Прыгавары́ць ’назначыць пакаранне; рашыць, вырашыць; угаварыць, прываражыць, прывярнуць’ (ТСБМ), прыговоры́цца ’падлашчыцца, паддобрыцца ў размовах’ (ТС), прыгаво́рны ’хвароба, якую прыгаворваюць’ (Нар. Гом.). Да гавары́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя бяссуфіксныя назоўнікі з працягам і развіццём семантыкі: прыгаво́р ’рашэнне суда, пастанова, рашэнне, меркаванне па якому-небудзь пытанню’ (ТСБМ, Др.-Падб.), пры́гавар ’ухвала (на вясковым сходзе)’ (Др.-Падб.), прігаво́р ’прыгавор’ (Бяльк.); прыгаво́р, звыч. мн. л. прыгаво́ры ’словы, якімі суправаджаюць якое-небудзь дзеянне; урокі’ (ТСБМ; маг., ЛА, 3), прыгаво́рны ’сурочаны’ (Байк. і Некр.), прыгаво́р ’прымаўка’ (брасл., даўг., в.-дзв., красл., лях., Сл. ПЗБ), прі́гывыр ’тс’ (Бяльк.); сюды ж памянш. прыгаво́рка, пры́гово́рка ’вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, прымаўка’ (Растарг., ТСБМ; гродз., в.-дзв., карэліц., Сл. ПЗБ; ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усадзі́ць, усаджу, усадзіш, усадзіць; зак.

1. што. З сілай уваткнуць вострым канцом, краем у што‑н. Усадзіць рыдлёўку ў зямлю. □ Дзядзька ўсадзіў сякеру ў бервяно, выпрастаўся і раптам глуха і хрыпла пачаў выгаворваць пляменніку. Мікуліч. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. Колас. // Выстраліўшы, трапіць куды‑н. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набою ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі. Народны мсцівец параўняўся з ім, зазірнуў у твар, каб не памыліцца, а потым павярнуўся і ўсадзіў кулю ў спіну здрадніку. Няхай.

2. што. Усунуць унутр чаго‑н., у што‑н. Люба ўжо не замыкала і шчыльна не зачыняла дзвярэй, каб.. [Стафанковіч], вярнуўшыся, не стукаў, а проста сам усадзіў галаву і сказаў бы сабе, што яму спатрэбіцца. Чорны. Потым усадзіў [Анупрэй] руку ў кішэню, пачаў шукаць люлькі. Пестрак. Усадзіла [Ніна] ногі ў шлёпанцы і вярнулася к тэлефону — пазваніць Васілю Кузьмічу. Лобан. // перан. Уставіць сваю заўвагу, сваё слова і пад. у чыю‑н. размову. Ірма хацела, відаць, паддобрыцца, а можа і тут убачыла штосьці смешнае, бо ўсадзіла сваё: — Фрау Грубэр, і я ўжо бачыла.. [палонных]. Брыль.

3. каго-што. Прапанаваць, прымусіць або памагчы сесці; пасадзіць. Сынклета Лукінічна правяла.. [Шашу] ў пярэдні пакой, усадзіла на канапе каля стала. Шамякін. Гаспадыня зноў усадзіла гасцей за стол. Гурскі. Кастусь усадзіў Ліпу ў кабіну, а сам палез у кузаў. Гаўрылкін. [Раненых] ўсадзілі і ўлажылі на пярэднія падводы, дапамаглі ямчэй умасціцца. Жычка.

4. каго. Прымусіць займацца чым‑н. (звычайна седзячы). [Вера Антонаўка] без дай прычыны, проста па звычцы, абышла пакоі, усадзіла за піяніна Леначку і села побач. Карпаў. Прывучаць мяне сталі да працы, За шавецкі ўсадзілі варштат. А. Александровіч.

5. што. Разм. Пасадзіць пячыся. Усадзіць хлеб у печ.

6. што. Заняць раслінамі які‑н. участак зямлі; засадзіць. Усадзіць градку кветкамі.

7. перан.; што і чаго. Разм. Расходаваць, патраціць вялікую колькасць чаго‑н. Зіна паехала .. у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец, калі яго шыў, кіраваўся толькі адным прынцыпам: пастарацца як найбольш усадзіць у яго ваты. Карпюк. — Чакай, — кажа Усевалад. — От гэта правільна, якраз ты [Барыс] мне і думку падаў. Гэта ж таксама тыя лішнія запасы, у якія мы бог ведае колькі грошай усадзілі. Скрыган.

•••

Усадзіць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)