​Ф.​Карскаму (1958), М.​Лынькову (1959), Я.​Коласу (1983), К.​Крапіве і І.​Мележу (1963), П.​Броўку (1976), М.​Багдановічу (1977), Ф.​Скарыну і У.​Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.​Г.​Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).

Л.​І.​Збралевіч.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБЫЛІ́ЦЫ,

фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш. Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.

Літ.:

Ивлева Л.М. Скоморошины: (Общие пробл. изучения) // Славянский фольклор. М., 1972;

Федорова В.П. Небылицы // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1975. Вып. 1;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979.

Л.​М.​Салавей, І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апара́т

(лац. apparatus)

1) прыбор, прыстасаванне для якой-н. пэўнай работы (напр. тэлефонны а., фатаграфічны а.);

2) сукупнасць органаў, якія выконваюць якую-н. функцыю ў арганізме (напр. зрокавы а., дыхальны а.);

3) органы кіравання (напр. дзяржаўны а.);

4) сукупнасць работнікаў якой-н. установы, арганізацыі (напр. а. міністэрства, гандлёвы а.);

5) заўвагі, паказальнікі і іншы дапаможны матэрыял да навуковай працы, выдання (напр. навуковы а., даведачны а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІРАСКО́П (ад гіра... + ...скоп),

сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.

Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл. Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл. Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл. Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.

Літ.:

Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;

Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;

Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.

А.​І.​Болсун.

Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,

найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.​М.​Сазонаў (вып. 1—16), М.​М.​Мяшчэрскі і М.​Л.​Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.​І.​Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.

Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.​М.​Пржавальскага і інш.

С.​М.​Ходзін.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)