заўсёднік, ‑а, м.

Разм. Сталы наведвальнік чаго‑н. Варта іншаму скептыку разок-другі наведаць гарадскі клуб турыстаў, пагутарыць з яго заўсёднікамі, як, глядзіш, праз пэўны час і ў яго з’яўляюцца сімптомы дзіўнага «захворвання» — імя якому турызм. «Звязда». Акрамя харыстаў і заўсёднікаў бібліятэкі — хлопцаў і дзяўчат, на голас баяна прыйшлі маладзіцы і пажылыя жанчыны. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дзіцца, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак.

1. Папрасіць парады ў каго‑н. Цяпер у Алеся часта з’яўлялася жаданне стрэцца з.. [Калачынскім]. Пагутарыць.., парадзіцца, прызнацца ва ўсім. Чарнышэвіч. Няма каму сказаць шчырага слова, няма з кім нарадзіцца... Зарэцкі.

2. Абмяняцца думкамі, парадамі; параіцца. На папярочцы-сценцы, што аддзяляла загуменні ад папару, хлопцы прыпыніліся парадзіцца, як ісці к лесу. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зрачы́, зраку́ць (3 ас. мн. л.), зрок (прощ. ч. адз. л.) ’пашкодзіць дурным вокам, сурочыць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. уст. зречи́ ’сказаць’, зректи́ся ’адракацца’, польск. zrzec się ’адмовіцца, адрачыся’, чэш. zříci se ’тс’, славац. zriecť sa ’тс’, в.-луж. zrěčėćпагутарыць, абмеркаваць, дамовіцца’, славен. izréči ’выгаварыць, выказаць’, серб.-харв. изрѐћи, ѝзрећи ’выказаць, аб’явіць’, макед. изрече ’тс’. Ст.-слав. издрешти ’выказаць’. Ст.-рус. изречи ’тс’ (XI–XII стст.). Бел. дыял. зрачы, верагодна, з jьz‑rek‑ti (корань rek‑, гл. рэч) мае асаблівае семантычнае развіццё: відаць, jьz‑rek‑ti ’выказаць’ азначала ’выказаць словы, што могуць пашкодзіць’ (параўн. таго ж кораня сурочыць), а потым наогул ’зрабіць шкоду без фізічнага ўздзеяння’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. з інф. Займець намер што‑н. зрабіць. Намерыцца паехаць у падарожжа. □ Рыгор Яўхімавіч цвёрда намерыўся заўтра ж пагутарыць з .. Дашчынскай. Асіпенка. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася. Мележ.

2. Нацэліцца; падняць што‑н. для выстралу, удару і пад. Ён намерыўся і стрэліў. □ [Вайсковец:] — Я падпусціў .. [чалавека] на крокаў дзесяць, намерыўся і шпурнуў у яго сякерай — іншай зброі ў той момант са мной не было. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. каго. Наведаць, праведаць. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Краўчанка.

2. што і чаго. Зазнаць. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а.. [дубы] спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́ра, ‑ы, м. і ж.

1. ж. Непакорнасць, непадуладнасць каму‑н. [Думцы Я. Купалы] пастаянна ўласцівы дух непакоры, бунту, пратэсту. Навуменка.

2. м. і ж. Такі, якога немагчыма скарыць. Карчагін... Ён выстаяў скрозь, непакора! Глядзіць са старонак сурова, з дакорам. Арочка.

3. м. і ж. Упарты чалавек; неслух. Спачатку.. [бацька] намерыўся было сесці на лаву, пагутарыць з Галінай аб яе жыцці, вучобе.., падзяліцца, з бачкой сваімі думкамі, але рагаталі перадумаў, рэзка махнуў рукою і выйшаў за дзверы. — Во, стары непакора, — злосна заключыла маці, ставячы на стол пачастунак. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвілі́на, ‑ы, ж.

1. Тое, што і мінута (у 1 знач.). [Пятро:] — Да пасадкі заставалася хвілін дзесяць палёту. Мележ. Конан махнуў рукою: у нашым вясковым жыцці пяць хвілін — не час. Лобан.

2. Кароткі прамежак часу; момант, імгненне. Выходзіш. Хвіліну глядзіш, як хістаюцца Пад ветрам асіны над скошанай пожняю. Панчанка. Хурс цяпер цёрся каля ўсялякіх інтэнданцкіх кіраўніцтваў, .. але ні на хвіліну не спускаў вока з глухіх дарог. Чорны. // якая або чаго. Пэўны, чым‑н. прыкметны прамежак часу. [На плошчу] і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну. Колас. Цяжкая хвіліна расставання заўсёды хвалюе. Няхай.

•••

З хвіліны на хвіліну — скора, вось-вось.

У адну хвіліну — вельмі хутка.

Хвіліна ў хвіліну — у час, у дакладна ўстаноўлены тэрмін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спеў, спеву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спяваць, а таксама гукі гэтага дзеяння; спяванне. Час далёкі, час маленства Нечакана ажыве. Чую — спеў жалейкі з лесу Перапёлкаю плыве. А. Александровіч. Цябе вітаюць спевам ціхім каласы, пераліваюцца — віюцца галасы. Дубоўка. Цёплы вецер Заносіць спеў мірных гудкоў, Звон далёкіх апошніх трамваяў. А. Астапенка.

2. Песня. Свой спеў салавейка У галлі адшчабеча. Купала. З-пад пяра Алеся Гурло з яўляецца аптымістычны спеў «Не тужы». Хведаровіч. Танцаваць зноў пайду, Новы спеў засяду, Бо, як вішня, жыццё Зацвіло, зацвіло! Бядуля. // Песня рэлігійнага зместу.

3. Выкананне песень, арый і пад. як мастацтва. [Сашы] даўно ўжо захацелася пагутарыць з чалавекам, які разбіраецца ў спевах і мог бы па-сапраўднаму ацаніць яго голас. Рунец. Савецкае мастацтва харавога спеву займае пачэснае месца ў эстэтычным выхаванні працоўных. Шырма.

4. толькі мн. (спе́вы, ‑аў). Вучэбны прадмет. Апрача беларускай мовы і літаратуры, я выкаадала спевы. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Колас. // Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно. Грамовіч. Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці. Шамякін.

2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Гартны.

•••

Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.

Трапіцца на вочы каму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.

Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трапіцца каму‑н. насустрач; сысціся з кім‑н., рухаючыся з розных бакоў. Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем. Колас. Па дарозе жнеі спаткаліся з незнаёмай. Гурскі. Праз некалькі дзён .. [Усця] выпадкова спаткалася з Васілём насупраць сельсавецкага двара. Кулакоўскі. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Але глянь, Марселіна, нашы рукі спаткаліся зноў. Гэта ж праўда, што больш я ніколі не страчу цябе? Кірэенка. // Паглядзець адзін другому ў вочы, абмяняцца поглядамі. Гаворачы, [Кастусь] зірнуў на дзяўчат і на момант спаткаўся поглядам з Аксанінымі вачыма. Галавач. Нашы позіркі спаткаліся, і Зіна ўсміхнулася. Грамовіч. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці. Больш праўдзіва выступае непрыстасаванасць героя да фізічнай працы, з якой ён спаткаўся на лесапільні. Хромчанка.

2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; убачыцца з кім‑н. У нядзелю .. [Лёдзя і Юрка], як і было ўмоўлена, спаткаліся ля ўваходу ў Палац культуры будаўнікоў. Карпаў. Радасна, прыемна спаткацца, пагутарыць з дружнымі і вясёлымі жыхарамі Заполля. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)