Пацые́т, пацыят ’франтон’ (Сл. Брэс.; свісл., Сцяшк. Сл.; лін., Шатал.; драг., іван., пін., лельч., нараўл., мазыр., ДАБМ, к. 230). Праз польскую мову (параўн, польск.facjata ’мансарда’, ’сярэдняя частка франтальнай сцяны будынка, высунутая за гзымс’, ’твар, морда’, ст.-польск. ’выгляд’) з італ.facciata ’фасад’. Аб мене ф > п у бел. гаворках гл. Карскі, 1, 343.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПО́РАЗАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны 19 ст. ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Размешчана каля дарогі на в. Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом — прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом пастаўлены на падмурку з драўляных брусоў. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаны на гал. фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны 2 двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтр. ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Інтэр’еры не захаваліся. Парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перад гал. фасадам дома размешчаны круглы партэр.