КО́ЛАС (Іван Андрэевіч) (н. 5.6.1923, в. Каратынічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі ў Вял.Айч. вайну, разведчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1994), палк. (1985). Скончыў Мазырскаепед. вучылішча (1939). З 1942 на падп. рабоце ў тыле ворага ў Харкаўскай вобл., потым у Лельчыцкім р-не — камандзір партыз. атрадаў імя Кутузава, імя Калініна і інш. У 1943—44 вёў падп. і развед. работу на акупіраванай тэр. Пінскага, Баранавіцкага, Лідскага, Ваўкавыскага р-наў, Польшчы. У вер. 1944 у час Варшаўскага паўстання 1944 па заданні Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання закінуты ў Варшаву. Потым да канца вайны вёў разведку ў Берліне. З 1949 у Гал. разведупраўленні Мін-ва абароны СССР. Аўтар шэрагу кніг аб Вял.Айч. вайне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́Т (ад грэч. háls соль),
каменная соль, мінерал класа хларыдаў, хларыд натрыю, NaCl. Мае 39,34% натрыю, 60,66% хлору. Прымесі: бром, марганец, медзь, галій, мыш’як, серабро і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя, радзей актаэдрычныя. Агрэгаты зярніста-крышт., шчыльныя, валакністыя, радзей у выглядзе нацёкаў, скарынак, налётаў, сталактытаў, выцвітаў, друзаў. Бясколерны, прымесямі афарбоўваецца ў розныя колеры. Празрысты. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Крохкі. Лёгка раствараецца ў вадзе, мае салёны смак. Утвараецца пераважна асадкавым шляхам (крышталізуецца з марской вады ў лагунах і рэліктавых азёрах, якія перасыхаюць), вядомы ў вулканічных вазгонах і экзагенных выцвітах. Гал. тыпы радовішчаў: каменная і калійная солі ў асадкавых горных пародах; самасадачная соль сучасных азёр; саляныя крыніцы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкст., фармацэўтычнай, хім. і энергет. прам-сці, электраметалургіі, халадзільнай справе, у вытв-сці пластмас і інш.Прамысл. радовішчы на Украіне, у Расіі, ЗША, Германіі. На Беларусі прамысл. паклады галіту вядомыя ў дэвонскіх адкладах. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча каменнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс.н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.
сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел.пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч.г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, у межах Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. да 260 км, шыр. да 130 км. Разведаныя запасы каменнай солі 22 012,8 млн.т, калійнай — 7171,7 млн.т. Перспектыўныя запасы калійнай солі — 4229,8 млн.т. Першае Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей (разведана ў 1949) эксплуатуецца з 1963. На калійныя солі разведаны Петрыкаўскае радовішча калійных солей і Акцябрскае, выяўлена 5 перспектыўных плошчаў: Драздоўская, Светлагорская, Навадубраўская, Капаткевіцкая і Жыткавіцкая. Разведаны радовішчы каменнай солі: Давыдаўскае радовішча каменнай солі, Мазырскае радовішча каменнай солі і Старобінскае. Мазырскае радовішча эксплуатуецца шляхам падземнага растварэння каменнай солі і здабычы расолу праз свідравіны штогод да 180—360 тыс.т; на Старобінскім радовішчы каменная саль здабываецца шахтавым спосабам (500—520 тыс.т за год). У П.с.б. сярод сярэдне- і верхнедэвонскіх і ніжняпермскіх адкладаў выяўлена 5 саляносных фармацый: эйфельская, верхняфранская, ніжнефаменская, сярэдняверхнефаменская і ніжняпермская, якія залягаюць на глыб. 300—4695 м. У эйфельскай фармацыі лёгкарастваральныя ў вадзе солі прадстаўлены каменнай соллю, якая ўтварае ў паўн.ч. Прыпяцкага прагіну пласт магутнасцю да 31 м. Верхняфранская саляносная фармацыя пашырана на пл. каля 20 тыс.км², магутнасць 150—800 м, у раёнах праяўлення салянога тэктагенезу (Ельская, Маладушынская, Залатухінская і інш. структурныя плошчы) дасягае 1000—1500 м. Фармацыя прадстаўлена пераслойваннем пластоў і пачкаў каменнай солі, даламітавых мергеляў і глін, сульфатна-гліністых, карбанатна-сульфатна-гліністых парод, пясчанікаў, алеўралітаў, ангідрытаў, вулканічных туфаў і туфітаў. На З і Пд басейна ў асобных пластах каменнай солі развіты калійныя гарызонты (да 4) магутнасцю 1—1,5 м. Ад верхняфранскай і ніжнефаменскай саляносных фармацый сярэдневерхнефаменская фармацыя аддзяляецца магутным (да 900 м і больш) міжсалявым тэрыгенна-сульфатна-карбанатным комплексам, у якім на асобных участках у цэнтр. і паўд.ч. Прыпяцкага прагіну адзначаны адзінкавыя пласты каменнай солі магутнасцю 1—17 м. Сярэдневерхнефаменская саляносная фармацыя пашырана на пл. больш за 26 тыс.км², магутнасцю 100—3000 м. Паводле літалагічнага складу яна падзяляецца на ніжнюю, або галітавую (соленасычэнне да 85—95%) і верхнюю, або каліяносную субфармацыі. Каліяносная прадстаўлена пераслойваннем пластоў каменнай і калійных солей, карбанатна-гліністых і тэрыгенных парод. Калійныя солі пашыраны на пл. каля 14 тыс.км², выяўлена каля 60 гарызонтаў сільвінітавага, сільвін-карналітавага і карналітавага саставу. Фарміраванне саляносных адкладаў звязана з рыфтавым этапам развіцця Прыпяцкага прагіну. Дыферэнцыраваныя рухі па разломах з амплітудай да 2 км і больш абумовілі працэсы салянай тэктонікі, што асабліва праявіліся ў сярэдняверхнефаменскай галітавай субфармацыі ў выглядзе працяглых саляных валоў і сінклінальных зон субшыротнага напрамку. На З Прыпяцкага прагіну разломы з фундамента пранікаюць у каліяносную субфармацыю, што абумовіла плікатыўна-блокавую яе будову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫБеларусі,
сярэднія муз.навуч. ўстановы ў сістэме музычнай адукацыі. Рыхтуюць музыкантаў-прафесіяналаў сярэдняй кваліфікацыі (інструменталістаў, спевакоў, хар. дырыжораў, тэарэтыкаў) для работы ў аркестрах, харах і выкладання ў муз. і агульнаадук. школах. Прымаюцца асобы пасля заканчэння музычнай і 8—10 класаў сярэдняй школ. Тэрмін навучання 4 гады.
У 19 ст. існавалі Мінскае вучылішча арганістаў і Мінскае музычнае вучылішча Н.Рубінштэйна пры Мінскім таварыстве сяброў музыкі. У 20 ст. адкрыты М.в. (да 1939 наз.муз. тэхнікумы) у Віцебску (1918), Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, Магілёўскае музычнае вучылішча імя М.А.Рымскага-Корсакава, у Гомелі (1932), Брэсце (1939), якія адыгралі значную ролю ў фарміраванні нац.муз. кадраў, стварэнні творчых калектываў, развіцці бел.муз. культуры. У 1990-я г. зменены назвы (муз. каледж, каледж мастацтваў), формы і змест навучання некат. М.в.
У 1999/2000 навуч.г. працуюць: Баранавіцкае, Віцебскае, Гродзенскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага, Мінскае, Наваполацкае М.в., Брэсцкі муз. каледж і Гомельскі каледж мастацтваў, якія маюць аддзяленні фп., струнных, духавых і ўдарных, нар. інструментаў, сольных і нар.-хар. спеваў, хар. дырыжыравання, тэорыі і гісторыі музыкі, артыстаў эстрады і цырка (Мінскае) і інш. Сярэднюю спец.муз. адукацыю даюць таксама муз. аддзяленні Мінскага, Пінскага, Гродзенскага, Віцебскага вучылішчаў мастацтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Багуслаў) (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча — 31.12.1669),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын віленскага кашталяна Я.Радзівіла (гл. ў арт.
Радзівілы). Вучыўся ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), Парыжы. З 1637 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, у 1638—46 харунжы ВКЛ, з 1646 канюшы ВКЛ. Ад Яна Казіміра атрымаў пасаду генерала каралеўскай гвардыі, камандаваў палкамі ў польскім войску і войску ВКЛ. У 1652 дамогся ў караля магдэбургскага права для сваіх гарадоў Слуцка (паўторна) і Капыля. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у баявых дзеяннях, у т. л. аблозе Магілёва ў лют.—маі 1655. З пачаткам Паўночнай вайны 1655—60 у ліп. 1655 разам з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам вёў перагаворы са шведскім каралём Карлам X Густавам, якія скончыліся падпісаннем Кейданскага дагавора 1655. 8.10.1656 на чале брандэнбургскіх, шведскіх войск і сваіх атрадаў у бітве пад Просткамі (Прусія) пацярпеў паражэнне ад войска польнага гетмана ВКЛ В.Гасеўскага, быў паранены і ўзяты ў палон. Вызвалены ў выніку паражэння Гасеўскага 22.10.1656 пад Філіпавам каля Сувалак і перайшоў на службу да брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма — сваяка па матчынай лініі. 14.10.1657 прызначаны генеральным губернатарам (намеснікам) і камандуючым брандэнбургскай арміяй у Прускім герцагстве. Пасля смерці бацькі быў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, б-ку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т. л.Радзівілаўскі летапіс. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі бел. гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў. Пасля смерці яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны.
А.П.Грыцкевіч.
Б.Радзівіл. Гравюра Я.Фалька паводле малюнка Д.Шульца. 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́Р,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс.км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх.ч.Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб.воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р.Прыпяць з прытокамі, у зах.ч.р.Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб.Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт.Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Януш) (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.