БЕ́ЛЬСК,

вёска ў Беларусі, у Навасёлкаўскім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на Пд ад Кобрына, 75 км ад Брэста, 32 км ад чыг. ст. Кобрын. 833 ж., 329 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-БУГСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., за 27 км на ПдУ ад г. Кобрын. Створана ў 1986 на канале Арэхаўскі (бас. р. Мухавец), за 8 км ад вусця. Пл. 1,47 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9,2 м, аб’ём вады 7,1 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Павел Аляксеевіч) (18.2.1897, г. Шуя Іванаўскай вобл., Расія — 3.12.1962),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1942 камандуючы 61-й арміяй, якая вызваляла Калінкавічы, Мазыр, Пінск, Кобрын, Брэст. Да 1955 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНЬ,

возера ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Мухавец, за 30 км на ПдУ ад г. Кобрын. Пл. 1,83 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 11,5 м. Пл. вадазбору 143 км². На ПдЗ у возера ўпадаюць р. Літкава і канал без назвы, на Пн Казацкім каналам праз сістэму каналаў злучана з Дняпроўска-Бугскім каналам.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРМАНО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 5.11.1919, г. Кобрын Брэсцкай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1955). У Вял. Айч. вайну з мая 1942 на Бранскім, Цэнтр., 3-м і 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалт. франтах. Камандзір знішчальнай процітанк. батарэі капітан К. вызначыўся 22.8.1944 у баі ў раёне пас. Букайшы (Латвія). Да 1975 у Сав. Арміі, потым у нар. гаспадарцы.

У.М.Кірмановіч.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІ́ЦЦЕ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 49 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Кобрын, 95 км ад Брэста. 1906 ж., 758 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч вайну. Помнік архітэктуры — Павіццеўская Прачысценская царква.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і 27 км ад чыг. ст. Кобрын, 71 км ад Брэста. 926 ж., 400 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік удзельнікам узбр. выступлення сялян 4.8.1933 (гл. Кобрынскае ўзброенае выступленне сялян 1933). Помнік архітэктуры — Міхайлаўская царква (19 ст.).

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІЯ,

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г. Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.

Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл. Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНЯ, гарадня́,

тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.

С.​А.​Сергачоў.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́ТРА», Беларуская асацыяцыя ўкраінцаў «Ватра»,

грамадская культ.-асв. арг-цыя. Засн. 25.9.1990 у Мінску з мэтай захавання і развіцця ўкр. мовы, культуры, нар. традыцый, гіст. і культ. спадчыны, фарміравання нац. самасвядомасці, падтрымкі культ. і дзелавых сувязей з Украінай і інш. краінамі, дзе жывуць украінцы, а таксама для абароны правоў і нац. гонару членаў асацыяцыі. Праводзіць фестывалі ўкр. песні, конкурсы дзіцячых малюнкаў, выстаўкі мастакоў, святкаванні юбілейных урачыстасцей укр. пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Працуюць абл., раённыя і гар. аддзяленні (г. Гомель, Кобрын, Маладзечна, в. Калодзішчы Мінскага р-на).

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)