ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ А́ЛЬПЫ (Australian Alps),
горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г.Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах. схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.Міцкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),
удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЧАК (Віктар Мацвеевіч) (22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),
бел. архітэктар і педагог. Засл.арх. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
польскі дзярж. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р права. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Студэнцкай лявіцы «Фронт» у Віленскім ун-це, якая знаходзілася пад уплывам КПЗБ і КПП, рэдактар (разам з Г.Дэмбінскім) і супрацоўнік яе двухтыднёвіка «Poprostu» («Папросту»), газ. «Karta» («Карта») у 1935—36. Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 асуджаны на 4 гады. З 1939 y СССР. У Вял.Айч. вайну адзін з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў у СССР і 1-й дывізіі імя Т.Касцюшкі. З 1944 працаваў у Польскім к-це нац. вызвалення. З 1945 у складзе ўрада ПНР, у 1968—74 міністр замежных спраў, фінансаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАЦЬ (Юзаф) (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),
бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).
Літ.:
Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСАК (Тадэвуш) (1741?, в. Заскаркі або Данева Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.11.1794),
дзяржаўны і вайск. дзеяч ВКЛ. З роду Корсакаў. Па пратэкцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1787 стаў віленскім земскім суддзёй. Быў адным з самых актыўных паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сейме 1788—92, дамагаўся стварэння асобнай для ВКЛ скарбовай і паліцэйскай адміністрацыі. У пач.паўстання 1794 у ВКЛ прыбыў у Вільню на чале некалькіх дзесяткаў узбр. сялян. У маі 1794 увайшоў у склад паўстанцкай парадкавай камісіі Віленскага ваяв. 19—20.7.1794 удзельнічаў у абароне Вільні разам з атрадам ген. Меена. 31.8.1794 атрымаў ад Т.Касцюшкі званне ген.-маёра. Загінуў пры абароне Прагі — прадмесця Варшавы. Пахаваны разам з Я.Ясінскім пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс.чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на З ад горада і 14 км ад чыг. ст. Крычаў, 95 км ад Магілёва. 415 ж., 131 двор (1998).
Вядома з 1560 як дзярж. сяло ў Крычаўскай вол.ВКЛ. У 1604 сяло Касцюшкі ў Крычаўскім старостве. З 1772 у Рас. імперыі, у Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1827 мястэчка, 152 ж. У 1897 сяло ў Крычаўскай вол., 186 ж., 44 двары. У 1908 адкрыта земская школа. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1925 цэнтр сельсавета Крычаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў вер. 1943 спалілі вёску. У 1971—276 ж., 91 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.