сімпаты́чны², -ая, -ае (спец.).
1. Які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы.
С. нерв.
2. Які ўзнікае на іншых, блізкіх або сіметрычна размешчаных участках.
Сімпатычныя болі ў зубах.
3. Які аслабляе боль у хворага (пра нейтральныя лекавыя сродкі).
Сімпатычныя прэпараты.
○
Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.
Сімпатычная нервовая сістэма (спец.) — аддзел нервовай сістэмы, які ўдзельнічае ў рэгуляванні кровазвароту, абмену рэчываў і іншых функцыях арганізма.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ТА́ЛАВАЕ МА́СЛА,
сумесь арган. злучэнняў, атрыманая пры перапрацоўцы сульфатнага мыла — дадатковага прадукту сульфатнай варкі цэлюлозы.
Найб. пашырана Т.м. з хвоі — цёмна-рудая вадкасць, шчыльн. 994—1001 кг/м³, Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. Асн. кампаненты — смаляныя кіслоты (40—45%) і вышэйшыя ненасычаныя тлустыя кіслоты (прыкладна 40%), пераважна алеінавая, лінолевая і ліналенавая. мае таксама нейтральныя рэчывы (да 20%). Т.м. з драўніны лісцевых парод смаляных кіслот не мае. Солі кіслот Т.м. наз. талатамі. Выкарыстоўваюць Т.м. як сыравіну для атрымання каніфолі і вышэйшых аліфатычных кіслот, Т.м. з драўніны лісцевых і сумесі хваёвых і лісцевых парод як флотарэагент, кампанент змазачна-ахаладжальных вадкасцей.
т. 15, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНІ́ННАЯ СМАЛА́,
сумесь арган. рэчываў, якая ўтвараецца пры піролізе драўніны. Адрозніваюць адстойную (вылучаецца пры распластаванні вадкага піралізату), растваральную (знаходзіцца ў водным слоі) і экстракцыйную (вылучаюць з воднага слоя арган. растваральнікамі).
Адстойная Д.с. вязкая цёмна-рудая вадкасць з рэзкім пахам, пры перагонцы дае 30—60% дыстыляту, які мае фенолы (50—60%), нейтральныя рэчывы (20—30%), к-м (5—15%), і 30—50% драўніннага пеку — кубавая астача, у якой 60—80% высокамалекулярных фенолакіслот. Растваральная Д.с. мае вугляводы (25—30%), лактоны гідроксікіслот (да 30%), лятучыя к-ты (10—20%), фенолы і іх вытворныя (15—25%), а экстракцыйная — да 50—60% фенолаў. Выкарыстоўваюць як змякчальнік пры рэгенерацыі гумы, сувязнае для актываваных вуглёў, экстракцыйную — для атрымання паніжальнікаў вязкасці свідравінных раствораў.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
нейтра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да ваюючых дзяржаў. Нейтральная краіна. // Які паводле міжнароднай дагаворанасці не можа быць тэатрам ваенных дзеянняў або месцам размяшчэння войск. Нейтральныя воды. Нейтральны порт. // Нікім не занятая прастора паміж двума ваюючымі бакамі. Наша вёска знаходзілася на нічыйнай зямлі, у нейтральнай паласе. Хадкевіч. Вагон мінае памежныя слупы, праходзіць вузкую паску нейтральнай зоны і ідзе пад драўлянай аркай. Галавач.
2. перан. Які не становіцца на чый‑н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.). Заняць нейтральную пазіцыю ў спрэчках. Нейтральны наглядальнік. // Уласцівы для такога чалавека. Нейтральныя паводзіны.
3. Які не мае выразных адзнак (пра святло, колер і пад.). Святло ў Рэмбрандта ніколі не бывае рассеяным і нейтральным, яно заўсёды сканцэнтраванае, мэтанакіраванае. «Беларусь».
4. Спец. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі. Нейтральны раствор.
5. Спец. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду. Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часцінкай. «Маладосць».
[Ад лац. neuter — ні той, ні другі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нейтра́льны, -ая, -ае.
1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да дзяржаў, што ваююць.
Нейтральная краіна.
2. перан. Які не становіцца на чый-н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.).
Заняць нейтральную пазіцыю.
3. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі (спец.).
Н. раствор.
4. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду (спец.).
Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часціцай.
○
Нейтральная зона (паласа), нейтральныя воды — такія, на якіх, згодна з пагадненнем, не павінны весціся ваенныя дзеянні, размяшчацца ваенныя сілы.
|| наз. нейтра́льнасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы, абумоўленая наяўнасцю іонаў вадароду ў глебавым растворы, а таксама абменных іонаў вадароду і алюмінію ў глебавым паглынальным комплексе. Выражаецца паказчыкам pH. Бывае актыўная, або актуальная (кіслотнасць глебавага раствору) і пасіўная, або патэнцыяльная (кіслотнасць цвёрдай фазы глебы), якая падзяляецца на абменную і гідралітычную. Кіслыя глебы маюць pH 3,5—5,5, блізкія да нейтральных — 5,6—6,0, нейтральныя больш за 6 і да 7, больш як 7,0 — шчолачныя. Патрабавальнасць збожжавых, кармавых, садовых і ягадных культур да К. г. розная. Напр., пры pH 5,8—6,5 добра растуць азімая пшаніца, буракі, парэчкі і інш.; пры pH 5,3—6 — агуркі, суніцы, яблыня, ячмень і інш.; пры pH 4,5—5 — агрэст, шчаўе і інш.; на вельмі кіслых тарфяніках пры pH 4 і ніжэй — журавіны. Рэгулююць К. г. вапнаваннем кіслых, гіпсаваннем шчолачных глеб, фізіялагічна кіслымі і шчолачнымі ўгнаеннямі.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́НІЕВЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні іоннага характару агульнай ф-лы [Rn+1Э]+X −, дзе R — арган. радыкал ці (і) атам вадароду, Э — элемент гал. падгрупы V—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, X — аніён (OH, NO3, Cl, Br і інш.), n — ніжэйшая ступень акіслення Э. Да О.з. адносяцца аксоніевыя (Э — кісларод), фасфоніевыя (Э — фосфар), сульфоніевыя (Э — сера), чацвярцічныя амонію злучэнні. Большасць О.з. — фізіялагічна актыўныя рэчывы, оніевыя структуры ўваходзяць у склад многіх прыродных і біялагічна актыўных рэчываў (напр., ацэтылхалін, бетаіны).
Стабільныя О.з. — цвёрдыя солепадобныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках (растворы электраправодныя). Найб. стабільныя аксоніевыя злучэнні [R3O]+X− і чацвярцічныя амоніевыя солі. О.З., што маюць радыкалы з доўгім аліфатычным ланцугом, з’яўляюцца паверхнева-актыўнымі рэчывамі. Іх выкарыстоўваюць як нейтральныя мылы, антыбактэрыяльныя і дэзінфекцыйныя сродкі ў вытв-сці касметыкі. Да О.з. адносяцца многія арган. фарбавальнікі.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 11, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎКА,
стан гатоўнасці, схільнасці суб’екта да пэўнай актыўнасці ў адносінах да пэўнага аб’екта. Паняцце «У.» ўведзена ў ням. эксперым. псіхалогіі ў канцы 19 ст. (Г.Мюлер, Т.Шуман). Агульнапсіхал. тэорыю У. распрацаваў рас. псіхолаг Дз.М.Узнадзе, які эксперыментальна даказаў наяўнасць гатоўнасці індывіда да рэалізацыі актываванай патрэбнасці ў пэўнай сітуацыі (актуальная У.) і выявіў заканамернасці замацавання такой гатоўнасці пры паўтарэнні сітуацый, што дазваляюць задаволіць дадзеную патрэбнасць (фіксаваная У.). У сац. псіхалогіі і сацыялогіі паняцце «У.», ці аціцюд, абазначае каштоўнасныя адносіны індывіда да пэўнага сац. аб’екта, якія выяўляюцца ў гатоўнасці да станоўчай ці адмоўнай рэакцыі на яго. Сац. У. ўключае 3 аспекты: кагнітыўны (усведамленне аб’екта), афектыўны (эмацыянальная ацэнка аб’екта) і паводзінскі (дзеянні ў адносінах да аб’екта). Адрозніваюць пазітыўныя, негатыўныя і нейтральныя У. Сістэма разнастайных У. індывіда выступае рэгулятарам чалавечых паводзін і характарызуе агульную накіраванасць асобы, яе каштоўнасныя арыентацыі.
т. 16, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл. Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.
Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.
Літ.:
Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;
Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЮС (ням. Fluß літар. — паток, цячэнне),
дапаможны матэрыял, які выкарыстоўваецца пераважна ў металургічных працэсах, пры зварцы і пайцы.
У металургіі Ф. уводзіцца ў шыхту для забеспячэння вадкацякучасці, рафіновачнай здольнасці і інш. спец. уласцівасцей шлаку. Бываюць Ф. асноўныя (вапна, магнезія), кіслыя (крэменязём) і нейтральныя (гліназём, флюарыт). У ліцейнай вытворчасці Ф. (вапняк, флюарыт, даламіт, бура, крыяліт, кварцавае шкло і інш.) засыпаюць у вагранку ці інш. плавільную печ, каб выдаліць з металу шкодныя дамешкі серы і фосфару. Зварачны Ф. паляпшае якасць зварнога шва. Пры газавай і кавальскай зварцы выкарыстоўваюць буру, борную к-ту, хларыды, фтарыды, у якіх раствараюцца аксіды; пры электрашлакавай зварцы — здробнены, звычайна зярністы матэрыял складанага саставу, праз які прапускаюць эл. ток і атрымліваюць цеплату для нагрэву зварных дэталей. Пры пайцы Ф. у выглядзе парашку або пасты (хларыд цынку, хларыд амонію, каніфоль, бура і інш.) выкарыстоўваюць для ачысткі паверхняў, якія спайваюць, ад аксідаў і забруджванняў, прадухілення ўтварэння аксідаў у працэсе пайкі і г.д.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 16, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)