МАЖО́РА-МІНО́Р, мажора-мінорная сістэма,

аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III і VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;

Григорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;

Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́НІ ((Bellini) Вінчэнца) (3.11.1801, г. Катанія, Італія — 23.9.1835),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў неапалітанскай кансерваторыі «Сан-Себасцьяна» (1819—25 ці 27) у Н.​А.​Цынгарэлі. Музыцы Беліні ўласцівы рамант. ўзнёсласць, мяккі лірызм. У яе аснове экспрэсіўная вак. мелодыка шырокага дыхання, неперарыўнасць развіцця, віртуозны бляск. Зрабіў вял. ўклад у развіццё опернага жанру, стылю бельканта, імкнуўся да натуральнага ўвасаблення ў музыцы моўных інтанацый, надаў драм. выразнасць опернаму рэчытатыву. Аўтар 11 опер, у т. л. «Пірат» (1827), «Чужаземка» (1829), «Капулеці і Мантэкі» (1830), «Самнамбула», «Норма» (1831), «Беатрычэ ды Тэнда» (1833), «Пурытане» (1835), кантаты «Ісмена», 7 сімфоній (1818—24), духоўнай музыкі, рамансаў, канцанет і інш.

Літ.:

Крунтяева Т.С. Винченцо Белини (1801—1835). Л., 1984;

Pastura F. Bellini secondo la storia. Parma, 1959.

В.Беліні. Партрэт работы невядомага мастака.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІЯ ПЕ́СНІ, пятроўкі,

песні летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы беларусам і інш. славян. народам. Спявалі іх у час стараж. земляробчага свята Пятра (праз 5 дзён пасля Купалля). Сюжэтам яны блізкія да купальскіх песень і часам іх цяжка адрозніць. Аднак у П.п. мала абрадавых элементаў, дамінуюць сямейна-бытавыя, сямейныя матывы. На Беларусі ў некат. мясцовасцях пятроўкамі называюць усе купальскія песні, а таксама жніўныя песні (Столінскі, Жабінкаўскі р-ны). Ва ўсх. раёнах Магілёўшчыны да П.п. адносілі і траецкія песні. Таму жанравыя характарыстыкі П.п. даволі ўмоўныя. Найб. цікавыя П.п. з арыгінальнымі «пятроўскімі» напевамі. Вядомы ў Брэсцкім, Бешанковіцкім, Крупскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім, Быхаўскім і інш. раёнах. Яны ўключаюць песні з больш ці менш выразнай секундавай пераменнасцю ніжняга апорнага тону і характэрнай заключнай 6-складовай фігурай мелодыка-тэкставага рытму.

Публ.: Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968.

Г.​В.​Таўлай.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАНА́ЦЫЯ (ад лац. intono гучна вымаўляю) у мовазнаўстве, сукупнасць фанет. сродкаў (мелодыка, інтэнсіўнасць, тэмбр, працягласць і інш.), што служаць для афармлення фразы і асобных яе частак у адзінае цэлае. З дапамогай І. маўленне падзяляецца на адрэзкі (сінтагмы, фразы), якія з’яўляюцца пэўным фанет., сінтакс. і сэнсавым адзінствам. Існуе І. апавядальная, пытальная, пералічальная, клічная і інш. У бел. мове вядомы розныя тыпы інтанацыйных канструкцый, кожны з якіх мае свае фанет. якасць і здольнасць перадаваць сэнсавыя адрозненні сказаў з аднолькавым сінтакс. і лексічным складам. Кожная інтанацыйная канструкцыя мае свой цэнтр — лагічны націск. Зрух яго перадае розныя сэнсавыя адрозненні ўнутры сказа («Мы сустрака́емся заўтра? — Мы́ сустракаемся заўтра? — Мы сустракаемся за́ўтра?»). Параўнанне І. бел. фраз з адпаведнымі фразамі роднасных слав. моў вылучае яе тыпалагічныя і спецыфічныя рысы, адзначае больш павольны тэмп бел. маўлення, асаблівы характар інтэнсіўнасці ў апавядальных фразах.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Николаева Т.М. Фразовая интонация славянских языков. М., 1977.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́МЕННЫ СПЕЎ, стаўповы спеў,

асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл. Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл. Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл. Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.​Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічная М., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.

Літ.:

Римский-Корсаков Н.А. Практический учебник гармонии (1886, 1893) // Полн. собр. соч. М., 1960. Т. 4;

Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.​Глінскі, Я.​Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.​Бутвілоўскі, Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, І.​Лучанок, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.​Алоўнікава, Лучанка, Ю.​Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... + грэч. phōnē гук),

1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл. Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц. матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш.нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.​Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.​Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.​Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл. Гамафонія).

2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.

Літ.:

Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;

Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;

Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,

асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш. нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл. Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;

Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;

Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)