падста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць пад што‑н. Ніна наліла вады ва ўмывальнік, тазок падставіла. Лобан. [Халуста] падышоў да скрыні, у якую праз жолаб сыпалася мука. Падставіў далонь і памацаў муку. Чарнышэвіч. // Падперці, падтрымаць чым‑н. [Максім Сцяпанавіч] падышоў да труны і, калі яе сталі падымаць, падставіў плячо. Карпаў.

2. Наблізіць, прыставіць да каго‑, чаго‑н. з якой‑н. мэтай. — Можна каля вас прысесці? — спытала [Людміла] салодкім галаском. — Проша, проша! — прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла. Колас. — Ды вы сядайце, сядайце, — падставіў бліжэй да стала два крэслы стары, — Сцяпан Ігнатавіч зараз павінен з’явіцца. Пальчэўскі. // Наблізіўшы або павярнуўшы, зрабіць даступным для каго‑, чаго‑н. Сева нехаця падставіў.. [бацьку] шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез з маці ў аўтобус. Карпаў. Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Шамякін.

3. Паставіць узамен, замяніць кім‑, чым‑н. Падставіць лічбу ў формулу. □ Наталля падышла да Рыгора, каб запрасіць на круг, той ветліва падставіў Уладыся Барэйку. Скрыган.

•••

Падставіць нагу (ножку) — а) паставіць сваю нагу так, каб аб яе спатыкнуўся другі чалавек; б) перан. зрабіць непрыемнасці пашкодзіць каму‑н. [Максім:] — Яно я і сам думаў паспрабаваць шчасця, але саступаю. Сваім нагу не падстаўлю. Асіпенка.

Падставіць (свой) лоб — прыняць на сябе нейкі ўдар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упе́рці, упру, упрэш, упрэ; упром, упраце; пр. упёр, уперла; заг. упры; зак., каго-што.

1. Разм. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць куды‑н. Уперці рэчы ў чамадан. // перан. Груб. З’есці многа. Закупіў бы рыбы, мяса, Кіло кракаўскай каўбасы, Хлеба белага з паўгорбы І, дальбог, адзін упёр бы! Васілёк.

2. Разм. Унесці, уцягнуць куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уперці раяль у хату.

3. Шчыльна прыціснуць што‑н. да чаго‑н. канцом, краем, робячы ўпор. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо. Быкаў. Генерал упёр бараду ў грудзі і гэтак, з апушчаным тварам, хацеў падацца назад у вагон. Чорны. [Сузон] высек тоўсты дубовы кол, каб падперці клець. Упёр кол канцом адным у зямлю, а другім у шула. Галавач. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. — Ну, што скажаш? — Цаліна ўзяла.. [Сароку] за падбародак, прымусіла ўзняць галаву, адпусціла. Рукі ўперла ў бокі і чакала адказу. Ваданосаў. // перан. Утаропіць вочы на каго‑, што‑н. Я нешта прамычаў, а ксёндз упёр у мяне вочы і наўмысна трымаў мяне некалькі хвілін у такім разгубленым стане. Карпюк.

4. Разм. Навязаць каго‑, што‑н. каму‑н. — Працуе тут у домакіраўніцтве адна. У інстытут не прайшла, дык да нас упёрлі. Даніленка. [Яніна] праклінае бацьку, як самага благога свайго ворага, за тое, што ўпёр яе ў гэтую сям’ю. Мурашка. // перан. Патраціць, выдаткаваць (грошы). [Якаў:] — А хіба Халуста здольны на такое, калі ён свайго Мікалая поедам жарэ кожны дзень, што грошы за яго ўпёр. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел. трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск. tram, tranдыял. паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх. trama ’апорная бэлька’, в.-луж. trama, н.-луж. tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац. trám ’бэлька, брус’, харв. кайк. trȃm, славен. trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням. trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням. trāme ’бэлька’, ст.-фрыз. trām(e) ’брус, бэлька’, нарв. tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ. atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýtiпадперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч. τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац. trabs < і.-е. *drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл. *tramъ са ст.-грэч. τραφηξ, лац. trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)