ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.

У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн. яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыю паверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл. Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.

Літ.:

Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;

Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;

Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.

В.​І.​Бернік.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш. сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш. У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,

сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.

Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.

А.​В.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГАЛАГРА́ФІЯ,

запіс, узнаўленне і пераўтварэнне хвалевага фронту эл.-магн. хваль радыёдыяпазону. Метады Р. маюць шмат агульнага з метадамі аптычнай галаграфіі.

Радыёгалаграфічны працэс складаецца з запісу радыёгалаграмы, што адлюстроўвае параметры хвалевага фронту эл.-магн. поля, і ўзнаўлення відарыса аб’екта, з удзелам якога атрымаўся радыёфронт. Для запісу выкарыстоўваюцца неперарыўныя асяроддзі (аналагічныя фотаматэрыялам у аптычнай галаграфіі) або зонды. Неперарыўнымі асяроддзямі служаць плёнкі рэчываў, аптычныя ўласцівасці якіх (празрыстасць, паказчык пераламлення, паварот плоскасці палярызацыі і інш.) залежаць ад т-ры і лакальна мяняюцца пад уздзеяннем цеплаты, якая вылучаецца пры паглынанні радыёхваль. Зондамі з’яўляюцца антэны або целы, якія рассейваюць эл.-магн. хвалі. Для ўзнаўлення відарыса аб’екта выкарыстоўваюць аптычныя, радыётэхн. або выліч. спосабы. Пры аптычным спосабе радыёгалаграма пераносіцца ў адпаведным маштабе на аптычнае асяроддзе (напр., фотаплёнку), потым асвятляецца апорнай хваляй. Для фарміравання апорнай хвалі ў Р. выкарыстоўваюцца 2 спосабы: звычайны (як і ў аптычнай галаграфіі, калі апорная хваля фізічна існуе ў прасторы адначасова з прадметнай) і спецыфічны для Р., калі ў прасторы ёсць толькі адна (прадметная) хваля, а апорная падаецца ў тракт радыёпрыёмніка ці зонда. Р. выкарыстоўваецца для даследавання аддаленых аб’ектаў, напр., планет і Зямлі з космасу (раздзяленне пры адлюстраванні паверхні на некалькі парадкаў вышэйшае, чым пры звычайных метадах радыёлакацыі), для атрымання відарысаў аб’ектаў, схаваных аптычна непразрыстымі асяроддзямі (напр., ва ўмовах густой воблачнасці), у антэннай тэхніцы (для мадэліравання антэн, вымярэння іх параметраў і інш.), для апрацоўкі радыёсігналаў (сцісканне радыёлакацыйных імпульсаў) і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца ў БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Сафронов Г.С., Сафронова А.П. Введение в радиоголографию. М., 1973;

Бахрах Л.Д., Курочкин А.П. Голография в микроволновой технике. М., 1979;

Методы измерений параметров излучающих систем в ближней зоне. Л., 1985.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Першасныя элементы Н.с. складваліся яшчэ ў першабытным грамадстве. Фарміраванне Н.с. завяршаецца ў працэсе пераўтварэння народнасці ў нацыю на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанац. салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалаг., эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася. на працягу 18—20 ст., калі ў выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасац. супольнасцей, актывізацыі нац.-вызв. рухаў сфарміраваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., англ., ням., франц., яп., амер.). На асаблівасці і тэмпы складвання Н.с. ўплываюць сац.-эканам., грамадска-паліт., этнакульт., канфесійныя, моўныя, полаўзроставыя і інш. фактары. Нац.-вызв. барацьба супраць каланіялізму ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі ў 20 ст. прывяла да станаўлення развітых форм Н.с. значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця. Паскарэнне росту Н.с. нярэдка абумоўлена ўзнікненнем рэальнай пагрозы культ. асіміляцыі, знешняй агрэсіі, каланізацыі краіны, фарсіраванай інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі. Паглыбленне Н.с. можа адыгрываць і станоўчую (у сэнсе спрыяння ўтварэнню нацыі і яе паспяховаму развіццю) і адмоўную (калі пачынае нарастаць нацыяналізм і шавінізм) ролю. Гіст. вопыт сведчыць, што пры інш. аднолькавых умовах узровень Н.с. найчасцей бывае больш высокім у адносна нешматлікіх народаў у параўнанні з буйнымі нацыямі. Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзярж патрыятызму, нац. гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Н.с. жыхароў Беларусі ў старажытнасці была звязана з агульнасцю паходжання ад аднаго рэальнага або міфічнага продка, з адзінствам тэрыторыі пражывання, ладу жыцця, нар. звычаяў і абрадаў і інш. У больш позні перыяд (сярэднявечча, новы час) на асаблівасці этн. самасвядомасці беларусаў істотна ўплывала іх прыналежнасць да канкрэтных саслоўных, канфесіянальных, моўна-культ., лакальна-тэр. груп насельніцтва. Уласна Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст, што было абумоўлена ўзмацненнем нац.-вызв. руху, актывізацыяй нац.-культ. жыцця і пачаткам складвання бел. нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, заможнаму сялянству. У 1920-я г. яна ахапіла прадстаўнікоў усіх сац. катэгорый насельніцтва Беларусі. Гэтаму спрыялі палітыка беларусізацыі і спробы гарманізацыі міжнац. адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі бел. грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з’яўляецца важным сродкам самазахавання бел. нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакр. і незалежнага грамадства.

Літ.:

Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1993: Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст. арт. Мн., 1994: Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Дубянецкі С.Ф., Дубянецкі Э.С. Цяжкі шлях да адраджэння. Брэст, 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 11, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)