Туле́йкі ‘лыка для пляцення лапцяў’ (Растарг.). Параўн. укр. туле́йка ‘дэталь у возе (колца, што злучае вось з насадам)’ (Нікан., Трансп.), тулі́йки ‘дробнае пер’е ў курэй, якое цяжка выскубаць’; тулі́йка ‘ніжняя частка рога’; рус. туле́йка ‘верхняя частка лапаты, куды ўстаўляецца чаранок’, ‘унутраная частка шапкі’ (СРНГ), польск. tulejka, tuleja ‘трубка’, ‘лейка’, чэш. tulejka, tulajka ‘трубчатая частка прылады для ўстаўкі чаранка’, славац. tuľajka ‘абойма, насадка’, серб. ту́лајка ‘трубачка’, ‘жалезны абруч, які злучае часткі возу’, балг. туле́йка ‘частка сякеры, куды ўстаўляецца тапарышча’. Вытворнае ад прасл. *tulěja/*tulьja ‘трубка’, якое генетычна звязваецца з прасл. *tulъ ‘калчан’, *tuliti ‘гнуць, прыціскаць’, гл. тул2, туліць. У канкрэтным выпадку гутарка ідзе пра скрутак лыку ў выглядзе трубкі, параўн. в.-луж. tulawa ‘дудачка з вярбы’, славен. tuljávaкатушка, шпулька, цэўка’, ‘кароткая трубка’ і інш. (Махэк₂, 648; Борысь, 653; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401; Скок, 3, 520–521; Шустар-Шэўц, 1557; Бязлай, 4, 246; ЕСУМ, 5, 672).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАЛЮ́СКІ (Mollusca),

мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл. двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.

Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Фауна СССР. Моллюски. Т. 3, вып. 5. Л., 1980.

Т.М.Лаенка.

Малюскі: 1 — акантахітон; 2 — марское вушка; 3 — патэла чарнаморская; 4 — конус мармуровы; 5 — катушка-грэбень; 6 — фісурэла; 7 — японскі грабеньчык Фарэра; 8 — трыдакна гіганцкая; 9 — ракавіна татхерыі дзіўнай; 10 — ракавіна мурэкса пальма-розы.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)