ГРАНІ́Т (італьян. granito літар. зярністы),

магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет. групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

У.​Я.​Бардон.

Граніт.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст. геал. целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.​М.​Севяргін (1798).

Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз. целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.

На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЯГА́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

прасторавае размяшчэнне, форма і ўзаемаадносіны геалагічных цел у зямной кары. Вызначаецца элементамі залягання (распасціранне, напрамак і вугал нахілу слаёў або пластоў), якія вымяраюцца горным компасам. Для асадкавых парод характэрна пластападобная форма, першапачаткова блізкая да гарыз. залягання. Вулканічныя пароды залягаюць у выглядзе пластоў патокавай і покрыўнай формы. Магматычныя інтрузіўныя пароды ўтвараюць геал. целы (баталіты, штокі, дайкі, лакаліты, сілы і інш.). Метамарфічныя пароды залягаюць масівамі на вял. плошчы, ахопленай працэсамі метамарфізму. Адрозніваюць непарушанае (нармальнае) і парушанае З.г.п., а таксама згоднае (калі слаі фарміраваліся ў нармальнай узроставай паслядоўнасці) і нязгоднае (стратыграфічны перарыў або размыў горных парод; вуглавая нязгоднасць — калі маладыя асадкі залягаюць над пародамі, змятымі ў складкі, ці манаклінальна нахіленымі).

У.​І.​Шкуратаў.

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз. петрагеннымі.

Я.​І.​Аношка.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,

1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

хімічныя працэсы ў геасферах, што выклікаюць міграцыю хім. элементаў і іх ізатопаў. Вядуць да канцэнтрацыі іх і ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў або да рассейвання, утварэння арэолаў вакол радовішчаў і геахімічных анамалій, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя.

Найб. вывучаныя геахімічныя працэсы ў літасферы, гідрасферы і ніжніх слаях атмасферы, а таксама ў біясферы. Аб геахімічных працэсах у ніжняй мантыі і ядры Зямлі існуюць толькі гіпотэзы. Паводле формы міграцыі хім. элементаў вылучаюць некалькі груп геахімічных працэсаў. Да механічных геахімічных працэсаў належаць эрозія, абразія, дэфляцыя, плоскасны змыў і ўтварэнне дэлювію. З ім звязана фарміраванне россыпных радовішчаў золата, плаціны, алмазаў. Фізіка-хімічныя геахімічныя працэсы ўключаюць эндагенныя, глыбінныя (працякаюць без доступу свабоднага кіслароду, пры высокіх т-рах і ціску; да іх належаць магматычныя, метамарфічныя і гідратэрмальныя), экзагенныя, або гіпергенныя працэсы (адбываюцца на паверхні Зямлі і на невял. глыбінях пры нізкіх т-рах і ціску, пераважна з удзелам свабоднага кіслароду). Біягеахімічныя геахімічныя працэсы абумоўленыя дзейнасцю арганізмаў; разам з тэхнагеннымі геахімічнымі працэсамі, што працякаюць пры гасп. дзейнасці чалавека, яны ахопліваюць усю наасферу.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЫНА́МІКА (ад геа... + дынаміка),

навука аб глыбінных сілах і працэсах, якія ўзнікаюць пры эвалюцыі планеты Зямля; раздзел геафізікі. Даследуе рух рэчыва і энергіі ўнутры Зямлі, змяненні складу і будовы яе знешніх абалонак, механізм руху літасферных пліт, дынамічныя ўмовы ўздоўж іх граніц (разрывы мацерыковых глыб у зонах расцяжэння, насовы, падсовы і складкавасць у зонах сціскання) і звязаныя з імі тэктанічныя, сейсмічныя, магматычныя і метамарфічныя працэсы. Геадынаміка цесна звязана з геалогіяй, геахіміяй, петралогіяй, тэктонікай і інш. Па даных геадынамікі можна прагназаваць размяшчэнне мацерыкоў на Зямлі праз дзесяткі мільёнаў гадоў.

Геадынаміка пачала адасабляцца ад інш. навук аб Зямлі ў 1950-я г. Асновы яе распрацавалі ням. вучоны А.​Вегенер, англ. А.​Холмс і Г.​Хес, рас. Я.​В.​Арцюшкоў, У.​У.​Белавусаў, Л.​П.​Зоненшайн, В.​Я.​Хаін і інш. Да 1960-х г. у геадынаміцы панавала ўяўленне аб нерухомасці мацерыкоў (фіксізм), сучаснай тэарэт. асновай з’яўляецца тэктанічная гіпотэза тэктонікі пліт (мабілізм).

На Беларусі праблемы геадынамікі распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Р.​Г.​Гарэцкі, Р.​Я.​Айзберг, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў і інш.).

Літ.:

Артюшков Е.В. Геодинамика. М., 1979;

Хаин В.Е., Ломизе М.Г. Геотектоника с основами геодинамики. М., 1995;

Зоненшайн Л.П., Кузьмин М.И. Палеогеодинамика. М., 1992.

А.​А.​Карабанаў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС, геасінкліналь,

выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл. Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).

М.​А.​Нагорны.

Стадыі развіцця геасінклінальнага пояса: 1 — пачатковая; 2 — сталая; 3 — завяршальная; а — вада; б — зямная кара (А — асадкавы слой; Б — гранітны слой; В — базальтавы слой); в — мантыя; гмагматычныя ўтварэнні (інтрузіўныя і вулканічныя); д — асноўныя напрамкі вулканічных рухаў.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)