яра́нга

(чукоц. jarany)

пераноснае круглае жыллё народаў Поўначы, сцены і канічны дах якога складаюцца з драўлянага каркаса, пакрытага аленевымі шкурамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбан ’пасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колб ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкой ’з лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАДЗІ́ННІК,

прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл. Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл. Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл. Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.

Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз. гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э. грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл. Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл. Маятнік) і балансірным (1675, гл. Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10​-1, 10​-4, 10​-8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.

На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл. Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл. Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА «Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.

Літ.:

Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;

Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;

Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;

Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.

У.М.Сацута.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)