КАСА́ТКІНА (Наталля Дзмітрыеўна) (н. 7.6.1934, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1953). У 1954—76 у Вял. т-ры; характарная танцоўшчыца. Сярод партый: Апантаная («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Лёс («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Індыйская лялька («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Фані («Сцежкаю грому» К.​Караева); характарныя танцы ў многіх балетах. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах. Яе танец вылучаўся пластычнасцю, псіхал. пранікнёнасцю. З 1960-х г. працуе з У.​Васілёвым як балетмайстар і сцэнарыст, з 1977 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзярж. т-ра класічнага балета (з Васілёвым). Для іх спектакляў характэрны востраканфліктная драматургія, сталая рэжысура, спалучэнне класічнага танца і сучаснай пластыкі. Сярод пастановак: «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1971), «Аповесць пра Рамэо і Джульету» (1980) і «Папялушка» (1993) С.​Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага, «Пацалунак феі» Стравінскага (1989), «Дама з камеліямі» на муз. Дж.​Вердзі—П.​Сальнікава (1995), «Цудоўны мандарын» Б.​Бартака (1996). Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХІ́ДАВА (Лютфі) (н. 6.11.1925, г. Канібадам, Узбекістан),

таджыкская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1957). Вучаніца В.Вайнонена і інш. З 1941 салістка Тадж. т-ра оперы і балета імя Айні. Першая балерына-таджычка, якая авалодала тэхнікай класічнага танца. З роляў: Дыльбар («Дыльбар» А.​Ленскага), Лейлі («Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні).

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хіто́н

(гр. chiton)

1) доўгая і шырокая сарочка, часцей без рукавоў, у старажытных грэкаў, якая падпяразвалася з напускам;

2) касцюм танцоўшчыцы класічнага балета з глыбокімі разрэзамі па баках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАКЕРЫ́НІ ((Boccherini) Луіджы) (9.2.1743, г. Лука, Італія — 28.5.1805),

італьянскі кампазітар, віяланчэліст. З 1761 першы віяланчэліст капэлы ў г. Лука, заснавальнік струннага квартэта. Гастраляваў у еўрап. краінах. З 1769 жыў у Іспаніі. У яго творчасці адлюстраваўся працэс фарміравання класічнага муз. стылю 18 ст. Найб. значэнне маюць яго віяланчэльныя творы, у т. л. канцэрты для віяланчэлі з арк., камерна-інстр. ансамблі. Сярод інш. твораў: каля 30 сімфоній, арк. п’есы, інстр. санаты, культавая музыка.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЛІ́НСКІ (сапр. Халафаў) Гусейн Мамед аглы

(сакавік 1881, Баку — 20.3.1919),

азербайджанскі акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў азерб. прафесійнага т-ра. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1905 у першых азерб. прафесійных трупах. Акцёр трагічнага плана, моцнага тэмпераменту, высокай культуры. Сярод роляў: Гяве («Каваль Гяве» Ш.​Салі), Франц Моор («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра). Ставіў п’есы класічнага і нац. рэпертуару. Першы азерб. акцёр кіно («У царстве нафты і мільёнаў», 1916).

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ТЫО (ісп. patio),

унутраны дворык, адкрыты ці перакрыты зашклёнымі рамамі, часта абкружаны галерэямі. Тып П. ўзыходзіць да класічнага перыстылю (прамавугольнай пляцоўкі, абкружанай з 4 бакоў крытай каланадай) і пашыраны ў міжземнаморскіх краінах (асабліва ў Іспаніі), Лац. Амерыкі. П. выкарыстоўваюцца таксама ў бел. архітэктуры (Дамы кнігі, літаратара, Мастацкая галерэя ў Мінску, гал. корпус мед. ін-та ў Гродне і інш.).

Патыо Хенераліфэ («Сада будаўніка») каля комплексу Альгамбра ў Гранадзе (Іспанія). 14 ст.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШКАРО́Ў (Барыс Якаўлевіч) (29.10.1905, г. Смаленск, Расія — 23.2.1974),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. дз. культуры Беларусі (1968). Скончыў Дзярж. эксперым. майстэрні пры Маскоўскім камерным т-ры (1929). Працаваў акцёрам у маскоўскіх т-рах, у 1944—47 у Дзярж. рус. драм. т-ры БССР. Выступаў пераважна ў ролях класічнага рэпертуару. З 1947 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў на радыё, тэлебачанні як сцэнарыст і рэжысёр, выступаў з артыкуламі па пытаннях тэатр. мастацтва і драматургіі.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОНС ((Jones) Ініга) (15.7.1573, Лондан — 21.6.1652),

англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ. паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае тэорыю экстрэмуму (найбольшых ці найменшых значэнняў) функцыяналаў, залежных ад адной ці некалькіх функцый, падпарадкаваных пэўным абмежаванням. Узнікла ў 18 ст. на аснове прац. Л.Эйлера і Ж.Лагранжа як развіццё метадаў рашэння экстрэмальных задач механікі і фізікі. Першымі былі задачы аб брахістахроне, паверхнях вярчэння, знаходжанні геадэзічнай лініі і ізаперыметрычная задача (напр., знаходжанне замкнёнай плоскай лініі зададзенай даўжыні, якая абмяжоўвае найб. плошчу).

Варыяцыйнае злічэнне грунтуецца на паняцці варыяцыі (абагульненне паняцця дыферэнцыяла на выпадак функцыяналаў; адсюль назва). Гал. пытанні даследаванняў класічнага варыяцыйнага злічэння — умовы існавання і метады знаходжання экстрэмальных функцый, а таксама неабходныя і дастатковыя ўмовы, якія яны павінны задавальняць. Значны ўклад у распрацоўку і развіццё варыяцыйнага злічэння зрабілі А.Лежандр, К.Веерштрас, Д.Гільберт, ням. матэматыкі К.​Якобі, К.​Каратэадоры і інш. Абагульненнем задач класічнага варыяцыйнага злічэння з’яўляюцца задачы аптымальнага кіравання, даследаванні якіх пачаліся ў 1950-я г. (Л.​С.​Пантрагін, Р.​В.​Гамкрэлідзе, У.​Р.​Балцянскі), на Беларусі вядуцца з 1960-х г. (Р.​Габасаў і Ф.​М.​Кірылава).

Літ.:

Лаврентьев М.А., Люстерник Л.А. Курс вариационного исчисления. 2 изд. М.; Л., 1950;

Янг Л. Лекции по вариационному исчислению и теории оптимального управления: Пер. с англ. М., 1974.

В.​В.​Гарохавік.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

неадарвіні́зм

(ад неа- + дарвінізм)

1) тое, што і вейсманізм;

2) кірунак у эвалюцыйным вучэнні, які з’яўляецца спробай абнаўлення класічнага дарвінізму на аснове дапушчэння выключнай ролі натуральнага адбору ў эвалюцыі арганізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)