Сухапа́йшчык ’батрак’ (Сцяшк. Сл.; калінк., Арх. ГУ). Складанае слова, у аснове якога, відаць, спалучэнне суха́я па́йка ’паквартальная аплата’ (гл. пай 1), параўн. польск. suche dni, myto kwartałowe ’тс’ (Варш. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ядзе́нне, ‑я, н.

Разм.

1. Прыём ежы; яда (у 1 знач.). [Доктар] упэўніваў, што пры такім, людскім спосабе ядзення — пайка нашага нам зусім досыць. Гарэцкі.

2. Тое, што ядуць і п’юць; ежа. Пасля сходу Супрон пазваў лепшых прамоўцаў і пачаставаў іх нарыхтаваным ядзеннем на вяселле. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КЛУБО́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.3.1933, в. Варонічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі металаў. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1977), д-р тэхн. н. (1973), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі. З 1975 нам. дырэктара Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі па Віцебскім аддзяленні, з 1994 дырэктар Ін-та тэхн. акустыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па пластычнасці і апрацоўцы металаў пры ўздзеянні на іх ультрагукавых ваганняў. Распрацаваў навук. асновы выкарыстання ультрагуку для кіравання працэсамі высокатэмпературнага сінтэзу, іонна-плазменнага напылення, уздзеяння ультрагуку на сплавы з памяццю формы; выкарыстання ультрагуку ў медыцыне і біятэхналогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Ультразвуковая пайка в радао- и приборостроении. Мн., 1985 (разам з М.​Д.​Цяўлоўскім, У.​Л.​Ланіным);

Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з М.​К.​Талочкам).

У.У.Клубовіч.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уча́стак Кавалак зямлі (БРС); сядзіба калгасніка (Жытк., Слаўг.); паласа, пайка (Жытк., Слаўг.); водруб, хутар (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Пай 1 ’доля, якая ўносіцца ў капітал якога-н. таварыства кожным яго ўдзельнікам’ (ТСБМ); у дыялектах часцей па́йка ’тс’, таксама ’надзел зямлі’ (Сл. ПЗБ), ’шчасце, удача’ (Бяльк.). Рус. пай, укр. пай ’тс’. Запазычанне з цюрк. моў: тур., крым.-тат., тат. pai ’частка, участак, пай’ (Радлаў, 4, 1118; Міклашыч, 230; Праабражэнскі, 2, 5; Фасмер, 3, 187).

Пай 2 ’выбітае, вытаптанае месца (на лузе, у полі і інш.), паёваць ’талаваць, нішчыць’ (ТС). Няясна. Відаць, да пай 1, праз значэнне ’ўчастак зямлі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

эквівале́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Што‑н. раўназначнае, раўнацэннае, раўнасільнае чаму‑н., здольнае поўнасцю замяніць яго. Хімічны эквівалент. Механічны эквівалент цяпла. □ Даніну модзе на грэчаскія словы аддавалі некаторыя дзеячы праваслаўя шляхам замены сваіх славянскіх прозвішчаў грэчаскімі эквівалентамі. Жураўскі. Сорак, восемдзесят, сто дваццаць грамаў — чвэртка, палавіна, тры чвэрткі пайка, шэры наздраваты кавалак салдацкага хлеба быў такі фантастычна магутны эквівалент, што да зеніту яго, да поўнай вагі, цэны, здаецца, і не даходзілі. Брыль.

[Лац. aequivalens, aequivalentis — раўназначны, раўнацэнны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Літоўка 1 ’від касы’ (лід., Сцяшк.), зах.- і паўн.-рус. литовка ’розныя віды кос’. Названа (першапачаткова) паводле месца выпуску. Да літва́ (гл.). Іншыя матывацыі гл. Непакупны, Связи, 155–157. Параўн. таксама Слаўскі, 4, 300–301.

Літоўка 2 ’доўгая сцірта сена’ (гродз., Сцяшк.). Рус. цвяр., наўг. литви́н ’сцірта аўса’, ’доўгая сцірта аўса’. Да літва́ (гл.). Аналагічна палес. ляшок ’укладка з 10 снапоў’ — лях ’паляк’ (паводле этноніма).

Літоўка 3 ’літаванне, пайка’ (Нас.). Да літава́ць (гл.). Насовіч (269) памылкова адносіць да літ. laitus ’клей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́лік Межавы калок з надпісам прозвішча, каму адмераны ўчастак поля, сенажаці, пасеву; адмераная пайка (Слаўг.). Тое ж паль (Палессе, Лемц. Айк.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

пай

1. Адмераны, выдзелены ўчастак лугу, лесу, засеву, поля; палоска (Слаўг.). Тое ж па́йка (Ветк., Рэч., Сал., Слаўг.).

2. Яма з вадой на балоце (Зах. Палессе Талст.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.​С.​Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.​Г.​Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс. км², насельніцтва — каля 4 млн. чал. Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр. камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач. крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВК Літ.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп. Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНК БССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп. ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ. ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ. ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.

Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.

Літ.:

Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;

Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;

Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;

Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;

Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)