бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».
Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.:
Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд.Мн., 1972;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тып бел.традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюць нар. майстры вёсак Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага р-наў Брэсцкай вобл. Вядомы з 19 ст.Даўж. 180—250, шыр. 23—30 см. Па колеравай гаме, стылістыцы арнаменту, якасці палатна блізкія да мотальскіх ручнікоў. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак, па краях аздабляюць шматколерным вышытым гладдзю арнаментам (выявы букстаў, ваз, гірляндаў кветак і інш.). Бываюць звычайныя і з прышытымі па канцах вузейшымі кавалкамі палатна. Звычайныя ткуць у 3 ніты арнаментам «у коскі», канцы аздабляюць мохрыкамі ці паскамі карункаў (плеценыя з нітак асновы або вязаныя з белых баваўняных). У арнаментыцы пашыраны палоскі: вузкія папярочныя, адзінкавыя ці згрупаваныя па некалькі (чырвоныя, чырвона-блакітныя, шэра-белыя), а таксама падоўжныя і папярочныя, якія ўтвараюць буйнарапортную клетку. Ручнікі з прышытымі канцамі ткуць у 2 ніты, асн. (шырэйшую) частку аздабляюць гладкімі ці ўзорыстымі палосамі геам. арнаменту, канцы — дробна-ажурнымі вузельчыкавымі карункамі, плеценымі з суканых нітак асновы, вышытым крыжыкам арнаментам антрапаморфнага, зааморфнага, расліннага характару, выкананым чырвонымі і чорнымі ніткамі бавоўны-горынь. Шырока выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ераў хат, традыц. абрадах, служаць узорамі пры распрацоўцы сувенірных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),
1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.
2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.
Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял.сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.
Літ.:
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ко́ска1, ‑і, ДМ ‑сцы; Рмн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк.да каса 1; невялікая каса. Вось сядзіць насупраць Дубовіка дзяўчына з акуратна заплеценымі коскамі і банцікамі.Сергіевіч.
ко́ска2, ‑і, ДМ ‑сцы; Рмн. ‑сак; ж.
Памянш.-ласк.да каса 2; невялікая каса 2. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы.Колас.
ко́ска3, ‑і, ДМ ‑сцы; Рмн. ‑сак; ж.
Знак прыпынку (,), які раздзяляе словы, групы слоў і сказы. Узяў [Віктар Аляксеевіч] ручку, старанна выцер кавалачкам паперы пяро і вельмі акуратна выправіў адну памылку і паставіў дзве коскі.Шамякін.
•••
Кропка з коскайгл. кропка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)