ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),

бел. мастачка. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл. гл. таксама ў арт. Нацюрморт.

Г.​А.​Фатыхава.

А.Замай Сонейка. 1988.

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),

бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.

Г.Ісаевіч. Дэкаратыўны набор «Лета». 1971.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНА́ (Лідзія Аляксандраўна) (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМ СССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.​С.​Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг. т-ра оперы і балета (1952—54).

Л.Ільіна. Мадонна. З серыі «Мацярынства». 1967.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎДВЕ́Э (Сільвія Янаўна) (н. 21.8.1927, в. Лехцэ Ярваскага пав., Эстонія),

бел. і эстонская мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Дзярж. маст. ін-т Эстоніі (1961). З 1961 мастак шклозавода «Нёман» у г.п. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл. З 1974 жыве ў Эстоніі, некат. час працягвала супрацоўніцтва са шклозаводам «Нёман». Аўтар узораў маст. посуду, які вызначаецца пастэльным каларытам, выяўленчасцю дэкору, высокай прафес. культурай, дызайнерскім падыходам: наборы «Універсальны» (1967), «Чырвона-сіні» (1968), «Масква золатагаловая» (1972), «Кухонны» (1973), «Гульня з шарамі» (1974), «Ветразі», «Поле» (абодва 1977), кубкі «Званочкі» (1971), «Талін», «Тарту» (абодва 1984), прыборы для крушону «Нектар» (1969), наборы падсвечнікаў «Люты» (1978), кампазіцыі «Флора», «Вясна», «Старыя лямпы» (усе 1969), анімалістычныя скульптуры, вострахарактарныя маскі, гратэскныя партрэты і інш. Аўтар вітража ў будынку гасцініцы пасольства Беларусі ў Маскве (1978).

М.​М.​Яніцкая.

С.Раўдвеэ. Камплект «Кухонны». Фрагмент 1973.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)