ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанатысідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЗІ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць медзь. Найб. пашыраныя злучэнні адна- і двухвалентнай медзі: медзі аксіды і солі мінер., а таксама некаторых карбонавых кіслот. Солі аднавалентнай медзі бясколерныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, лёгка акісляюцца; двухвалентнай — раствараюцца ў вадзе, растворы маюць блакітны колер, які абумоўлены ўтварэннем аквакатыёнаў [Cu(H2O)4]​2+. Солі ўтвараюць устойлівыя комплексныя злучэнні з шэрагам малекул і іонаў (напр., аміякаты).

Медзі (II) ацэтату монагідрат, ці мядзянка (CH3COO)2Cu∙H2O — цёмна-зялёныя крышталі. Выкарыстоўваюць як фунгіцыд, пігмент для керамікі, каталізатар полімерызацыі (напр., стыролу), стабілізатар штучных валокнаў. Медзі (II) карбанаты ўтвараюцца пры абменных рэакцыях у водных растворах паміж солямі Cu (II) і карбанатамі інш. металаў; з раствору ў залежнасці ад т-ры і канцэнтрацыі рэагентаў вылучаюцца нерастваральныя асноўныя, ці гідроксакарбанаты: дыгідроксакарбанат CuCO3∙Cu(OH)2 або Cu2(OH)2CO3 (у прыродзе мінерал малахіт) і дыгідроксадыкарбанат 2CuCO3∙Cu(OH)2 або Cu3(OH)2(CO3), (мінерал азурыт). Сярэдні карбанат медзі CuCO3 атрымліваюць апрацоўкай асн. карбанатаў дыаксідам вугляроду пад ціскам пры т-ры 180 °C. Медзі (II) сульфат CuSO4 — бясколерныя крышталі, tпл 200 °C, пры награванні (каля 650 °C) раскладаюцца. Утварае шэраг гідратаў, найважнейшы — пентагідрат, ці медны купарвас CuSO4∙5H2O — сінія крышталі, абязводжваюцца пры т-ры 250 °C. У прыродзе — мінерал халькантыт. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем медзі ці яе аксіду CuO з сернай к-той, абпалам сульфідаў медзі ў прысутнасці кіслароду. Выкарыстоўваюць як пігмент у фарбах, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін і для пратручвання зерня (гл. Медныя ўгнаенні), для вырабу скуры, у гальванатэхніцы і інш. Медзі сульфіды: сульфід медзі (I), ці гемісульфід Cu2S і сульфід медзі (II), ці монасульфід CuS. Чорныя крышталі, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў азотнай кіслаце. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў хальказіну (Cu2S) і кавеліну (CuS). Усе М.з. атрутныя: раздражняюць слізістыя абалонкі, пашкоджваюць страўнікава-кішачны тракт, выклікаюць млоснасць, ірвоту, захворванне печані і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 10, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ, нярудныя карысныя выкапні,

група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).

Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд. т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн. т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн. т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн. т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн. т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн. т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд. т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн. м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд. м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд. м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн. м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн. м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс. т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.

Я.​А.​Ільін.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)