КАЧА́НАЎ (Яўген Іванавіч) (20.8.1919, в. Доўгавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Крымскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах — сяржант, камандзір стралк. аддзялення. Вызначыўся ў баях за р.Одэр. 27.1.1945 аддзяленне К. першае фарсіравала раку, у баі за расшырэнне плацдарма знішчыла каля 100 гітлераўцаў. Цяжка паранены К. не пакінуў поля бою. 28.1.1945 асабістым прыкладам падняў воінаў у атаку. Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ЦІЧЫ (лац. Lutici),
велеты, саюз зах.-слав. плямён у 8—12 ст. на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м., паміж рэкамі Одра (Одэр) і Лаба (Эльба) на тэр. сучаснай Германіі. Саюз аб’ядноўваў плямёны хіжан, далянчан, ратараў (гал. племя, у іх г. Рэтра знаходзілася гал. святыня Л. — храм Сварожыча) і інш. Займаліся сельскай гаспадаркай, рамяством і марскім гандлем. У 9 — пач. 10 ст. Л. кіраваў князь ратараў, пазней — сход плем. знаці. У пач. 12 ст. пасля больш як 300 гадоў барацьбы заваяваны герм. феадаламі і германізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Андрэй Мінавіч) (2.10.1906, в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобласці — 18.11.1976),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну партызан, з чэрв. 1944 на фронце, сапёр. Вызначыўся ў 1945: у студз. ў час прарыву варожай абароны зняў 42 міны, у лютым пераправіў цераз Одэр 400 скрынак боепрыпасаў, 1,5 т прадуктаў; у сак. з групай байцоў зрабіў 2 праходы ў мінных палях, зняў 150 мін; у крас. зрабіў праходы ў мінных палях, размініраваў шашу, узначаліў групу па буд-ве моста цераз канал, чым забяспечыў паспяховы праход сав. тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НДСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава палабскіх славян (бодрычаў, люцічаў, памаран) у 1040-я г. — 1-й трэці 12 ст. Уключала тэр. на ўзбярэжжы Балтыйскага м., паміж вусцямі рэк Лаба (Эльба) і Одра (Одэр). Цяпер тэр.ФРГ.
Заснавальнік — бодрыцкі кн. Готшалк [1044—66]. Ён і яго пераемнік кн.Круты [1066—93], каб процістаяць герм.-каталіцкай экспансіі, намагаліся стварыць незалежную слав. царкву. Пры Крутым дзяржава пашырылася да Паўночнага м. Сын Готшалка князь (у дакументах «кароль») Генрых (правіў з 1093) вярнуў у краіну ням. епіскапаў, што выклікала хваляванні. Канчаткова Вендская дзяржава распалася каля 1129.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),
узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р.Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДЗЕ́РСКІ (Савелій Аляксеевіч) (23.4.1905, в. Дзяньгубка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 13.5.1977),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу кавалерыі (1938). У Чырв. Арміі з 1927. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Зах., Цэнтр., Бранскім, 1-м і 2-м Бел. франтах, камандзір палка. Палк. С. вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р.Одэр (Германія) і захопе плацдарма, дзе асабістым прыкладам натхняў воінаў падраздзяленняў свайго палка на рукапашныя схваткі пры адбіцці некалькіх контратак праціўніка. Да 1953 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНЯЗЬКО́Ў (Дзмітрый Нікандравіч) (н. 26.9.1922, в. Ляшчынец, цяпер ў межах г. Гомель),
Герой Сав. Саюза. Скончыў Гомельскае пед. вучылішча (1950), ваен.авіяц. вучылішча (1960). У Вял.Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі, Польшчы. Камандзір роты лейт. П. вызначыўся 20 і 22.4.1945 пры фарсіраванні р.Одэр каля г. Шчэцін (Польшча) і ў баі за вышыню, якую ўтрымліваў адзін агнём з кулямёта да падыходу асн. сіл роты. Да 1947 і ў 1951—69 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖО́Ў (Уладзімір Рыгоравіч) (1.5.1914, в. Майсееўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1974),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы камандзіраў батальёнаў і штабных работнікаў (1942). У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў у Германіі. Мотастралк. батальён на чале з маёрам Р. вызначыўся ў баях каля г. Кельцы (Польшча) у студз. 1945, калі прарваў абарону праціўніка, перарэзаў шашэйную дарогу і чыгунку на Кракаў, першы фарсіраваў р.Одэр, захапіў плацдарм і ўтрымліваў яго да падыходу падмацавання. Пасля вайны да 1962 на парт. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ (Павел Міхайлавіч) (29.7.1915, в. Крыцкія Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл — 1.3.1998),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу ў Ленінградзе (1947). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з жн. 1941 на Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Вызначыўся ў баях на рубяжы р.Одэр: з 27.1 да 4.2.1945 батарэя пад камандаваннем капітана К. ў раёне г. Алава (Польшча) адбіла 11 контратак пяхоты і танкаў праціўніка; 5 лютага, знаходзячыся ў акружэнні ворага, у крытычны момант бою К. выклікаў агонь сваёй артыл. на сябе, адбіў 14 контратак і ўтрымаў плацдарм. Да 1957 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РЫН (Пурынь) Павел Паўлавіч
(12.2.1911, в. Рэчыца Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.5.1977),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1932), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Ўкраіны, Малдовы, Прагі, штурму Берліна. Артыл. брыгада на чале з палк. П. вызначылася 27.1.1945, калі фарсіравала Одэр, скавала дзеянні праціўніка і дала магчымасць сапёрам аднавіць мост для пераправы сав. падраздзяленняў і баявой тэхнікі на плацдарм. Да 1956 у Сав. Арміі.