ВІЛЬЁМ, Віём (Vuillaume) Жан Батыст (7.10.1798, г. Мірэкур, Францыя — 19.3.1875), французскі майстар смычковых інструментаў. У 1828 адкрыў у Парыжы ўласную майстэрню, дзе з 1835 вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі паводле ўзораў А.Страдывары, Дж.Гварнеры дэль Джэзу і інш., з 1865 — інструменты ўласных мадэлей; вырабляў і смычкі. Яму належаць некалькі эксперым. інструментаў: актабас (вял. кантрабас, даўж. 345 см), кантральта (альт, 413 мм, амаль удвая шырэйшы за звычайны). У 1867 вынайшаў мех. педаль-сурдзіну (прымацоўвалася да падгрыфка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНА (Варвара Васілеўна) (1872, Масква — 10.6.1911),
расійская эстрадная спявачка (кантральта), выканальніца гар. бытавых рамансаў і цыганскіх песень. Па паходжанні цыганка. Мела голас густога груднога тэмбру, які надаваў яе спевам асаблівую рамант. ўзнёсласць і страснасць. З 1886 выступала ў цыганскім хоры, кіравала ўласным хорам. У 1900-я г. як канцэртная спявачка выступала ў Маскве і Пецярбургу. Яе рэпертуар уключаў старадаўнія песні на вершы паэтаў-класікаў. Захавалася каля 40 грамзапісаў у яе выкананні.
Літ.:
Нестьев И.В. Звезды русской эстрады. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЁВА (дзявочае Папрыц) Яўгенія Эдуардаўна
(9.1.1854, г. Брэст — 24.1.1919),
руская муз. фалькларыстка, спявачка (кантральта), харавы дырыжор. Вучылася ў Пецярбургскай кансерваторыі і ў Вене. Выступала на оперных сцэнах Еўропы, у 1882—83 у Вял. т-ры ў Маскве. У 1890—96 у эміграцыі, арганізоўвала рус. хары, прапагандавала нар. і класічную музыку. У 1897—1914 збірала і публікавала песні народаў Расіі; упершыню выкарыстала ў экспедыцыі фанограф. Выдала шэраг муз.-этнагр. зборнікаў. Метадалагічнае значэнне маюць даследаванні ў галіне нар. шматгалосся і выканальніцтва. Удзельнічала ў стварэнні Музычна-этнаграфічнай камісіі і першай у Расіі нар. кансерваторыі (1906) у Маскве, дзе выкладала да канца жыцця.
Літ.:
Канн-Новикова Е.И. Собирательница русских народных песен Евгения Линева. М., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн.псеўд.Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),
расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.Вагнера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВЫ,
рас. спевакі; муж і жонка, Восіп Апанасавіч (15.11.1807, г. Кіраваград, Украіна — 11.3.1878), бас. У юнацтве спяваў у царк. хоры. З 1826 выступаў у розных правінцыяльных трупах. З 1830 у Пецярбургу. Спяваў на сцэнах Вялікага т-ра, Тэатра-цырка. З 1860 у Марыінскім т-ры. Адзін са стваральнікаў рас.рэаліст. опернай школы. Яго голас вылучаўся моцным гучаннем, шырынёй дыяпазону, багаццем фарбаў, што спрыяла стварэнню разнастайных вобразаў. Першы выканаўца партый Сусаніна і Руслана («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі, абедзве партыі прызначаны для П.), Мельніка («Русалка» А.Даргамыжскага), Івана Грознага («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Варлаама («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага); выконваў партыі ў операх зах.-еўрап. кампазітараў. Быў тонкім інтэрпрэтатарам рамансаў Глінкі, Даргамыжскага, Мусаргскага і інш.Ганна Якаўлеўна (14.2.1818, С.-Пецярбург — 26.4.1901), кантральта. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. Брала ўрокі ў Глінкі. У 1835—46 салістка Пецярбургскага опернага т-ра. Разам з мужам спрыяла станаўленню рэаліст.рас. опернага мастацтва. Валодала паўнагучным, аксамітным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, і каларатурнай тэхнікай. Першая выканаўца партый Вані і Ратміра (оперы «Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» Глінкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАС,
1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес.муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.
2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.
3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.
4) Матыў, мелодыя песні.
Літ.:
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;