Пі́па1 ў выразе дзелаць піпу — гульня, пры якой па далоні дзіцяці водзяць указальным пальцам і прыгаворваюць: піпа, піла кашку варыла… (Нік. Очерки). Прыпамінае балг. пи́пам ’дакранацца’, серб.-харв. пи̏пати ’тс’, славен. pípati ’тс’, чэш. pipati ’тс’, што ў выніку рэдуплікацыі асновы *pi‑, якая з’яўляецца гукаперайманнем голасу птушак. Параўн. пі́пачка ’птушка, якая жыве ў зарасніках’ (Мат. Гом.), балг. пипакурачка’, пипе ’куранятка’, ’птушачка’ (у дзіцячай мове)’, чэш. pipati ’пішчаць, папіскваць’, славац. pípať, н.-луж. pipaś, літ. pýpčioti, pỹpti ’тс’, лац. pipilāre ’чырыкаць, пішчаць’, параўн. БЕР, 5, 245, 246.

Пі́па2 ’вада’ (ТС) — з дзіцячае мовы, драг. пэ́па ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Ад імітатыўнай асновы пі‑ (< прасл. *pi‑), магчыма, пад уплывам дзеяслова піць (гл.); параўн. таксама пу́па ’вада’ (гл.).

Пі́па3, пі́пка, пі́пачка ’люлька’ (ТСБМ, Шпіл., Гарэц., Мік.; Нік. Очерки; Мядзв., Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; чач., Мат. Гом.). З польск. pipa ’тс’, якое (магчыма, праз чэшскую мову) з с.-в.-ням. pfîfe, ст.-в.-ням. pfîfa ’тс’, а апошняе — з с.-лац. pīpa ’труба’ (Васэрцыер, 171; Фасмер, 3, 264). Не связана з пі́пкыла ’курэц, што не выпускае з зубоў люлькі’ (Бяльк.) гукапераймальнага паходжання, параўн. пы́пкаць, пы́пскаць (гл.).

Пі́па4 (дзіцячае) ’мужчынскі палавы орган’ (Шат.), сюды ж, магчыма, піпішча ’вялізны нос’ (Нас.), рус. казанск. пипка ’penis’, н.- і в.-луж. pipa, славен. (дзіц.) pípica ’тс’, pípek, pȋpiček з экспрэсіўнай назалізацыяй pȋmpek, pȋmpel. Прасл. *pipa ’цэўка, нешта прадаўгаватае’ (Бязлай, 3, 38), роднасныя літ. pim̃pis, pim̃pelis, pimpulis ’penis’, pam̃pti, лат. pàmpi ’напухнуць’ (Фрэнкель, 593; Шустар-Шэўц, 1066).

Пі́па5, ст.-бел. пипа ’мера вадкасці, бочка’ (1615 г.) запазычана са ст.-польск. pipa ’тс’, якое з італ. pipa ці франц. pipe ’вялікая вінная бочка’ (Булыка, Лекс. запазыч., 155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рак1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2-3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)