БАЛЬЗА́МЫ (ад грэч. balsamon араматычная смала),

натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.

Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс. т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.

Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЧА́ТКА,

паўвостраў на ПнУ Азіі, у Камчацкай вобл. Расіі. Абмываецца на З Ахоцкім м., на У — Ціхім ак. і Берынгавым м. Пл. 370 тыс. км². Працягласць з Пн—ПнУ на Пд—ПдУ 1200 км, шыр. да 450 км. Вузкім (да 100 км) перашыйкам Парапольскі дол злучаецца з мацерыком. Усх. бераг моцна парэзаны, утварае залівы (Краноцкі, Камчацкі, Азярной, Карагінскі, Корфа) і бухты (Авачынская, Карага, Acopa і інш.). Далёка ў мора выступаюць скалістыя п-авы — Шыпунскі, Краноцкі, Камчацкі, Азярной. Зах. бераг парэзаны слаба. У сярэдняй частцы К. з ПнУ на ПдЗ перасякаюць хрыбты Сярэдзінны (выш. 3621 м, вулкан Ічынская Сопка) і Усходні (выш. да 2485 м). Паміж імі Цэнтральнакамчацкая нізіна. На З К. — Заходне-Камчацкая нізіна, на У — платопадобнае ўзвышша з конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Усяго на К. больш за 160 вулканаў, з якіх дзейнічае 28 (найвыш. Ключаўская Сопка). Ёсць шмат гейзераў і мінер. крыніц. К. складзена пераважна з верхнемезазойскіх і кайназойскіх асадкавых і эфузіўных адкладаў. Карысныя выкапні: пемза, слюда, сера, вугаль, буд. матэрыялы, ртуць, нафта. Клімат марскі мусонны на ўзбярэжжы, унутры кантынентальны. Сярэдняя т-ра жн. 12 °C, лют. -13 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Сучаснае зледзяненне (пл. 874 км²), больш за 400 ледавікоў. Найбуйнейшыя рэкі: Камчатка, Авача, Вялікая і інш., паўнаводныя. Шмат азёр у кратэрах (Хангар і інш.) і кальдэрах (Краноцкае, Курыльскае і інш.). На Пн К. мохавая тундра. У цэнтр. частцы паўвострава і на У — тайга (даурская лістоўніца, саянская елка, піхта і інш.). На ўзвышшах зараснікі каменнай бярозы, на схілах гор кедравы сланік. У паніжэннях высакатраўе. На З шмат балот. Прамысл. звяры: собаль, ліс, выдра. Лоўля ціхаакіянскага селядца. кеты. гарбушы, камчацкага краба. На К. біясферны Краноцкі запаведнік. Найб. горад Петрапаўлаўск-Камчацкі. Гаспадарку гл. ў арт. Камчацкая вобласць.

Літ.:

Семенов В.И. В краю горячих источников. Петропавловск-Камчатский, 1988.

Ландшафт Камчаткі.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),

найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб. выш. г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл. Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл. Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.

Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс. км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).

Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 м субальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.

Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.

Літ.:

Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;

Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;

Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.

Г.​Я.​Рылюк.

Альпы.

т. 1, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс. км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс. выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ра лют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт. Сахалінская вобласць.

Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.​М.​Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.​Ф.​Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б. ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.

Літ.:

Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;

Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка); М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ),

Рэспубліка Саха (Якуція), Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на Пн Усх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс. км². Нас. 989 тыс. чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г. Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.

Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч. тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд. ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр. за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 мм за год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласах пашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст. н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г. рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст. рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых па паліт. матывах былі беларусы Р.​А.​Васільеў, А.​А.​Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа па р. Калыма І.​Дз.​Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-т РСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял. Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.​Я.​Нікалаеў, з 2002 — В.​А.​Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.

Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн. т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд. кВт∙гадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр. прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс. м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сць буд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс. т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш. Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр. ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства па Паўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.

Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.​Кулакоўскага, А.​Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як. сав. л-ры — П.​Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.​Эляй, А.​Абагінскі (Кудрын), А.​Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.​Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.​Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.​Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.​Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял. Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.​Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял. Айч. вайны (І.​Нікіфараў, Л.​Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.​Яфімаў, І.​Гогалеў). У 1960—90-я г. л-ра папоўнілася творамі П.​Табурокава, М.​Якуцкага, М.​Габышава, С.​Руфава, С.​Тарасава, А.​Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.​Вольскі, С.​Міхальчук, У.​Правасуд, Я.​Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.​Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст. пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.​Данілаў, В.​Пятроў, І.​Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.​Носава і І.​Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.​Раманаў, Г.​Туралысаў, П.​Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.​Осіпаў, М.​Лукін, В.​Пятроў, Л.​Габышаў, графікі Э.​Сіўцаў, В.​Васільеў, разьбяры па косці Дз.​Нікіфараў, І.​Мамаеў і інш.

Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як. нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як. нар. песні запісаў А.​Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб. як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.​Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.​Карнілаў, А.​Скрабін, М.​Жыркоў, З.​Вінакураў. На як. муз. мастацтва паўплывалі Г.​Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.​Жырковым), М.​Пяйко, Г.​Грыгаран, С.​Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.​Лабанаў, А.​Лыткіна, Н.​Шапялёва, А.​Ільіна, хар. дырыжор Ф.​Баішава, балерына А.​Сцяпанава. Працуюць Муз,драм. т-р імя П.​Айунскага, муз. т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.

Літ.:

Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;

Гоголев А.И. Историческая этнография якутов. Якутск, 1986;

Зыков Ф.М. Поселения, жилища и хозяйственные постройки якутов XIX—нач. XX в. Новосибирск, 1986.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Да арт. Саха (Якуція). Здабыча золата.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)