ЗАЛО́ЗНІЦА ВУГРАВА́Я (Demodex folliculorum),

клешч сям. валасяных кляшчоў. Пашыраны ўсюды. Паразітуе ў скурных залозах і валасяных мяшэчках чалавека і млекакормячых.

Цела падоўжанае (0,3—0,4 мм), чэрвепадобнае, светла-шэрае з нерасчлянёнымі галавагрудзьмі і вузкім брушкам з папярочнымі рыскамі, укрыта празрыстай кутыкулай. Ротавыя органы колючыя. 4 пары ног. Цыкл развіцця 20—25 сут са зменай 3 лічыначных стадый у целе аднаго гаспадара. Выклікае інвазійную хваробу ў чалавека і жывёл — залознічную каросту (дэмадэкоз).

Залозніца вугравая.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гідрахне́лы

(н.-лац. hydrachnellae)

надсямейства акарыформных кляшчоў, якія пашыраны ўсюды ў прэсных вадаёмах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКАРАПІДО́З пчол, акароз, акарыёз,

кляшчовая хвароба, небяспечная хранічная інвазійная хвароба рабочых пчол, матак і трутняў, якая выклікаецца паразітаваннем кляшча Acarapis Woodi. Пашырана ў краінах Еўропы. Да акарапідозу ўспрыімлівыя ўсе пароды. Кляшчы адкладваюць яйцы ў трахеі, і на 3—6-ы дзень утвараюцца лічынкі. Цыкл развіцця 10—16 сут. На адной пчале можа паразітаваць да 150 кляшчоў. З моманту заражэння адзінкавых пчол да пашкоджання 50% сям’і праходзіць 3—5 гадоў. Ранняй вясной хворыя пчолы не могуць узняцца ў паветра, падаюць на зямлю, сядзяць кучкамі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАЦЭ́НТАР (Dermacentor),

род іксодавых кляшчоў атр. паразітыформных. 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі (акрамя паўд.-зах. ч. Аравійскага п-ва, Індастана, Індакітая), Паўн. Афрыцы. Жывуць пераважна ў стэпах, лясах, пустынях. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу небяспечных хвароб. Гаспадары — млекакормячыя, зрэдку птушкі. На Беларусі 2 віды: Д. pictus і Д. marginatus.

Даўж. цела ў галодным стане 2—8,5 мм Характэрны для ўсіх відаў белы эмалевы малюнак на спінным шчытку. Развіццё Д. адбываецца па трохгаспадаровым цыкле Працягласць развіцця 1, зрэдку 2 гады.

Г.​Г.​Лабецкая.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэзакарыдыза́цыя

(ад дэз + гр. akari = клешч)

комплекс мерапрыемстваў па знішчэнню кляшчоў і іх зародкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гнатасо́ма

(ад гр. gnathos = сківіца + сома)

пярэдні ўчастак цела ў кляшчоў, які мае складаную будову.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАРО́СТАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Sarcoptoidea),

надсямейства паразітычных членістаногіх з групы акарыдый атр. акарыформных кляшчоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі Паразітуюць на паверхні і ў верхніх слаях скуры млекакормячых жывёл і чалавека. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў Acarus, Psoroptes, Chorioptes.

Даўж. 0,1—1 мм, самкі большыя за самцоў. Цела круглаватае, выпуклае на спіне 4 пары кароткіх ног з прысоскамі або шчацінкамі. Ротавы апарат грызучага тыпу Адкладваюць яйцы ці нараджаюць лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем Узбуджальнікі каросты, саркаптозу, кмемідакаптозу, псараптозу, харыяптозу і інш. хвароб. У чалавека каросту выклікае К.к. (Sarcoptes scabiei, або Acarus siro).

А.​Г.​Лабецкая.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУТА́ЛІІ (Nuttallia),

род паразітычных прасцейшых сям. бабезіідаў атр. піраплазмідаў. Паразітуюць у эрытрацытах коневых (пераважна коней), вожыкаў, катоў, пясчанак і некат. інш. цеплакроўных жывёл (выклікаюць нуталіёзы) і ў клетках іксодавых кляшчоў, пераважна з родаў дэрмацэнтар, гіялома, рыпіцэфалус і гемафізаліс. Найб. вядомы Н. конская (трапляецца на Беларусі) і кашэчая.

Даўж. 0,7—2 мкм. Форма акруглая ці грушападобная. Бясколерныя, з адзіночнымі храмацінавымі ўключэннямі. У адным эрытрацыце 1—4 (да 10) паразіты. Размнажэнне (бясполае) простым ці множным дзяленнем (шызаганія), у эрытрацытах — часта на 4 клеткі (размяшчэнне ў форме мальтыйскага крыжа).

А.​М.​Петрыкаў.

Нуталіі ў эрытрацытах (у 2 верхніх радах этапы дзялення).

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арыбаты́ды

(н.-лац. oribatei)

група сямействаў кляшчоў, якія жывуць у глебе, лясным подсціле, імху; панцырныя кляшчы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

авіцы́ды

(ад лац. ovum = яйцо + -цыды)

хімічныя рэчывы, якія згубна дзейнічаюць на яйцы насякомых і кляшчоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)