плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.Берэйтэр (ЗША), М.Манані (Францыя), А.Мілер (Швейцарыя), Р.Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦККПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦККПЗБ былі А.А.Альшэўскі, М.С.Арэхва, М.А.Блінчыкаў, Ю.Брун, С.І.Будзінскі, Р.Д.Вольф, А.У.Канчэўскі, П.Корчык (І.К.Лагіновіч), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, А.М.Розеншайн, А.С.Славінскі, Е.І.Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.
амерыканскі пісьменнік. Брат філосафа і псіхолага У.Джэмса. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. З 1875 жыў у Англіі. Сябраваў з І.Тургеневым, творчасць якога (а таксама Н.Хотарна) паўплывала на фарміраванне эстэт. поглядаў Дж. Аўтар больш як 20 раманаў, у т. л. «Амерыканец» (1877), «Вашынгтонская плошча» (1880), «Жаночы партрэт» (1881), «Бостанцы» (1886), «Нязручны ўзрост» (1899), «Залатая чаша» (1904), аповесцей, у т. л. «Дэйзі Мілер» (1879), «Урок майстра» (1892), літ.-крытычнага даследавання «Майстэрства рамана» (1834), больш за 100 апавяданняў, а таксама п’ес, навел і эсэ. Дж. разважаў над узаемаадносінамі Новага і Старога свету (амер. і еўрап.культ. традыцыямі), вытокамі нац.амер. менталітэту. Яго прозе ўласцівы прытчавасць, сімвалічная абагульненасць вобразаў, рэфлексіўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МБЕРГ (Якаў Мікалаевіч) (16.12.1909, г. Адэса, Украіна — 27.1.1993),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыў драм. курсы пры кінастудыі «Масфільм» (1937). З 1938 у бабруйскіх калг.-саўгасным і абл.драм. т-рах, у 1947—73 у Гродзенскім абл.драм. т-ры. Выканаўца драм., камед. і характарных роляў. Акцёрскай рабоце К. ўласцівы псіхал. выразнасць і лаканізм сцэн. сродкаў. Сярод роляў: у калг.-саўгасным т-ры — Батура («Партызаны» К.Крапівы), Елеся («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага); у Бабруйскім абл.драм. т-ры — Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — Цярэшка («Трыбунал» А.Макаёнка), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Шмага, Аркашка («Без віны вінаватыя» і «Лес» Астроўскага), Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя запазычання, тэорыя вандроўных сюжэтаў,
тэорыя, якая тлумачыла падабенства фальклору індаеўрап. народаў міграцыяй вусна-паэтычных твораў.
Вял. пашырэнне мела ў 2-й пал. 19 ст. побач з міфалагічнай тэорыяй (гл.Міфалагічная школа). Пачатак М.т. паклаў ням. філолаг Т.Бенфей. Прыхільнікі яе — зах.-еўрап. даследчыкі Р.Кёлер, Г.Парыс, А.Клоўстан, рускія А.М.Пыпін, У.В.Стасаў, У.Ф.Мілер. Недахопам М.т. было тое, што яна разглядала фальклор у адрыве ад асяроддзя, у якім ён бытаваў. Аднак увяла ў навук. ўжытак вял. фактычны матэрыял, пашырыла ўяўленне пра духоўную спадчыну індаеўрап. народаў. Бел. збіральнікі і даследчыкі фальклору ў 19 — пач. 20 ст. выявілі нямала фактаў фальклорнай міграцыі, узаемнага запазычання ў творчасці суседніх, асабліва слав. народаў (Р.С.Зянькевіч, Е.Р.Раманаў, Я.Ф.Карскі).
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер с итал. М., 1960;
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.
Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦККПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦККПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦККПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт. сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦККПЗБ абраны Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк, А.Р.Капуцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, Л.І.Родзевіч, В.З.Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.
Літ.:
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦККПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл.ЦККПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦККПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел.нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦККПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл.ЦККПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),
паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.
Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату 1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.
Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б.СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В.Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел.нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж.бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.