паме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памеркнуў, ‑нула і памерк, ‑ла; зак.

1. Страціць паступова яснасць, яркасць; пацямнець. Памерк дзень, пагас. Колас. Марознаю стынню паветра дрыжыць, Памеркла ад сцюжы гара... Кляшторны.

2. перан. Страціць жыццярадаснасць, весялосць. Рагатуха, якая так кідалася ў вочы здалёк сярод іншых дзяўчат, раптам памеркла, зрабілася сціплай і ціхай школьніцай. Карпюк.

3. перан. Страціць сэнс, значэнне. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́рыцца, ма́рыцца; незак.

1. Уяўляцца, здавацца ў думках. Мне марыцца: Нібыта той дарогаю З адвечнасці вярнуліся гады... Кляшторны.

2. безас. Аб жаданні або мажлівасці марыць. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка! З. Астапенка.

мары́цца, мару́ся, мо́рышся, мо́рыцца; незак.

1. Таміцца, мучыцца. [Тэкля:] Хай размятуць вас віхуры крутыя, Каб не марыліся нашыя дзеці, Каб не стагналі ў няволі старыя! Глебка.

2. Зал. да марыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГА́ШАК ((Hašek) Яраслаў) (30.4.1883, Прага — 3.1.1923),

чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ. чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел. пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.​Зарэцкага, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, К.​Вашыны (Л.​Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.​Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.​Кляшторны, З.​Астапенка, К.​Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.​Баршчэўскі, Л.​Каўрус, В.​Крайко, А.​Мажэйка, П.​Марціновіч і інш.

Тв.:

Бел. Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;

Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;

Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1983—85.

Літ.:

Шубин Г. Я.​Гашек. М., 1982;

Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.​Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.

Я.Гашак.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ако́ліца, ‑ы, ж.

1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.

2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.

2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.

3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.

4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́цце, ‑я, н.

1. Матэрыяльныя каштоўнасці, грашовыя накапленні. Іменна ў пачатковы перыяд таварнага абарачэння ў грошы ператвараецца толькі лішак спажывальных вартасцей. Такім чынам золата і серабро самі сабой становяцца грамадскім выражэннем лішку, або багацця. Маркс. // Раскоша, шыкоўнасць. Багацце абсталявання. Багацце ўбрання.

2. Наогул маёмасць, набытак. [Ахрэм] у нас вартаўнік вялікага багацця — усёй калгаснай жывёлы. Кавалёў. // Мноства чаго‑н. Багацце тавараў. Багацце фактычнага матэрыялу. // Нешта асабліва каштоўнае сярод іншага. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. В. Вольскі. Маё багацце — песня любай ліры. Кляшторны.

3. Сукупнасць прыродных рэсурсаў. Прыродныя багацці. Багацце жывёльнага свету. Багацце расліннага покрыву. □ Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу. Быкаў.

4. Мноства разнастайных якасцей. Духоўнае багацце савецкага чалавека. Багацце акцёрскай палітры. Інтанацыйнае багацце верша. Багацце колераў. Багацце пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цвісці (пра злакавыя расліны). — Лубін сеецца па жыце тады, калі жыта красуе, і лепш яго сеяць пад дождж. Пестрак. У агародах зелянелі каноплі, цвіў мак, красавала нізкарослае жыта. Лупсякоў. // Пышна развівацца, квітнець (пра расліны). На ўзгорку, бачылі ўсе праз вокны, каліна красавала белым цветам. Дубоўка. Усё буйна красавала, — і на палях, і на лугах, і ў лясах. Якімовіч.

2. Тое, што і красавацца (у 2 знач.). Дочкі цвілі, Красавалі, як ружы. Дубоўка.

3. Тое, што і красавацца (у 3 знач.). Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак. Колас.

4. перан. Тое, што і красавацца (у 5 знач.). Красуй над светам, Рэспубліка Саветаў! Пушча. Красуй, ардэнаносная Краіна Беларусь! Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.

2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.

ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. наплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Плывучы, наткнуцца на што‑н. Наплысці на корч. Наплысці на камень.

2. Прыплыўшы, набрацца ў нейкай колькасці. Наплыло шмат смецця.

3. Нацячы на паверхню чаго‑н. На вочы наплылі слёзы. На параненае месца наплыла кроў.

4. Набліжаючыся, насунуцца, закрыць сабой (пра хмары, воблакі, туман і пад.). Наплылі аднекуль хмары, закапаў дождж. Лупсякоў. На раку, На лугі Туманы наплылі. Кляшторны. // Пра гукі, пах. Здалёк наплыў гул гармат. У акно наплыў водар бэзу. // перан. Ахапіць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці, успаміны, вобразы і пад.). Наплылі ўспаміны. □ На душу наплыло пачуццё шчасця. Пестрак. Андрэй хацеў сказаць мужыкам цэлую прамову, але так многа наплыло ўсякіх думак, што ён не ведаў, з чаго пачаць. Колас.

5. Разм. Трапіць куды‑н. Наплыла вада ў пограб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)