кампліме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Прыемная заўвага, пахвала каму‑н. — Я рады, што пасля мяне школа пераходзіць у моцныя, умелыя рукі, залатыя рукі, — зусім несвядома і шчыра зрабіў камплімент настаўніцы Іван Паўлавіч. Васілевіч. Кожны стараўся сказаць [Тамары Аляксееўне] самы прыемны .. камплімент, а калі ў каго не знаходзілася такога, то хоць .. прыемнаю ўсмешкаю выказаць сваё захапленне яе прыгажосцю. Колас.

[Фр. compliment.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сазва́ць, ззаву, ззавеш, ззаве; ззавем, ззавяце; пр. сазваў, ‑ла; зак., каго-што.

1. Паклікаць, запрасіць усіх, многіх; сабраць усіх, многіх. Сазваць гасцей. □ І ад гэтай думкі несвядома ўстрапянулася ў Ігнася радасць і захацелася яму саскочыць з цёмных палатак, пабегчы па зямлі, сазваць усіх людзей. Чорны.

2. Сабраць удзельнікаў (сходу, канферэнцыі і пад.) для работы, вырашэння якіх‑н. пытанняў. Сазваць кансіліум. Сазваць нараду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.

2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ

(ад лац. voluntas воля),

кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.

Я.М.Бабосаў.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)