РАДЗІВІ́Л (Багуслаў) (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча — 31.12.1669),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын віленскага кашталяна Я.​Радзівіла (гл. ў арт.

Радзівілы). Вучыўся ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), Парыжы. З 1637 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, у 1638—46 харунжы ВКЛ, з 1646 канюшы ВКЛ. Ад Яна Казіміра атрымаў пасаду генерала каралеўскай гвардыі, камандаваў палкамі ў польскім войску і войску ВКЛ. У 1652 дамогся ў караля магдэбургскага права для сваіх гарадоў Слуцка (паўторна) і Капыля. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у баявых дзеяннях, у т. л. аблозе Магілёва ў лют.—маі 1655. З пачаткам Паўночнай вайны 1655—60 у ліп. 1655 разам з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам вёў перагаворы са шведскім каралём Карлам X Густавам, якія скончыліся падпісаннем Кейданскага дагавора 1655. 8.10.1656 на чале брандэнбургскіх, шведскіх войск і сваіх атрадаў у бітве пад Просткамі (Прусія) пацярпеў паражэнне ад войска польнага гетмана ВКЛ В.​Гасеўскага, быў паранены і ўзяты ў палон. Вызвалены ў выніку паражэння Гасеўскага 22.10.1656 пад Філіпавам каля Сувалак і перайшоў на службу да брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма — сваяка па матчынай лініі. 14.10.1657 прызначаны генеральным губернатарам (намеснікам) і камандуючым брандэнбургскай арміяй у Прускім герцагстве. Пасля смерці бацькі быў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, б-ку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т. л. Радзівілаўскі летапіс. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі бел. гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў. Пасля смерці яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны.

А.​П.​Грыцкевіч.

Б.Радзівіл. Гравюра Я.​Фалька паводле малюнка Д.​Шульца. 1654.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)