ПО́ДСЦІЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ ў геаграфіі,
паверхня Зямлі (расліннасць, глеба, грунт, вада, снег і інш.), якая ўзаемадзейнічае з атмасферай у працэсе цепла- і вільгацеабмену. З’яўляецца таксама крыніцай пылу і ядраў кандэнсацыі для атмасферы. Уплывае на фіз. стан атмасферы, у т. л. на надвор’е і клімат, вызначае мясц. асаблівасці атм. цыркуляцыі. П.п. ў геалогіі фіксуе мяжу сутыкнення больш маладых адкладаў горных парод з больш стараж.; крыццё ніжняга і падэшва верхняга слоя. У межах тэктанічных структурных комплексаў П.п. з’яўляецца перадперарыўнай, таксама паверхняй размыву, дэнудацыі.
І.В.Клімовіч.
т. 12, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯ́ЦЦЕ ТЭКТАНІ́ЧНАЕ,
змена становішча асобных участкаў зямной паверхні або кары ў выніку дадатных тэктанічных рухаў, дадатныя тэктанічныя структуры розных памераў і форм да высвятлення іх морфагенетычнага тыпу. Найб. шырока назва ўжываецца ў дачыненні да лакальных падняццяў, якія сфарміраваліся на платформавым этапе развіцця зямной кары ў рэльефе фундамента і платформавым чахле. Маюць пераважна купалападобную акруглую або авальную формы, з пакатымі схіламі (1—2°), пл. 20—200 км², даўж. 3—20 км, амплітуду да соцень метраў. Вылучаюць П.т. ўнаследаваныя, новаўтвораныя, інверсійныя, скразныя, пахаваныя, навешаныя.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць фізіка-геагр. ўмовы геал. мінулага: размеркаванне сушы і мора, рачную і азёрную сетку, характар рэльефу мацерыкоў і ложа акіянаў, пашырэнне зледзяненняў, становішча межаў прыродных зон і г.д. Выкарыстоўваюцца для прагнозу карысных выкапняў, планавання і правядзення геолага-пошукавых работ, навук. мэт і інш. Вылучаюць П.к. адпаведных перыядаў, эпох і інш. раздзелаў геахраналагічнай шкалы, палеатэктанічныя, палеагеамарфалагічныя, палеакліматычныя, палеабатанічныя і інш. Для тэр. Беларусі складзены П.к. розных тэматык для многіх геал. эпох і больш дробных адрэзкаў геал. часу. Гл. таксама Палеагеаграфія.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́Ў у геалогіі,
разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДАЛЬ (Эдуард Антонавіч) (парт. псеўд. Андрэй; 23.1.1909, г. Віцебск — 27.11.1938),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1928 на камсам. рабоце ў Віцебску: сакратар гаркома, заг. аддзела акругкома. З 1931 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: Заг. ваен. аддзела ЦК КПЗБ, сакратар Віленскага, Беластоцкага акругкомаў КПЗБ, упаўнаважаны ЦК КПЗБ па Гродзенскім, Слонімскім, Ваўкавыскім пав. У 1933—34 чл. Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ у Варшаве. У 1934 у польскай секцыі Камінтэрна ў Маскве, потым зноў у Сакратарыяце ЦК КПЗБ. З 1935 у Віцебску. Працаваў на лесазаводзе. У 1937 арыштаваны, у 1938 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
М.М.Клімовіч, У.М.Міхнюк.
т. 7, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ СЕДЛАВІ́НА, Пінская седлавіна,
буйная тэктанічная структура на ПдЗ Беларусі. Размяжоўвае Падляска-Брэсцкую ўпадзіну на З і Прыпяцкі прагін на У. На Пн і Пд сучляняецца з Беларускай антэклізай і Украінскім шчытом, раздзяляе іх больш зніжанай паверхняй фундамента. Мае слабавыразнае субмерыдыянальнае распасціранне. Даўж. седлавіны 150 км, шыр. да 135 км. Глыбіня залягання крышт. фундамента 300—500 м ніжэй узр. м. Усх. схіл больш стромкі, чым заходні. Фундамент ускладнены рэгіянальнымі разломамі паўн.-ўсх. кірунку Стаходска-Магілёўскім і Выжаўска-Мінскім. Яны перасечаны больш дробнымі парушэннямі — зрухамі пераважна субшыротнага і паўн.-зах. распасцірання. Платформавы чахол магутнасцю да 650 м складаюць сярэднерыфейскія, вендскія, мелавыя, палеаген-неагенавыя і антрапагенавыя адклады. Фарміраванне П.с. пачалося ў раннім палеазоі ў сувязі з развіццём Падляска-Брэсцкай упадзіны, усх. схіл акрэсліўся ў познім дэвоне, калі фарміраваўся Прыпяцкі прагін.
І.В.Клімовіч.
т. 11, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕНСБРУ́К (Ravensbrück),
нацысцкі канцэнтрацыйны лагер у Германіі ў 2-ю сусв. вайну. Існаваў у 1939—45 каля г. Фюрстэнберг (цяпер тэр. б. лагера ў межах горада). Напачатку прызначаўся для зняволення ням. жанчын-антыфашыстак, з 1940 міжнар. жаночы канцлагер, у 1941 побач пабудаваны канцлагер для мужчын. Тут адначасова знаходзілася да 35 тыс. вязняў. Іх праца эксплуатавалася на патрэбы ваен. з-даў Сіменса і спец. прадпрыемстваў СС. У 1942—44 нацысты праводзілі над вязнямі злачынныя мед. эксперыменты. У лагеры дзейнічалі антыфаш. групы Супраціўлення. Усяго праз лагер прайшло 132—135 тыс. жанчын і дзяцей 23 нацыянальнасцей; знішчана 92—93 тыс. жанчын і дзяцей, 1617 мужчын. Ацалелыя 23—40 тыс. вязняў вызвалены сав. войскамі 30.4—1.5.1945. У 1959 на тэр. б. лагера створаны мемарыяльны музей і ўстаноўлены манумент ахвярам нацысцкага тэрору.
А.С.Клімовіч.
т. 13, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСКО́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (24.6.1880, в. Дубічы Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 23.8.1955),
бел. паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у Кіеве ў Земсаюзе. Быў чл. Бел. сацыяліст. грамады, Бел. с.-д. партыі. Прадстаўляў бел. нац. арг-цыі на з’ездзе народаў (Кіеў, вер. 1917). У 1918 уваходзіў у склад урада Украінскай Нар. Рэспублікі, яе пасол у Грузіі. З 1920 старшыня Бел. нац. к-та ў Вільні. З 1922 дырэктар Дзвінскай (г. Даўтаўпілс) дзярж. бел. гімназіі. З 1925 у Мінску, працаваў у БДУ, Інбелкульце, Бел. АН, старшыня сац.-культ. секцыі і чл. прэзідыума Дзяржплана БССР. З 1930 у Маскве ў Дзяржплане СССР. 8.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Самару. 4.11.1937 зноў арыштаваны, 19.3.1940 вызвалены. Пасля Вял. Айч. вайны выехаў да сваякоў у Чэхаславакію. Рэабілітаваны ў 1988.
М.М.Клімовіч, У.М.Міхнюк.
т. 8, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫ ў Празе,
грамадская арг-цыя бел. эмігранцкай інтэлігенцыі.
Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.
Л.П.Мірачыцкі.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Андрэй Рыгоравіч) (парт. псеўд. Лёкса, Хвастоў, літ. псеўд. Язэп Пралеска; 2.5.1897, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 17.5.1934),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, літаратар. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1931). З 1916 у арміі, з 1919 у Чырв. Арміі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. На 2-й канферэнцыі КПЗБ (1924) выбраны чл. ЦК. У пач. 1925 актыўна падтрымліваў сэцэсію. У сак. 1928 па даручэнні ЦК КПЗБ разам з С.А.Клінцэвічам удзельнічаў у ліквідацыі ў Вільні М.І.Гурына-Маразоўскага. Тройчы (1920, 1922, 1925) быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў турму. У час знаходжання ў БССР працаваў у Гістпарце пры ЦК КП(б)Б, заг. сектара друку ЦК КП(б)Б, в.а. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». У 1933 арыштаваны па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр», у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Паноў трэба знішчаць гуртам: Апавяданні з жыцця Заходняй Беларусі. Мн., 1932.
М.М.Клімовіч, У.М.Міхнюк.
т. 8, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)