здранцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвелы, адзеравянелы. Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы. Новікаў. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Лынькоў.
2. перан. Які прыйшоў у стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад. Людзі пахаваліся па скляпах і, здранцвелыя, чакалі канца бою. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Праверыць, абшукаць вобмацкам, абмацаць. Калі крыху ўсё ўціхамірылася, супакоілася, Мішка ўчыніў дэталёвы агляд сваёй новай кватэры, абнюхаў кожны мяшок, прамацаў кожную скрынку. Лынькоў.
2. перан. Прыглядаючыся, вывучаючы, скласці ўяўленне, даведацца пра каго‑, што‑н. Далідовіч папрасіў сувязнога, .. каб той добра прамацаў усе закуткі ў гарадку — пакінуў жа там які-небудзь след Бярозка, калі толькі ён быў у Сінілаве. Шахавец.
3. Мацаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накляпа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Прыкляпаць што‑н. да чаго‑н. Накляпаць плешку на болт.
2. Кляпаннем зрабіць пэўную колькасць чаго‑н.
3. Ударамі малатка навастрыць (касу, нож і інш.). Тая [каса], што касіў Мішка залетась, была нядрэннаю. Каб яшчэ накляпаць яе.., мянташкай правесці, то працаваць можна. Кандрусевіч.
накляпа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Нагаварыць на каго‑н., узвесці паклёп. Папракнуў [Самарос] сябе за тое, што праз меру накляпаў на Каршукова, расказваючы Галаю пра гаворку з ім. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навастры́цца, ‑ваструся, ‑вострышся, ‑вострыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасля наточвання зрабіцца вострым. Піла добра навастрылася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць, зрабіцца больш адчувальным (пра органы пачуццяў).
3. перан. Разм. Стаць, зрабіцца больш уважлівым; насцеражыцца. — Ой, Мішка, што нядаўна было! — Сяргей аж за галаву схапіўся. — Што? — навастрыўся Міша. Курто.
4. Разм. Набыць уменне, спрыт, стаць спрактыкаваным у чым‑н. У адной хаце славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́ташна, безас. у знач. вык., каму.
1. Млосна, нядобра (пра стан здароўя). Накурыўся так, што моташна стала. □ Зірнуў яшчэ ўніз Мішка і моташна яму стала — нязручна быць лётчыкам без прывычкі. Лынькоў. Калыхаўся [хлопчык], пакуль не рабілася моташна, дамоў прыходзіў з асалавелымі вачыма. Хомчанка.
2. перан. Агідна, прыкра. [Паліна:] — Ды не дрыжы ты ўжо так!.. Глядзець моташна... Новікаў. Часамі абураўся і Уладзік. — Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна! Колас.
3. перан. Аб адчуванні тугі, адзіноты. Не варта было пакідаць .. [Зіну] сёння адну. Ёй адно горка і моташна. Васілёнак. — Моташна там на абрыве тарчаць, — уздыхнуў Мірон Патапавіч. — У сяло б перабрацца. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсячы́ і падсе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. падсек, ‑секла; заг. падсячы; зак., каго-што.
1. Надсячы знізу. Падсекчы пласт вугалю. Падсячы камель сасны. □ [Язэп] падсек дзве.. [бярозы]. Зрабіў лубкі, і першыя кроплі бярозавіку скаціліся па іх у прынесеную пасудзіну. Асіпенка.
2. і чаго. Разм. Насячы дадаткова, яшчэ трохі. Падсячы дроў.
3. перан. Разм. Падарваць асновы чаго‑н., прывесці ў заняпад што‑н. Падсекчы прыбыткі гаспадаркі. □ — Падсякуць, брат, заработкі мне, — казаў.. [Шкель]. Колас. // Рэзкай заўвагай збянтэжыць, паставіць у цяжкае становішча. Падсекчы дакладчыка раптоўным пытаннем.
4. Тузануць вудзільнам лёску ў той момант, калі рыба бярэцца за кручок. Паплавок зноў тузануўся і знік пад вадою. Мішка падсек, і хутка ладная краснапёрка затрапятала ў руках. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕРАШЧА́КІ,
шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Кобрыншчыны. У пач. 16 ст. згадваюцца Богуш і Мішка Верашчакі. У 1524 вял. князь ВКЛ Жыгімонт І Стары выдаў прывілей Богушу, Мішку, Стэцку, Івану і Сеньку Верашчакам на маёнтак Камень у Кобрынскім пав. У 1582 Шчэнсны, Міхаіл і Іван Верашчакі атрымалі пацвярджэнне на валоданне гэтым маёнткам ад Стафана Баторыя. У 18 ст. казначэй брэсцкі Піліп і яго сын Францішак (?—1762) сталі ўладальнікамі маёнткаў у Навагрудскім пав. Сын Францішка Антон (?—1806) быў маршалкам Навагрудскага пав. У 1-й чвэрці 19 ст. двор Верашчакаў у Туганавічах быў адным з гал. месцаў сустрэчы павятовай шляхты. У час канікул у 1820—21 сюды да тагачасных уладальнікаў Туганавіч Міхала і Юзафа Верашчакаў прыязджаў А.Міцкевіч. Тут ён сустрэў сваё вял. каханне — дачку Антона Марыю (у шлюбе Путкамер, 1799—1863), якой прысвяціў значную частку сваёй паэтычнай спадчыны.
В.У.Шаблюк.
т. 4, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў Мікола
(Мікалай Іванавіч; 8.5.1934, в. Заполле Віцебскага р-на — 25.11.1991),
бел. графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1959). Працаваў на радыё, у ІМЭФ АН Беларусі, з 1963 гал. мастак Дзяржкамвыда Беларусі. Аформіў кнігі: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984, усе разам з Г.М.Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік і аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік і аўтар тэксту, з Галубовічам) і інш. У творчасці відавочны асэнсаванне лепшых здабыткаў сусв. кнігамастацтва, сувязь з нац. маст. традыцыямі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў вершаў і казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) і інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра бел. мастакоў.
Тв.:
К.М.Касмачоў. Мн., 1970;
Г.Г.Паплаўскі. Мн., 1974;
А.М.Кашкурэвіч. Мн., 1976;
Мастацтва мужнасці і гераізму. Мн., 1976;
С.Р.Раманаў. Мн., 1979;
Васіль Шаранговіч. Мн., 1981;
Праздники: Стихи. Мн., 1982.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
смяя́цца, смяюся, смяешся, смяецца; смяёмся, смеяцеся; незак.
1. Праяўляць весялосць, радасць і пад. пры дапамозе характэрных перарывістых гукаў смеху. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас. Мішка расказвае нешта, а хлопцы смяюцца. Брыль. «Я ўратаваў жыццё чалавеку», — ад гэтай думкі хацелася бегчы, смяяцца і спяваць. Шамякін. / у вобразным ужыв. Ізноў вясна, ручай ліецца, Шчабечуць птушкі, лес смяецца. Васілёк. Зямля ў прыгожых фарбах, Людзьмі смяецца вуліца, Заглянуць сонцу ў твар бы, Калі за хмары туліцца... Чарот. // Выражаць весялосць (пра вочы, твар і пад.). Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
2. з каго-чаго. Насміхацца, здзекавацца з каго‑н.; высмейваць каго‑, што‑н. Смяюцца людзі з Кузьмовага сына. Якімовіч. Верыць ён [Вова] усім на свеце, І з яго смяюцца дзеці. Дзеружынскі. // Разм. Жартаваць, гаварыць несур’ёзна. — Цяньком лепш будзе ехаць, заедзі менш, — смяяліся сяляне. Пальчэўскі.
•••
Смяяцца ў бараду (рукаў) — смяяцца ціха, непрыкметна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)