спатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трапіцца каму‑н. насустрач; сысціся з кім‑н., рухаючыся з розных бакоў. Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем. Колас. Па дарозе жнеі спаткаліся з незнаёмай. Гурскі. Праз некалькі дзён .. [Усця] выпадкова спаткалася з Васілём насупраць сельсавецкага двара. Кулакоўскі. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Але глянь, Марселіна, нашы рукі спаткаліся зноў. Гэта ж праўда, што больш я ніколі не страчу цябе? Кірэенка. // Паглядзець адзін другому ў вочы, абмяняцца поглядамі. Гаворачы, [Кастусь] зірнуў на дзяўчат і на момант спаткаўся поглядам з Аксанінымі вачыма. Галавач. Нашы позіркі спаткаліся, і Зіна ўсміхнулася. Грамовіч. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці. Больш праўдзіва выступае непрыстасаванасць героя да фізічнай працы, з якой ён спаткаўся на лесапільні. Хромчанка.

2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; убачыцца з кім‑н. У нядзелю .. [Лёдзя і Юрка], як і было ўмоўлена, спаткаліся ля ўваходу ў Палац культуры будаўнікоў. Карпаў. Радасна, прыемна спаткацца, пагутарыць з дружнымі і вясёлымі жыхарамі Заполля. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)