Стро́іць ‘рабіць, майстраваць’, ‘намячаць, накідваць (планы, здагадкі і інш.)’, ‘ставіць у строй’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘рыхтаваць, ладкаваць’ (ТС, Ян.; ваўк., Сл. ПЗБ), ‘будаваць’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.; в.-дзв., паст., брасл., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рамантаваць’ (астрав., Сл. ПЗБ; Ян.), ‘спраўляць (свята, вяселле)’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ‘ставіць (пра спектаклі)’ (паст., Сл. ПЗБ), стро́іцца ‘збірацца, імкнуцца што-небудзь рабіць’ (ТСБМ), ‘упраўляцца па гаспадарцы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. стро́їти ‘прыбіраць; ладзіць’, рус. стро́ить ‘будаваць, састаўляць, рабіць’, стараж.-рус. строити, польск. strojić ‘прыгожа апранаць; рыхтаваць, ладзіць’, в.-луж. trojić, н.-луж. tšojś ‘рыхтаваць; будаваць’, чэш. strojiti ‘рыхтаваць; гатаваць; прыгожа апранаць’, серб.-харв. стро̀јити ‘кастрыраваць; дубіць’, славен. strojíti ‘апрацоўваць (дубіць) сырую скуру’, балг. строя́ ‘будаваць’, макед. строи ‘будаваць; настройваць’, ст.-слав. строити ‘рыхтаваць, ладзіць’. Прасл. *strojiti — дэрыват ад *strojь (гл. строй1), гл. Фасмер, 3, 780; Сной₁, 615; Борысь, 580. Сюды ж стро́йка ‘будоўля’ (Сцяшк.), страе́нне ‘будынкі; хата з прыбудовамі’ (Янк. 1, Жд. 3), якія, відаць, уяўляюць сучасныя запазычанні з рус. стро́йка і строе́ние ‘тс’, як і само значэнне ‘будаваць’ у дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ме́ціць 1, мечу, меціш, меціць; незак.

1. у каго-што і без дап. Старацца папасці ў каго‑, што‑н.; цэліць. Наспяваўшыся, хлопцы пачынаюць кідацца шышкамі. Мецяць у пабелены каменны слупок на насыпе, які служыць нейкім чыгуначным знакам. Навуменка.

2. з інф. Мець намер, намервацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне. Тут закаваны ланцугом Фугасы рурскай маркі, Што мецілі мой мірны дом Разнесці на кавалкі. Калачынскі. Хвастом віляе, а ўкусіць меціць. Прыказка.

3. Разм. Імкнуцца стаць кім‑н., заняць якое‑н., часцей больш высокае становішча. Дзіка і сама меціла не абы-куды, а ніяк не ніжэй, як у кандыдат навук. Васілевіч. // каго. Намячаць каго‑н. на якую‑н. пасаду, становішча і пад. Не было сакрэтам, што мецілі на .. пасаду [сакратара парткома] галоўнага тэхнолага. Карпаў.

ме́ціць 2, мечу, меціш, меціць; незак., каго-што.

Ставіць на кім‑, чым‑н. адметны знак, метку. Увечары Ліда расказала брату, як яна меціла птушак. Пальчэўскі. [Ян Лайган і Нікіфаровіч] сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будава́ць, будую, будуеш, будуе; незак., што.

1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом. // без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна. // Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі. Шамякін. // Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі. Танк.

2. перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі. Палітыка. Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі. Астрэйка.

3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню. Васілевіч.

4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей. Адамовіч. Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад. «Звязда».

5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі. Жычка.

6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́іць 1, строю, строіш, строіць; заг. строй; незак.

1. што. Разм. Рабіць, майстраваць. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю — ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. Гартны.

2. што. У думках ствараць, намячаць, накідваць (планы, здагадкі і пад.). Каля Гнілога балота пастануць часамі дзядзькі, глядзяць, мяркуюць, праекты строяць. Колас. Вечарамі іншы раз, сабраўшыся сям’ёй за чаем,.. [Кудзіны] строілі планы на будучае, і ў гэтых планах цэнтральнае месца належала ёй, Марынцы. Хадкевіч. / у паэт. ужыв. Да працы ўсе, хто чуе сілу, Пад сцяг Чырвоны, Вольны сцяг! Капайце ворагам магілу, К Камуне стройце вольны шлях. Чарот. // Ладзіць, рабіць (прычоску). Марыйка ўзнімае галаву, падхоплівае рассыпаныя па плячах кучаравыя валасы, падыходзіць да люстэрка і пачынае строіць мудрагелістую прычоску. Ус.

3. што. Разм. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. І .. [бродаўцы] ўсе ў адзін мах: — Яўгена!!! — Не трэба хітрыкаў строіць. Баранавых. Над ёю [Марысяй] схілілася і строіла вясёлыя грымасы Ліна. Хомчанка.

4. каго-што. Ставіць у строй (у 1 знач.). Строіць полк.

•••

Смешкі строіць — насміхацца, смяяцца з каго‑н.

Строіць вочкі каму — какетліва паглядваць на каго‑н.

Строіць дурня — прыкідвацца дурнем.

Строіць дурня з каго — выстаўляць каго‑н. дурнем.

Строіць жарты (жарцікі) — жартаваць з каго‑н., насміхацца над кім‑н.

Строіць з сябе каго — прыкідвацца кім‑н., імкнуцца выдаць сябе за каго‑н., кім‑н.

Строіць камедыю — тое, што і ламаць камедыю (гл. ламаць).

Строіць кепікі (кпіны) — смяяцца, пакепліваць з каго.

Строіць міну — тое, што і рабіць міну (гл. рабіць).

стро́іць 2, строю, строіш, строіць; зак., каго-што.

Зрабіць трайным, размясціць, злучыць па тры, у тры разы, у тры столкі. Строіць рады. Строіць ніці. □ [Бадзягін:] — Заўтра ўсе як адзін павінны выйсці на ўборку. Здвоіць, строіць коней і працаваць на жняярках. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)